Быў такі віцебскі губернатар, які... накладваў на твар грым, пераапранаўся ў прасталюдзіна і хадзіў па «крымінальных месцах». Рабіў гэта, каб падслухоўваць размовы зладзеяў, якія збіраліся парушыць закон. А іншы губернатар у Віцебску — адзін з двух на ўсю Расійскую імперыю... адмовіўся ад хабару! Дзіўна, што імператар не падзякаваў яму за гэта, а наадварот, чамусьці засумняваўся ў яго лаяльнасці...
Іна Абрамава, гісторык і краязнаўца, ужо больш як 20 гадоў вывучае вельмі цікавую тэму — «Віцебскія губернатары: чыноўнікі і мецэнаты». Вельмі цікавыя факты яна збірае ў архівах, вядзе перапіску з «карыснымі носьбітамі», якія жывуць за мяжой.
Першы фантан — каля губернатарскага палаца
— За час існавання генерал-губернатарства і губернатарства на тэрыторыі сучаснай Віцебшчыны гэтыя пасады займалі 37 персон. Звычайна яны прызначаліся на пасаду на тэрмін не больш як 5 гадоў. Па традыцыі, губернатараў, калі яны, вядома, спраўна служылі, пераводзілі на аналагічныя пасады ў іншыя губерні. Таму не дзіўна, што губернатары да працы ў Віцебску або потым кіравалі ўладай у Саратаве, Пскове, іншых гарадах імперыі, — расказвае гісторык.
Яна нагадала, што Віцебск стаў цэнтрам аднайменнай губерні толькі ў 1802 годзе. Цудам да нашых дзён захаваўся палац, дзе жылі і працавалі губернатары.
— Перад тым як расказваць аб губернатарах, безумоўна, трэба ўспомніць гісторыю губернатарскага палаца. Дакладнай даты пачатку яго будаўніцтва я не знайшла. Але можна выказаць здагадку, што гэтая пабудова ў стылі ампір адносіцца да канца ХVІІІ стагоддзя. Першапачатковага плана будынка няма. Затое знайшлося апісанне ў мінскім архіве: дзе і якія пакоі размяшчаліся. Напрыклад, на першым паверсе спачатку было 10 пакояў, а потым 13. Першыя два паверхі — для канцылярыі губернатараў, а трэці паверх — жылыя памяшканні: спальні, дзіцячыя, класны пакой... Прыходзячы на сваю пасаду, многія наваспечаныя губернатары загадвалі рабіць перапланіроўку жылых памяшканняў, каб ім жылося ўтульней... Сярод іншага знайшла і ўнікальную паштоўку — з выявай фантана каля палаца, дарэчы, першага ў горадзе. Былі часы, калі ля губернатарскага палаца кіпела гарадское жыццё — з гуляннямі, выступленнем артыстаў і духавога аркестра. А вось фота, на якім фрагмент таго, як капаюць зямлю для ўстаноўкі насупраць палаца помніка героям вайны 1812 года, — паказвае Іна Абрамава. Помнік, дарэчы, захаваўся да нашых дзён.
У 1917-м у палацы размясціўся камітэт віцебскай арганізацыі РСДРП (б). У гады Лютаўскай рэвалюцыі тут засядаў савет дэпутатаў. (І менавіта таму сквер побач з палацам атрымаў назву Дэпутацкі. Была ў Віцебску і вуліца Дэпутацкая). У гады Вялікай Айчыннай будынак значна пацярпеў. У даведцы аб разбурэнні помнікаў архітэктуры Беларусі гаворыцца, што ад палаца засталіся толькі сцены, а столь і падлога знішчаны. Абсыпалася тынкоўка ўнутраных сцен, знішчаны багатая лепка, скульптурныя ўпрыгажэнні палаца.
Ці вернуць бюсты, зробленыя Шубіным?
Паводле слоў гісторыка, першыя генерал-губернатары ў Віцебску не жылі. І толькі ў 1803 годзе Іван Іванавіч Міхельсон пасяліўся ў палацы. Ён за падаўленне паўстання Пугачова атрымаў невялікі маёнтак недалёка ад Віцебска. Па ўспамінах сучаснікаў, генерал-губернатар быў вельмі добрым чалавекам. Цікава, што вядомы скульптар Шубін зрабіў бюсты генерал-губернатара і яго жонкі. І яны захаваліся да нашых дзён — праўда, не ў Віцебску. Пасля рэвалюцыі ад кіраўніцтва Рускага музея ў Віцебск прыйшоў ліст з просьбай, каб на часовае захоўванне былі адпраўлены тыя творы. Пра гэта ёсць даведка ў Віцебскім абласным архіве. Але бюсты так і не вярнулі. Вядома, што Пушкін, калі працаваў над гісторыяй бунту Пугачова, пісаў пра Міхельсона.
Вельмі цікава Іна Абрамава расказвае аб «акупацыйным» генерал-губернатары. У 1812-м Напалеон прызначыў губернатарам маркіза дэ Пастарэ. Малады афіцэр, як і многія французы пры Напалеоне, рабіў кар'еру. Калі стаў губернатарам, спрабаваў ажывіць эканоміку горада. Яго маці была першай францужанкай, якая спрыяла з'яўленню сістэмы дашкольнай адукацыі. І ў парыжскім сенаце да гэтага часу можна ўбачыць яе бюст — у якасці ўдзячнасці за тое, што яна зрабіла для Францыі. А сам дэ Пастарэ вядомы сваімі ўспамінамі пра вайну і не толькі.
Іван Сцяпанавіч Жыркевіч у 1836-м стаў губернатарам у Віцебску і на гэтай пасадзе прымаў значны ўдзел у справе далучэння да праваслаўнай царквы ўніятаў. Пасля таго, як выйшаў у адстаўку, у 1838 годзе, заняўся літаратурнай дзейнасцю. Напісаў цікава і пра падзеі вайны 1812 года, у якой браў удзел, вельмі падрабязныя звесткі аб першапачатковай гісторыі ўз'яднання ўніятаў.
Генерал-губернатар Радзішчаў стаў кіраваць губерняй у 1847 годзе і атрымаў усерасійскую вядомасць тым, што падчас праведзенай па волі цара таемнай місіі па дачы хабару ўсім губернатарам, грошы не ўзяў. Як і адэскі губернатар. Астатнія губернатары не адмовіліся ад грошай. Імператар выклікаў Радзішчава да сябе на аўдыенцыю і спытаў: «Зразумела, што адэскі губернатар не ўзяў — у яго і так усё ёсць. А ты чаму не ўзяў?». Проста быў сумленным чалавекам. Можа, таму і пратрымаўся на губернатарскай пасадзе менш за год?
«Хто? Куды? Навошта?»
Уладзімір Мікалаевіч Вяроўкін, удзельнік Крымскай вайны, у маі 1863 года атрымаў званне генерал-маёра і быў прызначаны віцебскім генерал-губернатарам. І гэтую пасаду займаў да канца 1867 года. Вяроўкін дастойны таго, каб пра яго памяталі, пра што сведчаць многія цікавыя факты з яго губернатарскай дзейнасці. Напрыклад, да яго губернатарства ў Віцебску пастаянна адбываліся вялікія пажары, а прычыну іх ніяк не ўдавалася ўстанавіць. Тады ён запрасіў казакоў навесці парадак. Казакі спынялі сустрэчных, асабліва часта ў начны час, і пыталі: «Хто? Куды? Навошта?» І тых, хто «не ўнушаў даверу», адпраўлялі ў дзяжурную часць. У выніку пажараў хутка больш не было...
— Гэты губернатар заахвочваў гулянні на губернатарскім бульвары, на якім быў устаноўлены павільён з буфетам. Потым павільён пераўтвораны ў бібліятэку дзіцячага прытулку. У цаглянай Пакроўскай царкве, пабудаванай пад яго патранажам каля старой віцебскай царквы, якая разбурылася, былі абразы, якія напісала або аднавіла яго жонка. Пры яго праўленні асабліва пышна адзначаліся царскія юбілеі, дні каранацыі. Ілюмінацыя падчас тых свят была вельмі шыкоўная. Дагэтуль такога раней не было. Ён пасля службы ў Віцебску быў камендантам Петрапаўлаўскай крэпасці. Там і пахаваны.
У 1867 годзе Павел Паўлавіч Касагоўскі «пераняў губернатарскую эстафету» ў Вяроўкіна. Сучаснікі расказвалі адзін аднаму, што губернатар грыміраваўся і пераапранаўся, каб хадзіць у месцы, дзе збіраліся зладзеі. Прадухіляў такім чынам многія злачынствы. Павел Паўлавіч вельмі актыўна займаўся азеляненнем горада. Ён ініцыяваў будаўніцтва дамбаў цераз віцебскія ручаі... Удзячныя гараджане прысвоілі яму званне «Ганаровы грамадзянін Віцебска». Потым ён у Адэсе працаваў...
Губернатар Растоўцаў быў 13 гадоў на гэтай пасадзе. Па поглядах сваіх лічыўся дэмакратам. Узвёў будынак дваранскага сходу, мужчынскую гімназію, спрыяў тэатру. Мост цераз раку Віцьба загадаў пабудаваць (на яго месцы цяпер знаходзіцца Пушкінскі мост). Царква загадам губернатара была пабудавана пры дзіцячым прытулку. Па яго ініцыятыве былі заснаваны спецыяльныя стыпендыі для гімназістаў і пастаянны тэатр. Гісторык настроены працягнуць сваю даследчыцкую працу. Было б добра, каб была надрукавана кніга пра губернатараў Віцебшчыны. І, безумоўна, быў бы вельмі цікавым тэматычны «губернатарскі» турыстычны маршрут. Дарэчы, па ініцыятыве цяперашняга губернатара Аляксандра Косінца запланавана рэканструкцыя ў скверы каля губернатарскага палаца. У апошнім задумалі размясціць музейную экспазіцыю.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.
«Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым».
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?