Пасланне Прэзiдэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу працягвалася каля чатырох гадзiн. Кiраўнiк дзяржавы закрануў шырокае кола тэм, якiя тычацца як сiтуацыi ў краiне, так i замежных падзей.
Галоўная каштоўнасць — адзінства і незалежнасць краіны
1
Перш за ўсё Прэзідэнт падкрэсліў важнасць захавання незалежнасці Беларусі і падтрымання адзінства народа. «Я звяртаюся да вас у няпросты час. Дзяржавы вакол нас прыйшлі ў рух. Бурліць Украіна, у поўны гістарычны рост спрабуе ўстаць Расія. На нашых вачах разбураюцца старыя межы. І ўпершыню за шмат гадоў у Еўропе зноў пацягнула дымком ад выбухаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Прэзідэнт, постсавецкі перыяд скончыўся, пачынаецца новая эпоха, і якой яна стане, не ведае, на жаль, ніхто. «На шчасце, унутры нашай краіны спакойна. І на міжнароднай арэне мы па-ранейшаму выступаем у ролі адказнага і надзейнага партнёра, які хоча ўсім народам міру і дабра. Мы не ўцягнуты ў знешнія канфлікты, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І ўсё ж нам ёсць пра што хвалявацца. Мы жывём не на закінутым востраве ў акіяне. Любыя геапалітычныя катаклізмы, асабліва ва Усходняй Еўропе, абавязкова закрануць і нас».
«У гэтай сітуацыі мы павінны любымі сродкамі адстаяць галоўную нашу каштоўнасць — незалежнасць краіны, святое права жыць на сваёй зямлі і самім распараджацца сваім лёсам», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Па словах кіраўніка дзяржавы, для гэтага неабходны як мінімум тры рэчы: адзінства народа Беларусі; атрыманне ўрокаў са сваіх памылак і памылак суседзяў; ясны праект будучыні Беларусі, здольны натхніць і аб'яднаць як старэйшае, так і маладое пакаленне краіны.
«Пра адзінства народа мы гаворым часта. І гэта не рытуальныя словы. Яшчэ старажытная Біблія вучыла: «Дом, які раздзяліўся ў сабе, не ўстаіць». Сёння гісторыя дэманструе нам трагічнае пацвярджэнне гэтай тысячагадовай мудрасці», — заўважыў Прэзідэнт.
«Мы, беларусы, не хочам і не павінны дапусціць расколу грамадства. Наша незалежнасць і маладая дзяржаўнасць раздражняюць, вядома ж, многіх. І калі ў нашым адзінстве з'явіцца расколіна, абавязкова знойдуцца ахвотныя гэтым скарыстацца», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Наш курс выпрацаваны ўсім грамадствам — маладымі і старэйшымі пакаленнямі, рабочымі і сялянамі, прадпрымальнікамі і інтэлігенцыяй, прыхільнікамі ўлады і яе крытыкамі. Усімі, хто не абыякавы да Айчыны і хто любіць Беларусь. І калі мы і далей захаваем галоўную каштоўнасць — наша адзінства, то Беларусь уратуе незалежнасць і працягне свой упэўнены шлях у будучыню, — упэўнены Прэзідэнт. — Менавіта дзякуючы адзінству мы абралі свой шлях у эканоміцы — шлях здаровага сэнсу і справядлівасці. Мы не далі расцягнуць уласнасць, не далі падзяліць грамадства на жабракоў і багацеяў, абаранілі і падтрымалі чалавека працы. У нас не гараць барыкады, не разбураюць будынкі, не рабуюць і не забіваюць людзей сярод белага дня».
Нам патрэбна краіна з разнастайнасцю ідэй і поглядаў
«Адзінства народа не азначае аднадумнасці. Нам не трэба шэрае грамадства — пакорлівае і абыякавае да ўсяго. Такое грамадства — без каштоўнасцяў, без каранёў, без веры ў сябе — лёгка стане здабычай варожых сіл як унутраных, так і знешніх», — адзначыў Прэзідэнт.
«Нам патрэбна жывая краіна з разнастайнасцю ідэй і поглядаў, з актыўнай пазіцыяй усіх яе грамадзян. Толькі тады мы выстаім у любую буру», — падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сёння не толькі Беларусь, але і ўся Еўропа знаходзіцца на пераломе гістарычных эпох. «Кожная дзяржава павінна даць адказ на выклік часу. Якім будзе наш адказ, залежыць не толькі ад улады, ад Прэзідэнта, але і ад кожнага з нас», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. «Шчыры, сумленны грамадскі дыялог — гэта самая надзейная гарантыя ад расколу і смуты», — дадаў Прэзідэнт.
«Сёння я звяртаюся не толькі да тых, хто падтрымлівае дзейную ўладу (а такіх, як паказалі мясцовыя выбары, абсалютная, пераважная большасць насельніцтва). Я хачу звярнуцца і да тых, хто па розных прычынах крытычна ставіцца да ўлады, — сказаў Прэзідэнт. — Глыбока перакананы: у грамадстве павінна быць памяркоўнасць да разнастайнасці поглядаў, дыскусіі і крытыкі, і адначасова — абсалютнае непрыманне гвалту, нянавісці і рэвалюцый».
«Мы прымаем любую апазіцыю, якая дзейнічае ў рамках закону. Мы ўважлівыя да любой крытыкі, прадыктаванай шчырым болем за краіну, а не знешняй змовай. Мы адкрытыя для любога дыялогу, калі яго мэтай з'яўляецца карысць Беларусі, а не прыватныя, тым больш замежныя, інтарэсы», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Скажу больш. Улада гатова да кіраванай, паступовай і прадыктаванай жыццём эвалюцыі. Але мы катэгарычна не прымаем рэвалюцыю. Я супраць разбурэння да асновы, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Кожны, хто заклікае да бунту, — гэта вораг не толькі ўлады, Прэзідэнта. Гэта ў першую чаргу вораг нашай краіны, нашага народа. Гэта вораг нашага адзінства, а такім чынам, і незалежнасці Беларусі».
«Такі радыкалізм будзе задушаны на самым корані. Мы не будзем даводзіць справу да правакацый і сутыкненняў. Любы заклік да перавароту, смуты, любая прапаганда гвалту будуць жорстка знішчаны ў зародку. І я абсалютна ўпэўнены, што ў гэтай справе ўладзе будзе падтрымка ўсяго народа. І не толькі нашага», — заявіў Прэзідэнт.
«Ні наш народ, ні гісторыя не даруюць тым, хто дзеля ўласнай выгады паспрабуе пасеяць смуту і раскалоць грамадства на карысць знешнім нядобразычліўцам», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Знешняя палітыка — на службе дабрабыту грамадзян
«Не маючы глабальных амбіцый, Беларусь падпарадкавала сваю знешнюю палітыку простай і зразумелай мэце — павышэнню дабрабыту нашых грамадзян», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што 2014 год з'яўляецца ключавым у пытаннях эканамічнай інтэграцыі Беларусі, Казахстана і Расіі і, магчыма, іншых краін — партнёраў па
ЕўрАзЭС і СНД. «Перад намі стаіць задача замацаваць і пашырыць выгады інтэграцыі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, прыярытэтнай задачай беларускай знешняй палітыкі з'яўляецца захаванне і ўмацаванне стратэгічнага партнёрства з гістарычным саюзнікам — Расіяй. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што такі падыход заканамерны і выцякае з самой сутнасці інтэграцыі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь сумесна з Расіяй рэалізуе сёння «самыя знакавыя праекты, у тым ліку ў гісторыі нашай краіны», у прыватнасці, будуецца Беларуская атамная электрастанцыя, праводзіцца мадэрнізацыя ВПК. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на важнасць супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь будзе далей развіваць і паглыбляць адносіны з КНР. «Калісьці я вам казаў, што прыйдуць часы, калі без Кітая немагчыма будзе вырашыць ніводнае пытанне ў свеце. Гэтыя часы наступілі. І мы павінны ганарыцца, што мы ў свой час, калі Кітай яшчэ не быў супердзяржавай, пачалі самым цесным чынам супрацоўнічаць з гэтай дзяржавай. І Кітай ідзе нам насустрач. Асабліва ў грашовых рэсурсах, крэдытаванні нашых праектаў на тэрыторыі Беларусі. Трэба толькі разумна гэтым распараджацца», — адзначыў Прэзідэнт.
Паводле слоў беларускага лідара, безумоўным знешнепалітычным прыярытэтам для краіны застаецца велізарны Азія-
цкі рэгіён. Акрамя Кітайскай Народнай Рэспублікі, Беларусь наладжвае цесныя адносіны з Паўднёвай Карэяй, Індыяй, Інданэзіяй, Сінгапурам, Аўстраліяй.
Умацоўваецца лацінаамерыканскі вектар. Акрамя Венесуэлы, Беларусь сёння развівае партнёрскія адносіны з Эквадорам, Балівіяй, Кубай, Нікарагуа.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь спрабуе «вельмі асцярожна, акуратна прасоўвацца і ў афрыканскім кірунку».
«Нам шмат не трэба. Нам трэба роўна столькі, каб наш народ нармальна жыў, і пад гэта мы будзем вярстаць сваю знешнюю палітыку», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Спакойная, нацэленая на раўнапраўнае супрацоўніцтва і ўзаемную выгаду знешняя палітыка Беларусі — залог таго, што кола нашых партнёраў працягне пашырацца, а беларускі народ будзе атрымліваць ад гэтага ўсё больш важкую аддачу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Для развіцця супрацоўніцтва ад урада я чакаю заключэння пагадненняў аб свабодным гандлі, заснаваных на інтарэсах нашай краіны», — сказаў Прэзідэнт.
«Жыць мы, грамадзяне Беларусі, будзем на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве. Жыць у міры і дружбе з суседзямі, уступаючы ў любы саюз толькі на роўных, толькі добраахвотна і толькі на карысць нашага народа», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Занадта доўгім быў наш гістарычны шлях да незалежнасці. Занадта шмат крыві і слёз пралілі нашы дзяды і прадзеды, змагаючыся са шматлікімі прыгнятальнікамі за права свабодна жыць на сваёй зямлі і самім вызначаць свой лёс», — адзначыў Прэзідэнт.
«Таму гэта права для нас з'яўляецца велізарнай, вечнай каштоўнасцю, і, каб адстаяць яго, уся нацыя павінна быць адзінай», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Расія — стратэгічны саюзнік
«Расійская Федэрацыя заўсёды была і застаецца нашым стратэгічным саюзнікам. Там жывуць не толькі рускія. Гэта нашы браты, якія да нас выдатна ставяцца. І страціць гэтую дадзенасць беларусам было б недаравальна», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Так будзе і надалей. Вялікая руская мова будзе свабодна развівацца ў Беларусі — гэтак жа, як і наша матчына родная беларуская мова, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Калі мы страцім рускую мову, мы пазбавімся розуму, калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй».
«Рускі чалавек гэтак жа, як украінец, паляк, яўрэй, татарын, прадстаўнікі іншых вер і нацыянальнасцяў будзе адчуваць сябе ў Беларусі, як дома, таму што Беларусь — гэта і ёсць іх дом, дом усіх грамадзян нашай дзяржавы, незалежна ад іх веры і крыві», — запэўніў Прэзідэнт.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, сёння з'явіліся дзіўныя развагі пра тое, што ў Беларусі «дзесьці нібыта пачынаюць заціскаць ці то рускіх, ці то рускую мову». «Вядома, большае глупства прыдумаць складана», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Скажу прама — няма ніводнай краіны ў свеце, дзе б так беражліва ставіліся да вялікай рускай мовы і вялікай рускай культуры. Я маю на ўвазе ў тым ліку Расію. Мы зрабілі рускую дзяржаўнай мовай яшчэ ў тыя гады, калі прыніжэнне той жа Расіі і рускіх было нормай на постсавецкай прасторы (я ўжо не кажу пра Захад), а словы «інтэграцыя», «братэрства» баяліся нават прамаўляць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Больш за тое, мы лічым (і я шмат разоў пра гэта казаў), што руская мова — гэта агульны набытак перш за ўсё трох брацкіх народаў: украінцаў, беларусаў, расіян. Ды і іншых народаў, з якімі мы жылі ў адной краіне», — упэўнены Прэзідэнт.
«Гэтым самым яшчэ раз хачу падкрэсліць для тых, хто спрабуе «прыватызаваць» рускую мову. Яна наша. Яна не расійская і не ўкраінская. Яна наша. Гэта жывы набытак у тым ліку беларусаў, — падкрэсліў беларускі лідар. — Як падзяліць, напрыклад, паміж намі і Расіяй геніяльнага Дастаеўскага, чый род паходзіць з Беларусі? А як вызначыць, каму — Украіне ці Расіі — належыць Мікалай Васільевіч Гогаль? Думаю, сама пастаноўка пытання абсурдная».
«Тры нашы народы аб'яднаныя агульнай гістарычнай памяццю, агульнымі вялікімі перамогамі, агульнай праваслаўнай духоўнай традыцыяй. Нашай калыскай была Кіеўская Русь — магутная і гордая еўрапейская дзяржава са сталіцай на Дняпры, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Так распарадзілася гісторыя, што з агульнай духоўнай праваслаўнай калыскі, са Святой Русі, выраслі тры брацкія, але самабытныя народы, кожны з якіх сёння будуе сваю дзяржаву».
«Мы не прарасійскія, не праўкраінскія і не прапольскія. Мы — не рускія, мы — беларускія! Наша краіна — Белая Русь. Краіна, дзе жывуць і рускія, і ўкраінцы, і літоўцы, і палякі, і яўрэі, і татары, і многія іншыя. Гэта дзеці Белай Русі, грамадзяне адной краіны — Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Мы заці
каўлены ў стабільнай, квітнеючай, адзінай Украіне
«Мы будзем супрацоўнічаць з нашай Украінай, як бы ні было цяжка», — адзначыў Прэзідэнт.
«Беларусь як бліжэйшая суседка вельмі зацікаўлена ў стабільнай квітнеючай адзінай Украіне і гатова ўсяляк гэтаму спрыяць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь праводзіць паслядоўную палітыку па развіцці інтэграцыйнага супрацоўніцтва на прасторы СНД. За час старшынства ў Садружнасці ў 2013 годзе было праведзена 70 значных мерапрыемстваў. «І калі сёння Украіна адмовілася ад старшынства, мы прынялі на сябе гэтую ролю, і мы выканаем гэтыя абавязацельствы як след, таму што тут стваралася СНД, тут штаб-кватэра і таму што мы — народ, які прыхільнік больш за іншых, прабачце за нясціпласць, інтэграцыі», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь будзе працягваць развіваць адносіны з Казахстанам, Туркменістанам, Азербайджанам і іншымі рэспублікамі.
Прэзідэнт перакананы, што Расія не жадае вайны ва Украіне. «Я абсалютна перакананы, што Расіі там вайна не патрэбна. Я ведаю, якія мэты пераследуе Расія. Яна мае на мэце абарону не толькі сябе, сваіх інтарэсаў, а ў тым ліку і нашых, калі гаворыць пра тое, што Украіна павінна быць пазаблокавай. Там не павінна быць ніякіх чужых узброеных сіл. Вы ведаеце, якіх узброеных сіл. Гэта дрэнна нам, гэта дрэнна і Расіі», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў: «Мы вельмі перажываем за тое, што адбываецца ва Украіне. Я гэта кажу, паверце, шчыра і, можа быць, не як Прэзідэнт, а больш нават як чалавек». Ён нагадаў пра сваю нядаўнюю сустрэчу з в.а. Прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым: «Ён толькі станоўчыя эмоцыі ў мяне выклікае, таму што я з ім знаёмы не першы год. У часы Юшчанкі яны прыязджалі. Нармальнае ўражанне, вельмі сумленны і прыстойны чалавек, рэлігійны, напісаў дзясяткі кніг, абараніў доктарскую дысертацыю не за грошы. Так, ён празмерна нацыяналістычны. Больш, чым я і нават вы разам узятыя, ну дык людзі ж розныя. Ён праўкраінскі абсалютна. Часам недзе рэзка можа выказвацца, але гэта не абсалютнае зло для Расіі, для нас», — адзначыў Прэзідэнт.
Закранаючы тэму сустрэчы з Турчынавым, Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, яшчэ раз пацвердзіў, што Беларусь не збіраецца ўдзельнічаць ні ў якой ваеннай агрэсіі супраць Украіны: «На танку ў Кіеве вы мяне не ўбачыце, гэта я вам гарантую».
Акрамя таго, выступаючы перад парламентарыямі па ўкраінскім пытанні, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Мы павінны дапамагчы гэтаму народу ўсім, чым можам. Падкрэсліваю: калі для гэтага трэба паехаць ва Украіну, і там мы будзем бачыць, што мы нешта зможам зрабіць, мы гэта зробім». Ён таксама падкрэсліў, звяртаючыся да дэпутатаў і сенатараў: «Вам за мяне, за маю пазіцыю сорамна не будзе. Не таму, што я вялікі, а таму, што я занадта залежны ад народа, ад вас. І я не магу падвесці свой народ. Гэта мая прынцыповая пазіцыя, у тым ліку і па Украіне, зыходзячы з гэтага».
Прагматычнасць, паслядоўнасць і прадказальнасць на заходнім кірунку
«Нягледзячы на ўсе палітычныя рознагалоссі, мы ніколі не чынілі перашкод замежнаму бізнесу, не перашкаджалі гандлю з інвестыцыямі», — адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што, да прыкладу, для Латвіі, Літвы, Польшчы выгады ад супрацоўніцтва з Беларуссю часам значна большыя, чым ад краін — членаў ЕС.
«Спадзяёмся, што скрозь заслону негатыўнага вобразу Беларусі, які насаджаецца асобнымі палітыкамі, нашы партнёры ў Еўрасаюзе ўсё ж здолеюць зразумець важнасць нармалізацыі адносін і разгледзець перспектывы выбудоўвання доўгатэрміновых адносін», — сказаў Прэзідэнт, дадаўшы, што тое ж тычыцца і ЗША. «Рассекшы гордзіеў вузел назапашаных праблем, мы адкрыем з імі нявыкарыстаныя гарызонты ўзаемадзеяння, перш за ўсё ў эканамічнай і інвестыцыйнай сферах», — лічыць Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларускую палітыку на заходнім напрамку характарызуюць прагматычнасць, паслядоўнасць і прадказальнасць.
«Мы будзем выбудоўваць нармальныя адносіны з Еўрапейскім саюзам, Злучанымі Штатамі Амерыкі, таму што гэта цывілізаваны, вельмі развіты рынак, гэта багатыя, тэхналагічна высокага ўзроўню дзяржавы, і мы будзем з імі супрацоўнічаць. Ахвотныя, хто хоча прыехаць і інвеставаць у нашу эканоміку, — сардэчна запрашаем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, узаемныя інтарэсы з дзяржавамі — членамі Еўрапейскага саюза заснаваныя перш за ўсё на эканамічным супрацоўніцтве і барацьбе з транснацыянальнымі пагрозамі. «Бо нават на фоне няпростых палітычных адносін Еўрасаюз заставаўся для нас адным з асноўных гандлёвых партнёраў, важнай крыніцай крэдытных рэсурсаў і інвестыцый», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Беларусь важная для Еўрасаюза як ключавая транзітная дзяржава, свайго роду вароты на шляху да вялізнага і перспектыўнага рынку Мытнага саюза і будучага Еўразійскага эканамічнага саюза, лічыць Прэзідэнт.
«Беларусь адкрыта для працы ў гэтым кірунку. У партнёраў на Захадзе не можа быць сумненняў у сур'ёзнасці гэтых намераў», — падкрэсліў беларускі лідар.
Да кіраўніцкай сістэмы трэба прыцягваць ініцыятыўных, думаючых і адказных людзей
«Дзяржслужачых у нас засталося няшмат. Лішнюю ўладу мы ў іх забяром. Але тыя, хто працуюць у дзяржапараце, павінны быць лепшымі. Кіраўніцкая сістэма павінна рабіць стаўку на ініцыятыўных, думаючых, адказных людзей. Для прыцягнення самых класных спецыялістаў варта вырашыць задачу па павышэнні прэстыжу дзяржаўнай службы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне ніколі не песцілі дзяржслужачых. «Дастаткова паглядзець на краіны-суседкі і параўнаць, як жывуць чыноўнікі там і як у нас. Нядаўна расійскі прэм'ер Мядзведзеў заявіў, што яго турбуе, што моладзь усё часцей імкнецца ў дзяржапарат. У нас наадварот. Ахвотных есці чыноўніцкі хлеб усё менш і менш. З аднаго боку, гэта значыць, што мы моцна трымаем чыноўнікаў у рамках і прымушаем іх служыць народу, і гэта добра. З другога, гэта трывожны знак для нас — здольная моладзь, ды і не толькі моладзь, ідзе ў камерцыйныя структуры», — паведаміў Прэзідэнт.
«Нядаўна мы рэзка скарацілі колькасць нашага дзяржапарату. Прытым, што ён і да гэтага быў невялікім у параўнанні з іншымі краінамі. У Беларусі колькасць чыноўнікаў на тысячу занятых адна з самых нізкіх у Еўропе і Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У нас — 35 чалавек, у Расіі — 75, Казахстане — каля 50, у Літве, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, так званыя рыначнікі, — да 70 чалавек, у два разы больш, чым у нас», — паведаміў кіраўнік дзяржавы. І сёння, на яго думку, настаў час для больш маштабнай задачы — скараціць не колькасць, а залішнія паўнамоцтвы чыноўнікаў. «Даручаю Адміністрацыі Прэзідэнта неадкладна заняцца гэтым фундаментальным пытаннем. Прыцягнуўшы да абмеркавання не толькі чыноўнікаў, але і прадпрымальнікаў, звычайных грамадзян, СМІ, экспертаў, і да канца года гэтая сістэма павінна запрацаваць. Гэта датычыцца і дэбюракратызацыі нашага ўсяго жыцця, пра якую мы шмат гаварылі і прынялі адпаведную дырэктыву і за якую адказвае кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым тут задача значна складанейшая, чым аптымізацыя колькасці. Але і эфект ад яе вырашэння будзе на парадак больш маштабны», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Таксама, на думку беларускага лідара, дзяржаўны апарат павінен пайсці на радыкальнае пазбаўленне ад залішніх і неўласцівых для яго функцый. «Ён павінен браць на сябе толькі тыя паўнамоцтвы, якія ніхто, акрамя дзяржавы, выконваць не здольны і не павінен. Усё астатняе трэба аддаць грамадству — шэраговым грамадзянам, прадпрыемствам і рынку. Прычым маюцца на ўвазе не толькі і не столькі фармальныя паўнамоцтвы», — растлумачыў ён.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў адміністрацыйных працэдурах ужо наведзены адносны парадак. «Але ёсць праславуты «адміністрацыйны рэсурс». Варта якому-небудзь начальніку захацець, дапусцім, абкласці данінай бізнесмена, і ён знойдзе тысячу спосабаў выкруціць прадпрымальніку рукі. І фармальна ўсё зробіць у рамках закону», — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што гаворка ідзе не толькі аб паўнамоцтвах грамадзянскіх чыноўнікаў, але і сілавых структур, кантралёраў. «Нельга забываць: тыя, хто закліканы змагацца з карупцыяй, часам самі з'яўляюцца яе крыніцамі. «Прыкрыццё» бізнесу з боку сілавікоў, знішчэнне канкурэнтаў пад маркай той жа барацьбы з карупцыяй, вымаганне праз пагрозы штрафаў і крымінальных спраў, звядзенне асабістых рахункаў — усё гэта, на жаль, плямы сілавых структур», — лічыць беларускі лідар.
«Вось, дапусцім, так званая заказная праверка. Аднаму бізнесмену трэба задушыць канкурэнта. Ён падкупляе праваахоўніка, і той пачынае прэсаваць фірму-канкурэнта. Прычым пад сцягам барацьбы з той жа карупцыяй. Маўляў, ёсць сігналы, падазрэнні, нам трэба ўсё праверыць. У гэты час праца фірмы цалкам блакаваная. Потым, можа, нічога і не знойдуць. Але бізнес ужо падарваны. Фармальна ўсё правільна, а па сутнасці — злачынства! І такіх сітуацый нямала», — адзначыў Прэзідэнт.
У бліжэйшыя некалькі гадоў у краіне неабходна рэалізаваць шэраг сістэмных захадаў па барацьбе з карупцыяй, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Зарплату дзяржслужачым плануецца павысіць
На думку беларускага лідара, прыйшоў час вярнуцца да пытання аплаты працы дзяржслужачых. «Гэта таксама датычыцца і настаўнікаў, і медыкаў. Калі казаць пра бюджэтную сферу ў цэлым, то сёння суадносіны зарплаты бюджэтнікаў і сярэдняй па краіне далёкія ад аптымальнага — крыху больш за 70%», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Я далёкі ад тых канцэптуальных разваг і палажэнняў, якія пануюць у Расіі. Давайце чыноўніку заплацім у 10 разоў больш, потым яшчэ ў 100 разоў больш, потым наогул яго перавядзем на забеспячэнне дзяржавы, і ён стане сумленным. Лухта поўная. Усё ляжыць у чалавечай сутнасці. У асноўным, чым больш чалавеку дастаецца, тым да большага ён імкнецца: дасі мільён, заўтра ён захоча два, таму павышаць зарплату трэба», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. На думку беларускага лідара, гэта таксама неабходна для таго, каб дзяржслужачыя шанавалі сваю працу, у тым ліку і з матэрыяльнага пункту гледжання. «Трэба, каб гэтая праца была прэстыжнай, але і рабіць больш жорсткімі патрабаванні да дзяржаўных служачых таксама трэба», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Суровы, жорсткі, але справядлівы дэкрэт
2
«У нас, прама скажу, дрэнна справа ідзе з адказнасцю кіраўнікоў. Усюды мы бачым такую сітуацыю: праваліў справу, разваліў усё, што змог, збег з кіруючай пасады і амаль тут жа «ўсплыў» у іншай якасці — і зноў на хлебным, сытным і цёплым месцы. У найбліжэйшы час мною будзе падпісаны дэкрэт (ён ужо на выхадзе), які раз і назаўжды пакончыць з перасаджваннем з крэсла ў крэсла і з разгільдзяйствам кіраўнікоў усіх рангаў», — сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што гэта будзе суровы, жорсткі, але справядлівы дэкрэт. «Па-першае, будзе ўстаноўлена персанальная, падкрэсліваю, персанальная адказнасць кіраўнікоў і спецыялістаў за агульны стан спраў на даручаным ім прадпрыемстве. Выкананне паказчыкаў, прыбытак — гэта добра. Але гэтага мала. Кіраўнік адказвае за ўсё прадпрыемства. За стан спраў на ім без усялякіх выключэнняў — ад бяспекі работнікаў да парадку ў цэхах, у двары, на складах, і нават за добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мне ўжо надакучыла бачыць гэтыя звалкі, бруд, смецце, гэтыя мурашнікі і свінушнікі. Па «адзежцы» таксама можна пра многае меркаваць. Калі завод добра працуе — там няма гэтага, там няма развалу. А калі ўсюды гразь па калена, то і прыбытку там не дачакаешся. Мы не настолькі багатыя, каб бяздумна гнаіць пад адкрытым небам сыравіну, каб дарагое абсталяванне гадамі прастойвала, пакрываючыся пылам і ржавеючы. Такіх кіраўнікоў інакш, як злачынцамі, не назавеш».
Па словах Прэзідэнта, у тых выпадках, калі што-небудзь падобнае будзе выяўлена, кіраўнік будзе неадкладна адпраўлены ў адстаўку. Яшчэ горшымі для такога кіраўніка будуць наступствы, калі будзе выяўлены ўрон прадпрыемству.
«Па-другое, гэтым дэкрэтам будзе ўведзена абавязковае ўзгадненне мясцовай уладай любога службовага перамяшчэння кіраўнікоў, намеснікаў і галоўных спецыялістаў усіх прадпрыемстваў — і дзяржаўных, і прыватных. Падкрэсліваю — усіх, без выключэння. Няхай прыватнікі мяне пачуюць — іх гэта будзе тычыцца напрамую. Нельга дапусціць, каб тыя, хто заваліў справу, зноў усплылі на гэтых жа цёплых месцах. І няма чаго казаць пра нейкую асаблівую ролю прыватнай уласнасці. Яны працуюць у Беларусі, значыць, будуць жыць па законах нашай дзяржавы. Парушаць закон — панясуць пакаранне. Прычым узгадненне будзе тычыцца як прызначэння на пасаду кіраўнікоў прадпрыемстваў і галоўных спецыялістаў, так і звальнення з яе», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама прывёў прыклады таго, як нядбайныя кіраўнікі мянялі адну хлебную пасаду на іншую. Так, за махінацыі з продажам кватэр у Гомелі ад пасады першага намесніка старшыні аблвыканкама быў вызвалены Баранаў. Пасля чаго ён уладкаваўся першым намеснікам дырэктара «Беларуснафта-Гомельаблнафта-
прадукта». Былы першы намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Ранько, які праходзіў па той жа «кватэрнай» крымінальнай справе, перасеў у крэсла дырэктара філіяла Гомельскага мантажнага ўпраўлення «Трэст Белсантэхмантаж № 1».
Былы дырэктар унітарнага прадпрыемства «Упраўленне справамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» Сяржан, які ўтаіў судзімасць, апынуўся на пасадзе намесніка кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мінска.
«Сёння, вядома ж, усе яны выдвараны з гэтых пасад. І гэта, я нагадаю, было маім апошнім папярэджаннем губернатарам і ўсёй вертыкалі ўлады, якія перасаджваюць падобных людзей з аднаго крэсла ў другое, з аднаго цёплага месца — у іншае. Яшчэ хоць адно падобнае паўтарэнне, і вы разам з імі пойдзеце самі ведаеце куды. Гэта тычыцца, я яшчэ раз падкрэсліваю, губернатараў і ўсёй вертыкалі ўлады», — сказаў Прэзідэнт.
На заканчэнне Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі даўным-даўно вызначыліся з карупцыянерамі — іх месца ў турме. «Але развал працы — гэта таксама падобнае злачынства. І часам, а можа, і часта, яшчэ больш значнае і сур'ёзнае для дзяржавы з пункту гледжання страт. І тут мы пяройдзем ад размоў і ўгавораў да справы: праваліў працу — ні на якое хлебнае месца працаўладкавацца такі нягоднік не зможа. Ні ў дзяржаўным сектары, ні ў прыватным — нідзе. Будзе падмятаць вуліцы — гэта калі ласка», — заявіў Прэзідэнт.
Беларусь павінна паказаць прыклад барацьбы з карупцыяй
Прэзідэнт падкрэсліў, што, як паказвае сусветны вопыт, карані карупцыі ляжаць глыбока ў эканамічнай сістэме, прычым у агульнасусветнай, глабальнай, адгарадзіцца ад якой немагчыма. «Ніхто не папракне нас у мяккацеласці ў дачыненні да карупцыянераў. У нас іх рэальна, не на словах, выяўляюць, надзяваюць наручнікі і дзясяткамі, нават сотнямі адпраўляюць у камеры. Але пакаранне, нават сур'ёзнае, здольна толькі падрэзаць пустазелле карупцыі, зрэзаць верхні пласт. А каб вырваць карані, трэба капаць значна глыбей: неабходны сістэмныя захады па змяненні многіх эканамічных і кіраўніцкіх інстытутаў. Калі мы заводзім крымінальную справу, то б'ём ужо па хвастах, рэагуем на факт, які адбыўся. Мы павінны папярэджваць карупцыю, мы павінны зрабіць так, каб у адных выпадках карупцыя стала нявыгаднай, у другіх — лёгка раскрывальнай, а ў трэціх — наогул немагчымай», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта далёка не фантастыка, і ў Беларусі ў некаторых сферах такога ўжо атрымалася дамагчыся. Самы яскравы прыклад таму — паступленне ў ВНУ. «Вы памятаеце, як за хабар залатая моладзь прарывалася ў ВНУ, ведаеце, што такое тэсціраванне, — пры ўсіх недахопах мы, вядома, удасканальваем гэты працэс. Сёння паступіць у ВНУ можна толькі па ведах. Не буду казаць, што абсалютна на 100%, але ў пераважнай большасці. Дык давайце зробім ва ўсіх сферах нашага грамадскага і эканамічнага жыцця тое ж самае. Менавіта да такіх сістэмных рашэнняў мы павінны імкнуцца ва ўсіх сферах. Беларусь павінна паказаць прыклад, як можна і трэба змагацца з карупцыяй», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Папярэджваю, ніякіх паслабленняў людзям, замяшаным у карупцыі, няма, не было і не будзе. Нават калі карупцыя пранікае ў тыя дзяржаўныя органы, якія павінны ўзначальваць барацьбу з ёй, то і там гарачым жалезам мы будзем выпальваць гэтую нечысць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, падымаючы тэму карупцыі, Прэзідэнт падкрэсліў, што трэба вучыцца не толькі на сваіх памылках, але і на памылках суседзяў. «Я ўжо казаў — ва ўкраінскага крызісу дзве прычыны. Слабасць эканомікі, фактычна яе развал, і татальная карупцыя. Яны абсалютна ўзаемазвязаны. Украінскі крызіс — гэта папярэджанне ўсім. Не толькі нам — беларусам, якія жывуць амаль разам. І мы абавязаны зрабіць свае высновы», — сказаў ён.
Пры гэтым Прэзідэнт дадаў: «На шчасце, нас ніхто не можа абвінаваціць у разгуле карупцыі, у абыякавасці ўлады да гэтай праблемы або ў беспакаранасці карупцыянераў. Мы пастаянна і жорстка змагаемся з гэтым злом. Гэта было, ёсць і застаецца маёй прынцыповай пазіцыяй не толькі як Прэзідэнта, але і як чалавека і грамадзяніна. Гэта ведаюць і прызнаюць усе — нават лютыя крытыкі ўлады. Але ці можам мы сказаць, што нам удалося перамагчы гэта зло ў нашай краіне? На жаль, не». Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што атрыманне хабараў для некаторых чыноўнікаў, здаецца, ужо ўвайшло ў сістэму.
Прэзідэнт нагадаў пра крымінальную справу ў дачыненні да топ-менеджара канцэрна «Беллегпрам». «У канцы лютага пры атрыманні хабару затрыманы старшыня канцэрна «Беллегпрам» Сучкоў і дырэктар Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі Вянскоўская. Па крымінальнай справе канфіскавана больш за мільён долараў, залатыя зліткі, накладзены арышт на элітныя аўтамабілі, некалькі кватэр у Мінску, дарагую бытавую і аргтэхніку», — распавёў кіраўнік дзяржавы.
Згадаў Аляксандр Лукашэнка і пра справу намесніка старшыні канцэрна «Белнафтахім» Уладзіміра Волкава, які быў затрыманы пасля атрымання чарговай часткі хабару. Па справе, у прыватнасці, накладзены арышт на дзве кватэры ў Мінску, гараж і $100 тысяч. «Суд разбярэцца, вядома ж, адкуль гэта маёмасць у звычайнага, простага чыноўніка», — адзначыў Прэзідэнт. Ён таксама нагадаў, што за перавышэнне ўлады і незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці распачата крымінальная справа ў дачыненні да намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Хурбатава. «Фірма яго сына, якая не мае ў Оршы ні адраса, ні тэхнікі, неаднаразова выйгравала разнастайныя будаўнічыя тэндары. Карыслівая зацікаўленасць і заступніцтва раённага чыноўніка дапамаглі яго сынку нябедна жыць, не прыкладаючы асаблівых намаганняў», — сказаў Прэзідэнт.
Прэзідэнт звярнуў увагу на недастатковую работу па прафілактыцы карупцыі. Ён адзначыў, што для мінімізацыі карупцыйных рызык была створана складаная сістэма дзяржзакупак. «Але гэтая сістэма чамусьці не перашкодзіла намесніку міністра спорту і турызму Нераду неаднаразова атрымліваць хабар ад камерцыйных арганізацый за перамогу ў конкурсах на пастаўку спортінвентару», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
«Для таго, каб адбіраць годных адвакатаў і рыэлтараў, увялі ліцэнзаванне іх дзейнасці. Але тыя, хто павінен сачыць за законнасцю, узроўнем падрыхтоўкі кандыдатаў, у выніку праводзяць адбор па зусім іншых крытэрыях — памеры прапанаваных ім дароў», — сказаў Прэзідэнт, працягваючы тэму. Ён нагадаў пра крымінальную справу начальніка ўпраўлення Міністэрства юстыцыі і яе намесніцы, якія былі затрыманы супрацоўнікамі КДБ у 2013 годзе пры атрыманні хабару.
«На жаль, і ў судзейскім корпусе не ўсе кіруюцца толькі законам, ставячы ў аснову свае прагматычныя грашовыя інтарэсы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Так, у 2013 годзе суддзя суда Бабруйскага раёна і Бабруйска Луканская і суддзя Светлагорскага раённага суда Вашчылін асуджаны за хабар на 14 і 13 гадоў пазбаўлення волі. У пачатку красавіка гэтага года на 14 гадоў пазбаўлення волі таксама за хабар асуджаны намеснік старшыні суда Ленінскага раёна Магілёва Умараў, які абяцаў станоўча вырашыць пытанне па крымінальнай справе, што знаходзілася ў яго вытворчасці.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што не застаецца без увагі і супрацьпраўная дзейнасць супрацоўнікаў мытных органаў і памежнай службы. «Знішчаны канал, па якім камерсантамі пры садзейнічанні карумпаваных структур Брэсцкай мытні пад выглядам запчастак з краін Еўрасаюза было ўвезена каля двухсот грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў з ухіленнем ад выплаты плацяжоў на суму звыш 3 мільёнаў еўра», — сказаў Прэзідэнт. Ён дадаў, што ў Мінскай рэгіянальнай мытні таксама «працавала паўнавартасная схема атрымання хабараў ад грамадзян Расіі і Казахстана, увозу транспартных сродкаў на льготных умовах».
Таксама ён адзначыў, што карупцыя закранае і рэальны сектар эканомікі. «Адкаты, хабары за спрыяльнае рашэнне пытанняў, злоўжыванне службовым становішчам выяўляюцца ва ўсіх сферах і галінах. З нядаўніх часоў пад асаблівым кантролем у нас будаўнічая галіна», — сказаў Прэзідэнт.
Ацэнка работы ўрада, Нацбанка і губернатараў будзе дадзена на нарадзе ў Прэзідэнта па выніках І квартала
Пераходзячы да эканамічнага блока пытанняў, Прэзідэнт заявіў, што цяпер трэба думаць аб стратэгіі будучага развіцця Беларусі і вырашаць сістэмныя пытанні, але стратэгія не здымае з урада задачы вырашэння вострых праблем сённяшняга дня (маецца на ўвазе ў тым ліку выплата зарплат, пенсій, прадаўжэнне мадэрнізацыі, неабходнасць разгрузкі складоў). Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў сувязі з гэтым нікому не ўдасца ўхіліцца ад работы і пазбегнуць адказнасці за яе выкананне. «Яшчэ горш, што гэтыя пытанні ўсё часцей даводзіцца ўзвальваць на сябе Прэзідэнту, але ніякага іншага выйсця проста няма», — прызнаў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, існуючыя факты «ўказваюць непасрэдна на вельмі трывожную тэндэнцыю: у нашым дзяржаўным апараце, сярод дырэктарата ўсё больш распаўсюджваецца небяспечная атмасфера апатыі і абыякавасці, ініцыятывы практычна няма, агню ў вачах кіраўнікоў не відаць, многім на ўсё напляваць, аб жывой справе думаюць значна менш, чым аб справаздачах».
Патрабавалася знізіць узровень запасаў гатовай прадукцыі на складах прампрадпрыемстваў да 76 працэнтаў сярэднямесячнай вытворчасці, аднак гэты паказчык вырас да 80 працэнтаў. «Чаму мы ходзім і просім з працягнутай рукой крэдыты, калі ў нас на складах амаль $4 млрд», — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. Нездавальняючым аказаўся вынік па прадукцыйнасці працы, якую прадугледжвалася павялічыць, але рэальна яе знізілі, абавязваліся нарошчваць экспарт, а фактычна ён скараціўся на 7 працэнтаў. «Ключавое пытанне — энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту. Планавалі зніжэнне, а на справе толькі нарошчваем», — прызнаў кіраўнік дзяржавы. Гаворачы аб рэгіёнах, ён паведаміў, што ў Гомельскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцях, а таксама ў горадзе Мінску дасягнуты квартальныя значэнні росту валавога рэгіянальнага прадукту. Разам з тым у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях гэтыя заданні правалены.
Што тычыцца бліжэйшых задач, то трыма арыенцірамі новага эканамічнага курсу Беларусі павінны стаць паскоранае развіццё ўнутранага рынку, удасканаленне механізмаў кіравання эканомікай і ўсямернае развіццё канкурэнцыі. «Пры гэтым, як я і гаварыў, мы не адмаўляемся ад традыцыйных напрамкаў развіцця эканомікі. Як бы цяжка ні было, мы не сядзім склаўшы рукі, актыўна прадаўжаем мадэрнізацыю беларускай прамысловасці. У гэтым няма нічога экстраардынарнага. Калі не мадэрнізаваць, то мы проста не зможам праз пяцігодку ўжо нічога прадаваць на міжнародных рынках, нічога не паставім на экспарт, а значыць, не атрымаем валюты, каб купіць нафту і газ», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтай пяцігодцы ў мадэрнізацыю ўклалі ў паўтара раза больш, чым у мінулай, — амаль $20 млрд. Гэта праекты ў машынабудаванні, металургіі, хіміі, нафтахіміі, аграпрамысловым комплексе, фармацыі, цэлюлозна-папяровай прамысловасці, дрэваапрацоўцы, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, гарбарнай і тэкстыльнай галінах.
«Я не буду падрабязна спыняцца на праблемах і задачах ва ўсіх гэтых сферах дзейнасці. Кожнай з іх ужо або былі прысвечаны спецыяльныя нарады з удзелам кіраўніка дзяржавы (дрэваапрацоўка, спажыўкааперацыя, будаўніцтва), або ў хуткім часе адбудуцца (лёгкая прамысловасць, жыллёва-камунальная і сельская гаспадарка). Акрамя таго, на пастаянным прэзідэнцкім кантролі ход мадэрнізацыі нашых гігантаў — БМЗ, «Гомельшкло», «Светлагорскі ЦКК» і іншых», — адзначыў беларускі лідар.
На яго думку, дзяржпрадпрыемствы развучыліся працаваць самастойна. «У нас сёння ўрад схіліўся над дзяржпрадпрыемствамі, у ручным рэжыме выконвае функцыі наглядальных саветаў і праўленняў. У выніку яны развучыліся працаваць самастойна, жывуць чаканнем указанняў і падтрымкі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Міністэрствы, паводле слоў Прэзідэнта, кіруюць не галіной, а асобнымі прадпрыемствамі, якія належаць дзяржаве. Пры гэтым у той жа галіне дзейнічаюць і прыватнікі, прычым часта даволі важкія. У выніку атрымліваецца, што міністэрствы павінны ў роўнай ступені клапаціцца аб развіцці ўсіх суб'ектаў, а яны ў першую чаргу заклапочаны сваімі прадпрыемствамі.
«Таму сфарміраваўся кіраўнічы стэрэатып у галіне: канкурэнтаў не пускаць, бо падначаленым прадпрыемствам будзе горш, новыя прадпрыемствы не ствараць, бо сабе праблем дадасі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што сіла рыначнай эканомікі па-сапраўднаму выяўляецца толькі пры ўмове канкурэнцыі. «Не прыватная ўласнасць і не рынак самі па сабе, а менавіта канкурэнцыя робіць рыначную эканоміку паспяховай і эфектыўнай», — сказаў Прэзідэнт. Таму стварэнне рэальнай канкурэнцыі — адна з фундаментальных задач дзяржавы ў сферы эканомікі.
Разрыў паміж аплатай працы ў бюджэтнай сферы і ў народнай гаспадарцы будзе скарачацца
Паводле слоў Прэзідэнта, асноўнымі крыніцамі даходаў нашага насельніцтва з'яўляюцца заработная плата і пенсіі. «Аб істотным разрыве, які ўтварыўся за апошнія гады паміж аплатай працы ў бюджэтнай сферы і ў народнай гаспадарцы, у цэлым я ўжо казаў. Будзем яго выраўноўваць. Адпаведнае даручэнне ўраду дадзена. Першымі гэта адчуюць урачы і настаўнікі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Што датычыцца рэальнага сектара эканомікі, то тут патрабаванне Прэзідэнта застаецца нязменным — заработную плату трэба зарабіць, мадэрнізуючы прадпрыемствы, укараняючы новыя тэхналогіі, павялічваючы выпрацоўку, скарачаючы затраты, павышаючы прадукцыйнасць працы.
«Сёння, як я і патрабаваў, мы пераадолелі рубеж 500 долараў сярэдняй заработнай платы па краіне, і далейшае павышэнне дабрабыту ў нашых руках, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я ў гэтым годзе не фарсірую, не патрабую росту зарплаты. 500 долараў — гэта той мінімум, які павінен быць у кішэні чалавека».
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што ў краіне практычна няма беспрацоўя, адчуваецца недахоп рабочай сілы. «Ёсць дзе прыкласці сілы, зарабіць грошы, каб пракарміць сябе і сваю сям'ю, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Далей зарплата будзе расці выключна следам за прадукцыйнасцю працы».
Ураду даручана прадумаць канкрэтныя захады па развіцці ўнутранага рынку тавараў і паслуг
Беларускі лідар даручыў ураду пры падрыхтоўцы праграмы на будучую пяцігодку вызначыць развіццё ўнутранага рынку тавараў і паслуг як прыярытэт і прадумаць канкрэтныя меры для вырашэння гэтай стратэгічнай задачы. «Колькі мы валюты вывезлі на ўсякую дробязь за межы краіны? Каля
$3 млрд. Заўважце, а ходзім і просім
$2 млрд. А калі б мы гэтыя паслугі і гэтыя тавары прапанавалі гэтаму ж народу?» — задаўся пытаннем кіраўнік дзяржавы. «У нас жа і тавары нядрэнныя, і прытым усе. Калі мы выставы арганізоўваем і прапануем тавары, напрыклад, у Маскве, вытанчанай, багатай, пераборлівай Маскве, гадзіна-паўтары — і нічога няма. Усё імгненна разыходзіцца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Калі б нашы чыноўнікі, перш за ўсё сілавікі, можа быць, іх жонкі і палюбоўніцы менш ездзілі ў Літву за пакупкамі, напэўна, $1,5 млрд мы б туды не вывезлі і $2 млрд у Польшчу. $3 млрд — сціпла, гэта значна больш, паводле ацэнак памежнікаў і мытнікаў, — дадаў беларускі лідар. Прэзідэнт лічыць, што неабходна ствараць умовы, стымуляваць пакупніцкую актыўнасць, і «тады ўжо не беларусы паедуць за мяжу, а самі замежныя грамадзяне паедуць да нас».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўнутраны рынак — не толькі індустрыя гасціннасці. У яго арганічна могуць быць упісаны навукаёмістыя вытворчасці, медыцынскія, адукацыйныя, транспартныя, лагістычныя, інфармацыйныя паслугі. Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на інфарматызацыю краіны, падкрэсліўшы, што гэты кірунак павінен стаць безумоўным прыярытэтам у дзейнасці як урада ў цэлым, так і кожнага ведамства ў асобнасці. «Мы разлічваем, што ў будучыні інфарматызацыя не толькі павысіць эфектыўнасць кіравання і празрыстасць многіх працэдур, але і рэзка пашырыць унутраны рынак электронных паслуг. А гэта як раз той сектар эканомікі, які ў сучасным свеце развіваецца самымі фантастычнымі тэмпамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Маштабная інфарматызацыя натуральным чынам, без усялякага адміністрацыйнага прымусу прывядзе да таго, што і кампаніі, зарэгістраваныя ў нашым Парку высокіх тэхналогій, у большай ступені пачнуць працаваць не толькі на заходнія фірмы, але і на наш унутраны рынак», — дадаў Прэзідэнт.
Тры спосабы вырашэння пенсійнай праблемы
Не займацца вырашэннем пенсійнай праблемы нельга, лічыць Прэзідэнт. «Нам удалося дабіцца паслядоўнага росту і своечасовасці пенсійных выплат. Але і тут у нас ёсць пэўныя планы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вы бачыце, што рабочых рук становіцца менш, пенсіянераў даволі шмат. «Нідзе ў свеце пакуль не знойдзена аптымальнага спосабу вырашэння такой праблемы. Нам тут не трэба бегчы наперадзе паравоза. Але не займацца вырашэннем пенсійнай праблемы нельга», — прызнаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт лічыць, што, па-першае, неабходна больш глыбока прапрацаваць пытанні аб тым, як зацікавіць насельніцтва працаваць даўжэй, пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.
Па-другое, патрэбны прапановы па дыферэнцыяцыі памераў пенсій. «Мы адвялі нашых пенсіянераў ад мяжы беднасці. Сёння сярэдняя пенсія вышэйшая за спажывецкі бюджэт пенсіянера. Таму настаў час падумаць, як зрабіць так, каб той, хто больш унёс у пенсійны фонд, больш і атрымліваў, пайшоўшы на пенсію, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Тым больш што з 2003 года ў нас вядзецца персаніфікаваны ўлік усіх адлічэнняў».
Па-трэцяе, трэба больш актыўна развіваць добраахвотнае страхаванне дадатковых пенсій як карпаратыўнае, так і асабістае (такі вопыт у свеце ёсць).
Разабрацца з праблемамі ў сферы ЖКГ
Па словах кіраўніка дзяржавы, у краіне склалася такая сітуацыя, што рабочай групе пад эгідай Камітэта дзяржаўнага кантролю даводзіцца пераглядаць нормы і нарматывы выдаткаў, якія адносяцца на сабекошт камунальных паслуг, ацэньваць структуру кіравання ЖКГ, лавіць там пасярэднікаў і гэтак далей. «Хоць любыя факты павышэння коштаў звыш прагнознага ўзроўню, асабліва на спажывецкія тавары, павінны быць прадметам стараннага аналізу і разбору для ўрада і аблвыканкамаў», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ужо на першапачатковым этапе рабочая група для вырашэння праблемных пытанняў у ЖКГ выяўляе шэраг сур'ёзных парушэнняў. Гаворка ідзе як пра завышэнні коштаў на паслугі ЖКГ, наяўнасці пасярэднікаў там, дзе іх быць не павінна, так і аб іншых праблемах. «Ужо на першым этапе расследавання мы бачым каласальнае завышэнне тарыфаў, якое пакрываецца бюджэтам (таму што насельніцтва ўсё роўна 100% не плаціць)», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. «Вельмі спадзяюся, што тая камісія, якая працуе па вёсцы на чале з прэм'ер-міністрам, сапраўды гэтак жа вытрасе іх са штаноў і пакажа ім, як яны працуюць, куды грошы ідуць», — сказаў у сувязі з гэтым Прэзідэнт. Пры гэтым ён яшчэ раз падкрэсліў: ужываць уладу, аналізаваць выдаткі, кантраляваць абгрунтаванасць павышэння тарыфаў трэба прадметна, а не чакаць, калі Прэзідэнт створыць чарговую камісію.
Адукацыя ў Беларусі не мае патрэбы ў рэформах
«У апошні час мы шмат гаворым пра тое, што наша адукацыя мае патрэбу ў нейкай карэкціроўцы. Я не скажу, што нам патрэбна рэформа. Ніякіх рэформаў у адукацыі нам сёння не трэба. Трэба падкарэктаваць. Менш нам патрэбна сёння людзей з вышэйшай адукацыяй, больш у прафесійна-тэхнічныя ўстановы трэба накіраваць — давайце накіруем і спынім усялякія размовы аб рэформе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння неабходна скаардынавацца, паглядзець, што трэба зрабіць у адукацыі. «Давайце складзем гэты план на тры гады наперад, каб людзі разумелі і ведалі, што нам трэба зрабіць. Займіцеся, калі ласка, гэтым ва ўрадзе і Міністэрстве адукацыі», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што любая паспяховая эканоміка немагчымая без апоры на тое, што ў сучасным свеце называецца чалавечым капіталам. «Свет ужо прыйшоў да разумення, што адукацыя і здароўе чалавека — аснова так званага чалавечага капіталу. Гэта эканамічныя катэгорыі. Сёння рыначны кошт многіх вядучых сусветных карпарацый грунтуецца выключна на камандах інтэлектуалаў, якія працуюць у іх, на здольнасці гэтых камандаў генерыраваць новыя прадукты і ідэі. І нават у тых кампаніях, якія займаюцца традыцыйнымі відамі дзейнасці», — сказаў Прэзідэнт.
Сёння неабходна ўсвядоміць, адзначыў кіраўнік дзяржавы, што адукацыя праходзіць праз усё жыццё. «Такое магістральнае развіццё цывілізацыі: чалавек, яго веды займаюць усё больш значнае месца, паступова выцясняючы на перыферыю матэрыяльныя рэсурсы, фінансы і нават інфармацыю», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Трэба развіваць платныя медыцынскія паслугі
У развіцці айчыннай аховы здароўя дасягнуты прыкметныя поспехі. Укараняюцца сучасныя медыцынскія тэхналогіі, новыя метады дыягностыкі і лячэння. «Але мы павінны разумець: якасная медыцына — гэта выключна дорага, гэта самае дарагое задавальненне ў любой краіне. Нават у самых развітых, самых багатых краінах дзяржава не здольная ўзяць на сябе ўсе выдаткі ў медыцынскай сферы, — адзначыў ён. — Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць медыцыну. Але прыйшоў час укараняць новыя формы — у прыватнасці, развіваць, папулярызаваць сярод насельніцтва добраахвотнае медыцынскае страхаванне».
Базавы ўзровень дзяржава забяспечыць усім і заўсёды, запэўніў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што гэта прамое абавязацельства дзяржавы. «У нас не павінен валяцца пад плотам хворы чалавек, калі ў яго няма страхоўкі, як гэта адбываецца ў багатай Амерыцы і з чым змагаецца цяперашні прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі, ніяк не можа правесці гэтую рэформу ў патрэбным для насельніцтва плане», — сказаў беларускі лідар.
Акрамя базавага ўзроўню, ёсць высокатэхналагічнае лячэнне, і на яго аказанне ў краіне затрачаны мільярды долараў. «І хто хоча атрымаць асаблівыя ўмовы лячэння і асаблівую якасць, павінен разумець — гэта не бясплатна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Прымусіць чалавека выкласці з сваёй кішэні поўны кошт аперацыі мы ніколі не зможам, мы на гэта не пойдзем. Нават у заможнага чалавека грошай на гэта можа не хапіць. Для гэтага ва ўсім свеце і існуюць страхавыя сістэмы. Прыйшоў час і ў нас адаптаваць лепшы сусветны вопыт».
На думку кіраўніка дзяржавы, трэба актыўна развіваць платныя паслугі ў медыцыне, добраахвотнае медыцынскае страхаванне. «Дарэчы, на гэты конт мной нядаўна падпісаны спецыяльны ўказ, якім сфера добраахвотнага медыцынскага страхавання істотна пашырана», — дадаў ён.
«У Беларусі ёсць людзі, якія сёння павінны плаціць, якія могуць плаціць і хочуць заплаціць, каб медыцына нармальна развівалася», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Закранаючы пытанне заработнай платы медыкаў, кіраўнік дзяржавы адзначыў: «Усім урачам агулам ні адна дзяржава плаціць не будзе, і мы таксама не будзем. Каб шмат атрымліваць, трэба сэрца перасаджваць, трэба высокатэхналагічныя аперацыі праводзіць і быць эфектыўным урачом, каб да цябе ішлі людзі. Патрэбна дыферэнцыяцыя ў аплаце працы».
«Яшчэ раз падкрэслю: медыцына была і застаецца бясплатнай, — акцэнтаваў Прэзідэнт. — Але трэба даць магчымасць тым, хто гатовы больш плаціць за суперякаснае абслугоўванне, зрабіць гэта. Больш за тое, такі падыход дысцыплінуе чалавека — ён пачынае разумець, што здароўе каштуе грошай, пачынае сачыць за сабой, весці здаровы лад жыцця, правільна выхоўваць сваіх дзяцей, унукаў. Наша задача — выхаваць у чалавека адказнасць за сваё здароўе». Ён прызнаў, што тут ёсць праца і для дзяржавы — зрабіць заняткі фізкультурай даступнымі па цане, зручнымі і прывабнымі ў першую чаргу для падрастаючага пакалення.
Пры нараджэнні ў сям'і трэцяга дзіцяці дзяржава будзе адкрываць дэпазіт на $10 тыс.
«На жаль, да гэтага часу вызначальным фактарам росту колькасці насельніцтва Беларусі з'яўляецца міграцыя. Разам з тым намеціліся пазітыўныя змяненні ў дынаміцы нараджальнасці. Пераломны быў 2013 год — нарадзілася больш за 118 тыс. дзетак. Гэта максімальная колькасць нараджэнняў за апошнія два дзесяцігоддзі, — сказаў Прэзідэнт. — Прынятыя дзяржавай меры па падтрымцы сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей, знайшлі водгук у насельніцтва. І гэту падтрымку мы будзем аказваць і ў далейшым».
Што датычыцца бягучай падтрымкі, то прапануецца кампенсаваць сям'і недаатрыманы даход у сувязі з доглядам дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, штомесяц выплачваючы па 35 працэнтаў ад сярэднямесячнай зарплаты на кожнае непаўналетняе дзіця ў сям'і. «Калі сёння пры з'яўленні другога дзіцяці (а мы сканцэнтраваліся менавіта на другім дзіцяці, нараджэнне якога трэба стымуляваць) маці атрымлівае 40 працэнтаў ад сярэднямесячнай зарплаты ў рэспубліцы, і толькі на гэта народжанае дзіця, то па-новаму сям'і будзе выплачвацца па 35 працэнтаў ужо на кожнае непаўналетняе (і на першае, і на другое). У цэлым атрымліваецца 70 працэнтаў сярэднямесячнай зарплаты», — растлумачыў Прэзідэнт.
Доўгатэрміновая падтрымка прадугледжвае, што пры нараджэнні ў сям'і трэцяга дзіцяці дзяржава будзе адкрываць дэпазіт на суму $10 тыс., якія сем'і змогуць атрымаць пасля дасягнення гэтым дзіцем паўналецця, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі даручыў ураду ў двухмесячны тэрмін падрыхтаваць на аснове гэтых і іншых канкрэтных прапаноў праект адпаведнага нарматыўнага прававога акта.
Гадавіна вызвалення — адна з галоўных падзей года
«Сёлета мы адкрываем Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, сказаў Прэзідэнт. — Гэта ўнікальны аб'ект на постсавецкай прасторы, у свеце і Еўропе». «Мы вымушаны былі яго пабудаваць таму, што многія пачалі забываць пра той перыяд гісторыі, пра гераізм, які праявіў наш народ, украінцы, расіяне і іншыя народы Савецкага Саюза ў імя выратавання Бацькаўшчыны, — адзначыў беларускі лідар. — Для моладзі гэта вельмі важна».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2012 годзе ў Пасланні ўпершыню было сказана аб адраджэнні вытворчасці слуцкіх паясоў. «Сёння слуцкія паясы сталі здабыткам грамадства. Нам удалося ўзнавіць унікальнае тварэнне чалавечых рук, якое не саступае ўзорам таго перыяду», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Калі мы будзем памятаць сваё мінулае, аднаўляць страчанае, значыць, мы ведаем, адкуль прыйшлі і чаго хочам», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Мы гатовы да чэмпіянату
Прэзідэнт закрануў тэму маючага адбыцца ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі. Паводле яго слоў, сёння Мінск гатовы да правядзення чэмпіянату. «Але ж госці (іх будуць дзясяткі тысяч, а можа, і сотня) паедуць па ўсіх гарадах і вёсках. І некаторыя сюды прыедуць, каб «пакалупацца», як на Алімпіядзе ў Сочы (калі глядзяць не на тое, як выступаюць атлеты, а шукаюць бруд, каб яго паказаць), — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мне ўжо кажуць, што трэба журналістаў, якія прыедуць на чэмпіянат свету, не пускаць нікуды за межы «Мінск-Арэны». Што за глупства! Няхай журналісты едуць, глядзяць, пішуць. Але калі ўбачаць бруд — напішуць, сфатаграфуюць. Дык давайце вычысцім краіну, кожную вёсачку, асабліва каля Мінска, і абласныя гарады». Прэзідэнт падкрэсліў: «А калі кагосьці пакрытыкуць (журналісты. — Заўвага БЕЛТА), то скажу дзякуй і буду разбірацца з тымі, каго пакрытыкавалі».
«Чэмпіянат адкрывае перад намі бліскучыя перспектывы. Правядзём на высокім узроўні — і ўсе паедуць ад нас з жаданнем вярнуцца, прывезці да нас яшчэ грошы і тут іх патраціць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Найважнейшая задача — забяспечыць камфортнае і бяспечнае знаходжанне гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату свету».
А што датычыцца непасрэдна спорту, то за яго, як сказаў Прэзідэнт, «возьмемся, вось пройдзе чэмпіянат свету — возьмемся так, што ў кагосьці трашчаць рэбры будуць». «Спорт — гэта вялікая палітыка. Гэта не жарт, гэтым трэба займацца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што пасля перамогі Дар'і Домрачавай і беларускіх фрыстайлістаў на зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы многія даведаліся пра Беларусь больш, чым за доўгія гады да гэтага. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі павінна быць наладжана сістэма падрыхтоўкі прафесійных спартсменаў. Ён адзначыў, што ў дзяржаве створана пэўная інфраструктура, якая павінна служыць як для падрыхтоўкі прафесійных спартсменаў, так і для агульнага карыстання насельніцтвам. «Той жа хакей. Мы пабудавалі нямала хакейных пляцовак. Пры гэтым я патрабую, каб гэта былі не проста хакейныя пляцоўкі, а ўніверсальныя палацы. Каб на гэтай пляцоўцы, да прыкладу, як у Магілёве ці Мінску, лёд заслалі за вечар, а такія пакрыцці ўсюды ёсць, паставілі крэслы — канцэрт, яшчэ нейкае мерапрыемства. Такія спартыўна-культурныя комплексы. Мы гэта зрабілі. Часам нават танцуюць больш на хакейных пляцоўках, чым займаюцца хакеем. Мы павінны дакладна вызначыцца, частку інфраструктуры трэба ў прыярытэце аддаць спартыўным школам і спартсменам. А частку — насельніцтву. Каб бацькі каталіся там разам з малымі. Так паціху мы зацягваем на гэтыя аб'екты моладзь. І больш за тое — дзеці часта цягнуць на гэтыя аб'екты бацькоў, тым не хочацца, ім лягчэй на канапе паляжаць, а дзіця цягне яго займацца спортам. Гэта таксама станоўчы момант», — сказаў Прэзідэнт.
Закранаючы яшчэ раз тэму хакея, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што толькі праз спаборніцтвы можна вырасціць сапраўдных хакеістаў. «Не будзе спаборніцтваў — не выгадуем нармальных байцоў у хакеі. Я часта кажу: сёння спорт, і ў асаблівасці хакей, гэта не спаборніцтва, гэта вайна. Ты выходзіш на пляцоўку і павінен змагацца. Вы ж бачыце, якія там правілы, якая гэта гульня. Ледзь празяваў — цябе знясуць у борт, а яшчэ і вылеціш праз гэты борт. Гэта вайна, і мы аказаліся не гатовымі. Усе людзі аднолькавыя, хакеісты аднолькавыя, вароты аднолькавыя, па пяць ігракоў гуляюць. Але мы маральна апынуліся не гатовымі да гэтай барацьбы, да гэтай бойкі, да гэтай вайны. І калі мы з дзіцячага ўзросту не пачнём іх выхоўваць такім чынам — то нічога не будзе. Вось што нам трэба рабіць на гэтых аб'ектах, якія мы пабудавалі. А пакуль няма сістэмы — мы проста целяпаемся на лёдзе. Тое ж датычыцца і футбола, і іншых відаў спорту», — сказаў ён.
Прэзідэнт асабліва адзначыў, што ўсе тыя аб'екты, якія былі створаны да чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску, будуць задзейнічаны і пасля яго правядзення. «Усё, што мы пабудавалі, будзе задзейнічана, гэта заўсёды акупіцца, гэта інвестыцыі ў чалавечы капітал, таму што не можа быць ніякага капіталу без здароўя», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Падводзячы вынікі свайго звароту да народа і парламента, Прэзідэнт заклікаў не ўспрымаць пасланне літаральна, як кіраўніцтва да дзеяння. «Нельга сёння літаральна ўспрыняць тое, што сказана, маўляў, давайце будзем рэалізоўваць, таму што кіраўнік дзяржавы так сказаў. Не. Гэта — адпраўная кропка для больш шырокага разгляду праблем», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Давайце падумаем, падыскутуем, прааналізуем усе пытанні, зробім для сябе адпаведныя высновы, для таго, каб заўсёды існавала наша краіна і жыў на ёй так, як жыве — мірна, наш народ», — сказаў Прэзідэнт.
Паводле БЕЛТА.
Думка дэпутатаў
Сігнал для аграпрамысловага комплексу
Уладзіслаў Цыдзік, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы:
— У мяне склалася ўнікальнае ўражанне ад Паслання кіраўніка дзяржавы народу і парламенту Беларусі. Паверце, атрымліваеш задавальненне, калі з першых вуснаў чуеш пра кірункі развіцця нашай дзяржавы. У Пасланні дадзены поўны палітычны і гаспадарчы аналіз сітуацыі ў нашай краіне. Добра, што такі адкрыты дыялог дазволіў упэўніцца, што мы рухаемся ў правільным кірунку.
Напярэдадні вялікай нарады па аграпрамысловым комплексе, дзе будзе прадстаўлена справаздача міжведамаснай камісіі па ўдасканаленні сельскай гаспадаркі, Прэзідэнт падкрэсліў: даўгоў сялу дараваць не будзем. Гэта сігнал аб тым, што трэба працаваць эфектыўна. Нездарма кіраўнік дзяржавы сказаў пра дыктатуру эфектыўнасці вытворчасці.
Прэзідэнт казаў пра безгаспадарчасць у АПК, якая адмоўна адлюстроўваецца на сабекошце прадуктаў. Каб нам стаць гаспадарлівымі, неабходна ўдасканаліць механізм кіравання. Без гэтага мы эканамічны цуд не атрымаем.
Не проста мадэрнізацыя
Віктар Валюшыцкі, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы:
— Прэзідэнт шмат казаў пра абарону ўнутранага рынку, пра эфектыўнае выкарыстанне і правядзенне мадэрнізацыі. Пры гэтым тэма экспарту па-ранейшаму застаецца тэмай нумар адзін.
У гэтай пяцігодцы было ўкладзена каля 20 млрд долараў у правядзенне мадэрнізацыі нашых вытворчасцяў, і цяпер самым галоўным з'яўляецца эфектыўная дзейнасць і вытворчасць канкурэнтаздольных тавараў народнага спажывання як на ўнутраным, так і на знешнім рынках. Таму неабходна працягваць работу, якая была распачата апошнім часам, калі акцэнт рабіўся на мадэрнізацыю, з той толькі папраўкай, што гаворка ідзе не проста пра мадэрнізацыю, а пра эфектыўную мадэрнізацыю.
Вельмі важны для мяне быў і лейтматыў сёлетняга Паслання: нам неабходны мір і спакой не толькі ў нашай дзяржаве, але і каб усе памежныя з намі краіны знаходзіліся ў такім жа нармальным стане. Нам не трэба нейкіх экстрэмальных умоў, а нармальнае, спакойнае жыццё.
Яшчэ адзін крок з дэмаграфічнай ямы
Ларыса Багдановіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях:
— Вельмі рада, што Прэзідэнт закрануў прынцып сацыяльнай справядлівасці пры налічэнні пенсій. Факт, што той, хто адпрацаваў 40 гадоў, і той, хто адпрацаваў толькі 10 гадоў, атрымліваюць амаль аднолькавыя пенсіі, многіх людзей крыўдзіць. Гэтае пытанне выбаршчыкі падымаюць на кожнай сустрэчы з дэпутатамі. Цяпер нам ёсць што адказаць: стаж і заробак будуць уплываць на памер пенсіі. Распрацоўваецца цэлая сістэма падыходаў, каб не пакрыўдзіць і тых, хто працаваў шмат, але атрымліваў маленькі заробак.
Не менш важнае пытанне — дапамога пра нараджэнні дзяцей, дадатковыя матывацыі для нараджэння другога і трэцяга дзіцяці. Пакуль што мы плацім 35% ад заробку пры нараджэнні першынца, і тая ж сума дапамогі застаецца, калі дзяцей ужо двое. Калі нараджэнне другога дзіцяці не будзе класціся падвойным цяжарам на бюджэт сям'і, гэта дазволіць нам зрабіць яшчэ адзін крок у кірунку выхаду з дэмаграфічнай праблемы. А калі пры дасягненні паўналецця трэцяга дзіцяці будзе магчымасць атрымаць 10 тысяч долараў, гэта стане яшчэ адной значнай падтрымкай шматдзетных сем'яў.
Для сябе я адзначыла таксама, што сёлетняе Пасланне адрознівалася тым, што размова ў ім амаль не ішла пра неабароненыя катэгорыі насельніцтва. Гэта сведчыць пра тое, што сістэму абароны такіх грамадзян нам ужо ўдалося выбудаваць, і яна працуе. Але самае галоўнае, настаў час фарміраваць новую свядомасць грамадства пра тое, што заробак і вытворчасць працы — узаемазалежныя велічыні, што добрая праца дае магчымасць зарабляць. Для мяне гэта — самае галоўнае.
Уклад дзяржавы ў спартыўныя перамогі
Вадзім Дзевятоўскі, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы:
— Пры адказе на пытанні дэпутатаў Прэзідэнт закрануў тэму допінгу ў вялікім спорце, да якой я вельмі неабыякавы. Кіраўнік дзяржавы дакладна расставіў прыярытэты, калі казаў пра тое, што трэба змагацца з гэтай навалай і разам з тым не адставаць ад сусветных лідараў у спорце, якія, у тым ліку, абапіраюцца на дасягненні медыцыны. Размова — пра навуковую медыцыну, якая павінна суправаджаць таленавітых спартсменаў на самым высокім узроўні.
Мае спартыўныя эмоцыі не астылі, і я бачу прагрэс у параўнанні з тым часам, калі сам выступаў на Алімпійскіх гульнях. Тады было менш увагі дробязям, з якіх складаюцца дасягненні. Думаю, што цяперашняе кіраўніцтва спартыўнай галіны знаходзіцца ў правільным кірунку, бо як бы спартсмен ні любіў сваю справу, на адным яго жаданні і альтруізме сёння медаль не заваюеш. Перамогі нашых спартсменаў у Сочы паказалі, як трэба працаваць.
Задача праваахоўным структурам
Віктар Русак, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы:
— Пасланне Прэзідэнта — важная палітычная падзея, таму што кіраўнік дзяржавы фармулюе свой пункт гледжання, выказвае сваю пазіцыю па асноўных праблемах, напрамках, тэндэнцыях. Хачу адзначыць, што пазіцыя кіраўніка нашай дзяржавы паслядоўная, празрыстая і зразумелая. І невыпадкова ў сваім выступе ён закрануў пытанні, так ці інакш звязаныя з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі.
Хачу спыніцца на некалькіх момантах, якія прагучалі ў выступленні кіраўніка дзяржавы. Першае — тое, што ён паставіў дакладную і канкрэтную задачу праваахоўным структурам неадкладна рэагаваць на разнастайныя правакацыйныя ўкіды, што тычыцца шматлікіх інсінуацый і пераследаў па моўнай нацыянальнай прыкмеце. Таму што вонкава гэта здаецца бяскрыўдным, але, як паказвае практыка, менавіта з гэтага многія пытанні дэстабілізацыі і пачынаюцца.
Другое пытанне, з якога Прэзідэнт пачаў і якое неаднаразова закранаў, — барацьба з карупцыяй. Гэта пазіцыя не новая. На працягу, напэўна, 20 гадоў я не памятаю нарады, дзе б у той ці іншай ступені ні гучала гэтая праблема. З канкрэтнымі лічбамі і фактамі. Гэта мае вялікае станоўчае значэнне. Па-першае, такая непарушная, паслядоўная пазіцыя дазваляе спакойна ў гэтым кірунку працаваць праваахоўным органам. Другі, вельмі важны момант, які прагучаў у Пасланні, — у нас у краіне адпрацавана нармальная і аператыўна-вышуковая, і прававая тэхналогія па спыненні карупцыйных праяў. Але гэтая бяда не праходзіць. Знішчыць яе мы пакуль не змаглі. І задача не ў тым, каб пасадзіць або пакараць пэўную колькасць людзей. Гэта — не самамэта. І кіраўнік дзяржавы вельмі правільна сфармуляваў, што працаваць тут трэба глыбей і шукаць карані карупцыйных праяў, для таго каб выкараніць гэтую з'яву. Калі не выкараніць, дык хаця б мінімізаваць. А гэта задача ўжо не толькі праваахоўных органаў, гэта задача і Саўміна, гэта задача ўсіх міністэрстваў, у пэўнай ступені — і парламента ў сферы заканадаўчай прапрацоўкі многіх пытанняў. Задача ўсіх людзей, каму неабыякавы лёс нашай дзяржавы.
Падрыхтавала Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».