Вы тут

Фотаапарат знайшоў свайго гаспадара


Як і належыць тэматыцы часопіса «Родная прырода», з дапамогай прадстаўніка жывёльнага свету

 Станьце бліжэй да роднай прыроды! З такім заклікам мы звярталіся да вас, паважаныя чытачы, у пачатку сакавіка. Безумоўна, мелася на ўвазе тое, каб вам прыйшоўся даспадобы новы праект Выдавецкага дома «Звязда» — глянцавы, з шыкоўнымі фотаздымкамі, ілюстраваны часопіс «Родная прырода». Можна бясконца доўга любавацца яркімі старонкамі выдання, зачытвацца цікавымі фактамі з жыцця навакольнага асяроддзя, спазнаваць дзіўны свет флоры і фаўны беларускай зямлі.

23-8

Акрамя таго, мы прадаставілі чытачам яшчэ адну ўнікальную магчымасць: прапанавалі падпісчыкам выдання на ІІ квартал прыняць удзел у розыгрышы прыза. Такім чынам, у кожнага з'явілася магчымасць яшчэ больш наблізіцца да любімых мясцін і з дапамогай фотаапарата — менавіта ён быў вызначаны ў якасці прыза — засведчыць усе самыя захапляльныя моманты еднасці з прыродай.

Цяпер настаў той урачысты момант, калі вядомы імёны чытачоў, якія праявілі сваю актыўнасць у час падпісной кампаніі і працягнулі або распачалі сваё сяброўства з «Роднай прыродай». Перад пачаткам розыгрышу ўсе карткі ўдзельнікаў былі змешчаны ў прыгожую шкляную вазу, перамяшаны. Засталося разыграць прыз.

Якім чынам? Адказ знайшоўся сам сабою: не будзем адыходзіць ад традыцый «Роднай прыроды» і прапануем выканаць гэту ганаровую місію аднаму з найбольш годных нашых братоў меншых.

Зараз у Мінску гастралюе Кіславодскі цырк. Было вырашана звярнуцца да паслуг яго артыстаў. Выцягнуць запаветную паперку «пагадзілася» малпачка Жанна, дакладней, спярша ўсю ініцыятыву на сябе ўзяў яе ўладальнік — народны артыст Расіі Тофік Гусейнавіч Ахундаў, які пачаў настройваць Жанну на выкананне новага для яе задання. Жанна вяла сябе дастаткова прыстойна, хоць і карцела ёй гарэзліва паскакаць.

«Маёй выхаванцы амаль сем гадоў, — знаёміў з зоркай арэны Тофік Гусейнавіч. — Яе ежа мала чым адрозніваецца ад таго, што ўжывае чалавек. Малпа занадта любіць цукеркі. Спрабуе шукаць іх нават у кішэнях».

Вясёлы настрой Жанны перадаўся і ўсім членам камісіі. Малпачка з задавальненнем выканала працэдуру: дастала паперку з прозвішчам шчасліўчыка. Па ўсім было відаць, ёй падабалася быць у цэнтры ўвагі. Некалькі хвілін яна, як сапраўдная мадэль, пазіравала перад фотакамерай нашага карэспандэнта. За што атрымала ўзнагароду — цукерку, якую ўмомант струшчыла.

Такім чынам, стала вядома імя пераможцы. Ёю стала Наталля Эдуардаўна Малей з в. Зарэчча Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Віншуем шаноўную Наталлю Эдуардаўну і спадзяёмся, што на старонках «Роднай прыроды» з'явяцца і яе фотаработы.

Арганізатарам рэкламнай гульні «Падпішыся на «Родную прыроду» з'яўляецца рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова «Выдавецкі дом «Звязда» (УНП 100155376), размешчаная па адрасе: 222013, г. Мінск, вул. Б. Хмяльніцкага, 10 А. Усяго ў рэдакцыю было даслана 20 картак. Прызавы фонд гульні разыграны поўнасцю.

Рэкламная гульня «Падпішыся на «Родную прыроду» зарэгістравана Міністэрствам гандлю Рэспублікі Беларусь 28.02.2014 г. (пасведчанне № 2313) і праводзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь з 7 сакавіка па 30 чэрвеня 2014 года ўключна сярод падпісчыкаў часопіса «Родная прырода».

Тэлефон для даведак па пытаннях правядзення рэкламнай гульні і атрымання прызоў 8(017) 287 18 38.

Выбар рэдакцыі

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць

У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.