Урывак з аповесці.
Кацярына Мядзведзева — пераможца міжнароднага літаратурнага конкурсу «Дзіцячы партал—2006» і адна з самых цікавых аўтарак красавіцкага («фантастычнага») нумара часопіса «Маладосць». Называе сябе казачніцай і марыць пра выхад свайго казачнага зборніка.
— Дурніца ты, Блерта. Далей носа свайго не бачыш. Няўжо ты не хацела б паглядзець на іншае жыццё? Паспрабаваць штосьці новае? Няўжо ты народжана для таго, каб усё жыццё галовы гусям круціць?
Блерта маўчала. Яна ніколі не задумвалася пра гэта. Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся, яна была з такіх людзей, так, а Грэн быў, відаць, пералётнай птушкай. І сэрца яе сціскалася ад думкі пра хуткае расстанне.
Неяк яны збіралі буякі на балоце і знайшлі выспачку, парослую мячэўнікам ды алешнікам, пасярод гразкага месца. Разбураны масток дагніваў у вадзе, а за дрэвамі віднелася хатка.
— Старая леснічоўка, — прамовіла Блерта. — Кажуць, там жыве Спадарыня Трынога...
— Глыбока тут? — Грэн ткнуў палкай у ваду.
— Нішто сабе, ды п'явак досыць, высмакчуць усю кроў раней, чым перабярэшся, — яна сцепанулася.
Братка глядзеў задуменна туды, на густыя зараснікі алешніку, увітыя хмелем. І Блерта глядзела.
Дзяўчына-малочніца выхвалялася, быццам хадзіла да Спадарыні Трыногі па вядзьмарскія зеллі. Чатыры пары ваўняных панчох надзела, ад п'явак. Яна паказвала Блерце бутэлечку, і быццам бы костачка ў каламутнай вадзе плавала і блішчала штосьці, але Блерта бачыла, што дзяўчына хлусіць. Ды і пахла з бутэлечкі не таемнымі зёлкамі, а сардэчнікам і палыном. Ці варта было да Трыногі хадзіць па тое, што ля кожнага плота расце.
— Кажуць, яна жаданні выконвае. Што б ты папрасіла?
— Смерці хіба што, — прашаптала Блерта. — Калі б стала жыццё зусім не мілае...
— А я папрасіў бы: цётухна Трынога, — сур'ёзна прамовіў Грэн, — пакажы мне свой хвосцік, з кутасікам ён у цябе ці без?
— Не жартуй так, — спалохалася Блерта.
— А я і не жартую, — хмыкнуў ён.
На вячэру былі бабы і вараная цяляціна. Бабуля прачытала малітву. Цікалі ходзікі, трашчаў агонь у печы. Грэн не мог трываць цішыні, Блерта ўжо зразумела гэта. Вось і цяпер, не паспеўшы пражаваць, ён паведаміў:
— А спадарыню Трыногу надоечы бачылі ў горадзе.
Блерта здрыганулася і рассыпала бабы з лыжкі.
Бабуля злосна паглядзела на іх абаіх.
— Годзе згадваць гэтую погань у хаце. У дзяцінстве рот з мылам паласкалі, ды ўсё дарма, так балбатуном і застаўся. Чайнік ускіпеў, Блерта. Ці ты аслепла?
Блерта паспешна ўскочыла. А Грэн працягваў:
— Памятаю, у дзяцінстве мы бадзяліся па гарадскім сметніку, скарбы шукалі. Пеле аднойчы пашанцавала, залаты пярсцёнак знайшоў усярэдзіне старой пальчаткі. А я адшукаў чаравік. З левай нагі і зусім новы. Праз пару тыдняў і Пеле трапіўся чаравік. Таксама левы, як з голкі зняты, скура рыпала. Калі мы падабралі яшчэ парачку, сметнік перастаў здавацца такім ужо прыемным месцам.
— Можа, правыя страціліся, — выказала здагадку Блерта. — Ці ад нябожчыка аднаногага выкінулі...
Грэн з усмешкай пакруціў галавой.
— Усё гэта азначае толькі адно: у нашай спадарыні Трыногі трэцяя нага — правая, а значыць, вылупілася яна ў высакосны год. А нядаўна я зноў быў на сметніку, — прашаптаў Грэн, і Блерта мімаволі прыслухалася. — І я знайшоў левы чаравік...
— Ваша кава, бабуля, — сказала Блерта нервова.
— А ты ведаеш, што спадарыня Трынога блукае ў прыцемках па горадзе і зазірае ў вокны, і на пліце ўцякае малако, і трэскаюцца талеркі, а дзеці плачуць і заікаюцца, калі ўбачаць у акне яе жоўтыя вочы з вертыкальнымі зрэнкамі?
— Як не сорамна пужаць сястру, — упікнула яго бабуля. І тут за акном ціхутка прашамацела, нібы хтосьці хацеў адысці і замарудзіўся, зачапіўся спадніцай. Блерта ўскрыкнула.
— Чуеце? Гэта крадзецца спадарыня Трынога, — прагаварыў Грэн злавесным голасам.
— Гэта вецер, — уздыхнула бабуля. — Ідзі спаць, злы хлопчык. А ты, Блерта, узбі маю пярыну і прынясі грэлку. І перастань дрыжаць, дурніца, ён жа цябе дражніць.
Перамыўшы посуд, загасіўшы агонь і замкнуўшы дзверы, Блерта прыйшла ў спальню. Братка сустрэў яе ўзбураны.
— Ты чуеш? Штосьці рыпае ў падмосці!
— Мышы, — прагаварыла яна, раздзяваючыся.
— Наўрад ці! Памятаеш, я неяк забраўся туды, бабуля вырашыла, што за варэннем. А надта патрэбныя мне гэтыя цвілыя слоікі. Я шукаў іншае...
Ён азірнуўся на акно і зашаптаў:
— Кажуць, раз на сто гадоў спадарыня Трынога залазіць у чужое падмосце і адкладае там яйка. Вось я і вырашыў праверыць. Не хапала яшчэ, каб гэтая гадзіна вывелася ў нас!
Блерта злякалася не на жарт. Такое яна чула ўпершыню. І хоць бабуля называе Грэна хлусам, — усё адно жудасна. Трасучыся ад холаду ў тонкай кашулі, яна выйшла з-за шырмы.
— Хто табе гэта сказаў?
— Твой добры чалавек, Пастух, я сустрэў яго неяк. Глядзі, у мяне качарга пад ложкам, — пахваліўся Грэн. — Мяне так папросту не зжарэш.
Тут нешта грукнула і пакацілася за дзвярамі. Быццам хто ішоў і зачапіў вядро ў сенцах. Блерта завішчала, кінулася да брата, прыціснулася да яго. Ад яе рэзкага руху загасла свечка, і Блерта спалохана заплюшчыла вочы. Маленькай яна была дзяўчынкай, нягледзячы на доўгія косы і грубыя рукі, што з раніцы да вечара вараць, скрабуць, месяць, цягаюць цяжкае, адмываюць нячыстае. Але калі настае ноч, гэтыя рукі здранцвела прыціскаюцца да грудзей, і Блерце зноў дзесяць гадоў, і цемра падступае ўсё бліжэй. Ёй чуваць дыханне Грэна, біццё яго сэрца. І нечыя ціхенькія крокі. Быццам стукае па падлозе дзіцячы, лядашчанькі хвосцік. Быццам ідуць, крадуцца няцвёрда тры ножкі: туп-туп-туп, цішыня, і зноў туп-туп-туп. Вылупілася маленькая трыножка і прынюхваецца, шукае гарачую чалавечую кроў, каб насмактацца і падрасці.
Блерту скалынала дрыготка, і Грэн мацней сціснуў яе ў абдымках, ці то супакойваючы, ці то збіраючыся яшчэ больш напалохаць.
— Чуеш? — прашаптаў ён. — Пачвара ідзе сюды, агрэю яе качаргой.
— Не, не, — горача прашаптала Блерта, — не адпускай мяне, не пакідай мяне адну ў цемры!
Дзверы іх пакойчыка расчыніліся, і Блерта не стрымала крык...
Ка
цярына МЯДЗВЕДЗЕВА.
Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.