Калі раптам пабачыце ў Мінску двух знешне падобных людзей у форме мытнікаў, не спяшайцеся спісваць гэта на падман зроку. Цалкам верагодна, што вам сустрэліся браты Аляхновічы, героі нашага артыкула. Тры гады таму Аляксандр і Сяргей скончылі ўніверсітэт і прыйшлі працаваць на Мінскую рэгіянальную мытню. Нядаўнія маладыя спецыялісты распавялі нашым карэспандэнтам, ці лёгка пераўвасобіцца з юрыста ў мытніка і каму ў першую чаргу шанцуе ў кар'еры...
...Аднаму штодня даводзіцца мець справу з вялізнымі стосамі дакументаў на розную тэхніку, другому — з не менш буйнымі мяхамі паштовых адпраўленняў. Аляксандр займаецца мытным афармленнем тавараў, прымае дэкларацыі ад юрыдычных асоб, калі трэба, праводзіць мытны дагляд. Справа Сяргея — кантроль міжнародных паштовых адпраўленняў. Як можна зразумець, сёння браты, што нарадзіліся з розніцай у некалькі хвілін і большую частку жыцця знаходзіліся разам, працуюць у розных частках сталіцы. Аляксандр — старшым інспектарам аддзела мытнага афармлення і кантролю № 10, што знаходзіцца ў Калядзічах, Сяргей — старшым інспектарам аддзела мытнага афармлення і кантролю № 2 на Мінскай пошце.
— Наш родны горад — Навагрудак. Там мы і жылі да пераезду ў сталіцу, — распавядае Аляксандр.
Студэнтамі юрыдычнага факультэта БДУ хлопцы сталі без асаблівых цяжкасцяў. Але, па словах Аляксандра, сталіца не адразу стала месцам, дзе адчуваеш сябе «ў сваёй талерцы».
Як і большасць беларускіх студэнтаў-бюджэтнікаў, пасля вучобы Аляхновічаў чакала размеркаванне. Але і тут яны аказаліся поруч, ды яшчэ і месца працы знайшлі ў Мінску, «спраўдзіўшы» мару многіх беларускіх выпускнікоў. Праца на Мінскай рэгіянальнай мытні была адным з варыянтаў «размеркавацца» пасля вучобы, і браты не прамінулі скарыстацца такой магчымасцю.
— Насамрэч, калі мы ўладкоўваліся на мытню, давялося прайсці сур'ёзны адбор, — распавядае Сяргей. — Было шмат прычын, чаму выбралі нас. Думаю, дыплом універсітэта з добрымі баламі таксама адыграў сваю ролю.
Па першым часе браты працавалі ў адным аддзеле. Патрабавалася спасцігнуць столькі інфармацыі, што без парад больш дасведчаных калег ніяк нельга было абысціся. На Мінскай рэгіянальнай мытні так заведзена: у кожнага маладога супрацоўніка ёсць куратар, які на працягу года дапамагае яму стаць прафесіяналам. Далей навічка чакае справаздача і экзамен.
«Як так? Падобная знешнасць, адзін універсітэт, дык яшчэ і праца агульная, на якой трэба хадзіць у аднолькавай форме?» — спытаюць некаторыя. А вось браты Аляхновічы ў гэтых пунктах біяграфіі не бачаць нічога дзіўнага:
— Мы нарадзіліся ў адзін дзень (Аляксандр — на некалькі хвілін раней), раслі ў аднолькавых умовах, разам праходзілі пэўныя жыццёвыя вехі, таму погляд на свет у нас падобны. Відаць, па гэтай прычыне мы часам робім аднолькавы выбар, — гаворыць Сяргей.
Хоць яны з братам — двайняты, а не блізняты, старонні чалавек не адразу можа разабраць, хто ёсць хто. Блыталі? Вядома! «Дэжа вю» ў людзей, якія, аформіўшы дакументы ў аднаго інспектара, выпадкова бачылі «яго» ў суседнім акенцы? Калі ласка!
Але, па словах хлопцаў, у сумеснай працы быў несумненны плюс: магчымасць адзін аднаму ўвесь час дапамагаць. Патлумачыць нешта, параіць. Калі аднаму з братоў выпадаў вялікі кавалак працы, другі мог яго «падстрахаваць».
— Не ведаю, як у Сяргея, а ў мяне першы дзень на мытні асацыюецца з кодэксамі і нарматыўнымі актамі. Напачатку іх давялося перачытаць безліч, але для нядаўняга студэнта-юрыста вялікая колькасць інфармацыі і папер — справа не новая. За адзін дзень зразумець, падабаецца праца ці не, немагчыма, таму ніякага расчаравання ці здзіўлення не было, — успамінае Аляксандр.
Хутка браты зразумелі, што, акрамя «папяровых» абавязкаў, на мытні трэба яшчэ і шмат кантактаваць з людзьмі. На жаль, стасункі не заўжды толькі прыемныя, і на іх нявопытнаму супрацоўніку даводзіцца выдаткоўваць нямала эмоцый.
— Канфлікты ўзнікаюць часам з-за таго, што інспектар па аб'ектыўных прычынах карэктуе кошт тавару, а гэта значыць, што чалавеку давядзецца ўносіць большы мытны плацеж, — тлумачыць Аляксандр. — Зразумела, многія з гэтым не згодныя. Яшчэ адно нараканне — быццам бы маруднае афармленне.
Лепшае выйсце тут — ставіць уяўны бар'ер супраць негатыву. І галоўнае — своечасова «прыбраць» свае эмоцыі, каб не адказваць раздражнёнасцю на раздражнёнасць.
У Сяргея з «канфліктнымі» асобамі сітуацыя падобная. Спрэчкі і скаргі ўсё па той жа прычыне — налічаныя пошліны. На шчасце, наконт паштовага адпраўлення асабіста інспектара ніхто не папракне: пасылкі атрымліваюць у паштовых аддзяленнях па месцы жыхарства, куды яны прыходзяць пасля мытнага кантролю. Можна толькі накіраваць на мытню пісьмовы зварот з просьбай перагледзець суму пошліны.
— Вось, напрыклад, возьмем гэты пакунак. Яго адрасат надзвычай часта робіць заказы за мяжой, таму мой абавязак — кантраляваць такія адпраўленні, — распавядае інспектар.
На гэты раз пошліну налічваць не давялося: усярэдзіне аказаліся звычайныя касметычныя сурвэткі, кошт якіх не перавышаў той, што быў пазначаны ў дакументах на адпраўленне. Але, па словах Сяргея, літаральна за некалькі гадзін да нашай размовы ён выявіў амаль трыццаць мабільных тэлефонаў, кошт якіх адпраўшчык з Кітая значна занізіў. У такіх сітуацыях беларускаму атрымальніку, вядома, даводзіцца даплачваць тое, што належыць.
Дарэчы, цяпер значна адрозніваюцца не толькі абавязкі, але і прафесійныя рытмы братоў. Так, на цяперашнім месцы працы ў Аляксандра — тры змены. Супрацоўнікі іх не выбіраюць, усё па графіку. Сяргей на Мінскай пошце зараз працуе па наступнай схеме: два дні праз два з 9 раніцы да 8 вечара. Безумоўна, цяжкавата, але затое ёсць некалькі выхадных, каб аднавіць сілы.
Сярод плюсоў, якія дае праца на мытні, — тут можна дастаткова хутка атрымаць прафесійнае званне, ёсць магчымасць прасунуцца па кар'ернай лесвіцы.
А вось бясспрэчны мінус, асабліва для Аляксандра, які не так даўно ажаніўся, — гэта частая неабходнасць ахвяраваць часам, які мог бы прысвяціць блізкім. Дзяжурствы ж здараюцца і ў суботу-нядзелю.
Яшчэ адно пытанне, якое хвалюе многіх — жыллё.
— Сёння будуюцца тыя, хто стаў на чаргу недзе ў 2004 годзе, таму можна падлічыць, праз колькі часу такая магчымасць выпадзе і мне,— кажа Аляксандр.
Цяпер ён атрымлівае другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці бізнес-адміністраванне. Сёння браты, на жаль, бачацца рэдка, вечарам пасля працы едуць кожны на сваю здымную кватэру. На пытанне аб тым, што патрэбна для поспеху ў кар'еры, адзін задумваецца, а другі ўпэўнена сцвярджае, што, каб дасягнуць чагосьці, найперш трэба мець добрую працаздольнасць, і толькі пасля — атрымаць ад лёсу трохі шанцавання. Бо ўдача павінна абавязкова ўсміхнуцца таму, хто гатовы шмат працаваць.
Ганна ГАРУСТОВІЧ.
Фота Надзеі БУЖАН.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.