Кожны з нас па-рознаму пераадольвае жыццёвыя перашкоды: адных цяжкасці толькі загартоўваюць, другія саступаюць і кідаюцца ў вір адчаю і тугі. Мне, безумоўна, падабаюцца першыя. Мяне заўсёды цікавілі тыя, у каго ёсць мэта, і тыя, хто ўмее дабівацца таго, чаго хоча. Гэтыя людзі выклікаюць у мяне павагу, мне падабаецца бачыць агеньчык у іх вачах. Кожны сам выбірае свой шлях, выбірае, якім яму быць.
У мяне ёсць цікавы знаёмы. Мы з сябрамі называем яго ласкава Вінцікам. Ён мне як брат. Мой сябар здзіўляе ўсіх і кожнага сваімі паводзінамі. Калі Вінт побач, то здаецца, што ўсё круціцца вакол яго. Яго светлая ўсмешка «а-ля 32, і гэта — не мяжа» дорыць цяпло і надзею.
Вінцік, нягледзячы на несур'ёзную мянушку і выгляд, вельмі адказны чалавек. Ён не апускае рукі ў цяжкую хвіліну і прыходзіць на дапамогу тым, каму яна патрэбна.
Напэўна, мой сябар памятае, што некалі і яму дапамаглі. Вінт нарадзіўся кволым і хворым. Маці адмовілася ад яго адразу пасля нараджэння, бо пабаялася адна гадаваць дзіця. Хлопчыка адправілі ў Дом дзіцяці. Там і пражыў ён да трох гадоў, пакуль яго не ўсынавіла адзінокая жанчына, якая не мела сваіх дзяцей. Вінцік жыў з ёю некаторы час, а потым... Потым прыёмная матуля пачала піць і спаганяць злосць на хлопчыку. Мой сябар трываў цэлы год, а потым уцёк. Вы можаце ўявіць шасцігадовага хлапчука аднаго на вуліцы позняй восенню? Бадзяючыся па вуліцах, Вінцік захварэў, трапіў у бальніцу, а потым — у дзіцячы дом. А ўжо адтуль, калі прайшло чатыры гады, у апякунскую сям'ю. На гэты раз майму сябру пашанцавала.
Пра ўсё гэта я даведалася пазней, калі пазнаёмілася з Вінцікам. А адбылося гэта будзённа: мы з сям'ёй змянілі месца жыхарства, мне давялося пайсці ў новую школу. У першы ж дзень я сутыкнулася з хлопчыкам, які мяне балюча штурхнуў, я нават калена разбіла. Калі настаўніца прывяла мяне ў клас, я проста аслупянела: за апошняй партай сядзеў той самы хлопчык-хуліган. Нас пасадзілі разам. З таго часу мы перажылі шмат сварак і прымірэнняў.
...Аднойчы Вінцік пасля ўрокаў паклікаў мяне з сабою. Мы накіраваліся ў дзіцячы дом, што побач з нашай школай. Аказалася, што хлопец часта сюды наведваецца. Мой сябар расказаў, што летам, працуючы на мойцы машын, зарабіў грошы, якія цалкам аддаў дзецям-сіротам.
Мы і раней добра ладзілі, а пасля сумеснага паходу ў дзіцячы дом сталі яшчэ бліжэй. Мы разам некалькі разоў на тыдзень наведваем малодшых выхаванцаў. А ў школе малыя непаседы не даюць нам пакою кожны перапынак. Мая матуля штодзень дзівіцца, як я магу з'есці ў школе столькі пячэння і цукерак!
А мне ўсё падабаецца. Гэта маё жыццё, гэта мой выбар, як і выбар майго сябра. Ён ёсць у кожнага: прайсці па жыццёвым шляху ценем ці, наадварот, упарта, мужна супрацьстаяць перашкодам. І ўспамінаецца тады вядомая прыпавесць пра крыж... У кожнага ён свой. І трэба памятаць, што, несучы яго, мы спазнаём радасць і шчасце перамог. Як Вінцік з вачамі колеру свежай травы.
Юлія КЕДЭЛЬ, вучаніца 7 класа СШ №3 імя В.М. Усава г. Гродна.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.
«Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым».
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?