Вы тут

Алё, народ на провадзе


Цяжкая формула

Вышэйшую адукацыю я атрымліваў у сценах Усесаюзнага завочнага політэхнічнага інстытута. Нехта з дасціпных можа сказаць «завушнага», бо там, маўляў, студэнтаў за вушы цягнуць. Можа, недзе гэта і так (асабліва — цяпер, калі платнік-завочнік нібы тая курыца, што нясе залатыя яйкі), але ж не ў нас, бо нас (прынамсі, тады) на іспытах па ўсёй строгасці пыталі.

Дык вось. Лічаныя хвіліны застаюцца да экзамену па фізіцы, а я ніяк не запомню формулу — толькі адну. І пры гэтым дакладна ведаю, што ў адпаведнасці з так званым законам подласці менавіта яна можа трапіцца ў білеце.

Што рабіць? Ну, вядома ж — напісаць яе на далоні. А далей...

Заходжу я на экзамен, цягну білет. З палёгкай уздыхаю, убачыўшы, што злашчаснай формулы там няма... Адказваю на патрэбныя пытанні, паспяхова рашаю задачку. Але экзаменатарцы гэтага мала. Яна просіць мяне... назваць тую формулу. З усёй сілы напружваю памяць... Марна!

— Не мучцеся, — усміхаецца раптам выкладчыца, — яна ж у вас на руцэ напісана. Можаце паглядзець... І, калі ласка, растлумачце мне, што азначаюць велічыні, якія ў яе ўваходзяць.

Камень з душы, бо гэта ж зусім не цяжка!

Так што адзнаку на тым экзамене я атрымаў добрую і, вядома, па праве, бо ў фізіцы галоўнае не механічнае запамінанне формул, а іх разуменне.

Мікалай Старых, г. Гомель.

Мы з Тамарай...

Пятро — весялун, гарманіст, мужчына ў поўным росквіце сіл (бо дзе яны цяпер, тыя мужчыны?) — чалавекам быў паважаным... Яшчэ і за тое, што не цураўся ніякай жаночай работы. Мог, напрыклад (і ведаў як!) квахтуху на яйкі пасадзіць, рыжыкаў з груздочкамі на зіму насаліць, умеў з агуркоў насенне сабраць так, што кожная «лодачка» ў яго ўзыходзіла...

А вось пра Тамару, жонку яго, у акрузе ледзь не анекдоты хадзілі. Баялі, прынамсі, што яна — такая флегма, такая спакайнячка — сваю ж лазню тушыць не пайшла, пакуль па тэлевізары кіно не даглядзела!

І не сказаць жа, каб дурніцай была, не сказаць, каб гультайкай! Нешта рабіла — і ў хаце, і па гаспадарцы. Можа, проста ёй досведу бракавала? Ці, як той казаў, рукі не адтуль раслі?

Карацей — неяк напрадвесні мясцовы фермер узяўся парасят прадаваць: усе ў яго куплялі. Разам з усімі і Пятро падаўся — дадому парсючка прынёс. Дарэчы, не маленькага ўжо. У хлевушку выпусціў, жонку паклікаў. Разам яны паглядзелі, палюбаваліся, разам памарылі, як падгадуюць, як зімой заколюць, як насоляць сальца свайго, як каўбас наробяць...

Такім чынам, гаспадыня ўзялася карміць тое свінчо, гадаваць. Адзін дзень у яе ў клопатах прайшоў, другі — вішчыць гадаванец, можна сказаць, хлеўчык разносіць.

— Нейкае нягеглае парася майму Пятру падсунулі, — разважае ля студні Тамара. — Хворае, відаць. Не ведаю, што рабіць.

Бабы ёй:

— А ці есць жа?

— Есць! Я яму ў місачку налью, занясу, то ўраз апрастае!..

Пасмяяліся жанкі! Потым патлумачылі кабеце, што трэба рабіць, каб тое чаканае сальца на парасяці расло. І што вы думаеце? Хвілін праз дваццаць пацішэла на падворку — перастаў пішчаць той «хворы» парсючок. А далей — аджыў, павесялеў, хвосцік як той свярдзёлачак стаў завівацца.

Так што бліжэй да Каляд у Тамары ўжо ладны парсюк у хлевушку стаяў. «Яму, як высвятляецца, адной місачкі варыва мала было», — здзіўлялася гаспадыня.

Што мужык яе? Ды на лёс, як ні дзіўна, ніколі не скардзіўся, на жонку не злаваў — ні тады, калі парсючок галодны пішчаў, ні тады, калі лазня згарэла...

Мусіць, праўду людзі кажуць: не любіў — забіў бы, а любіш... І ўсё даруеш.

Т. Раманава, г. Наваполацк.

Было, не было...

У тую будаўнічую брыгаду людзі як на падбор сышліся: дружныя ўсе, вясёлыя. Для такіх дзень без жартаў — што абед без солі...

Працавала тут і пара маладых сужэнцаў — Анюта з Валодзем. Яна па слова ў кішэнь не лезла, на жарты не крыўдавала, ды і сама была аматаркай пашуткаваць... А вось муж яе трохі іншы: у тым сэнсе, што сам пасмяяцца любіў, але ж, каб нехта ды, крый Божа, з яго...

Дык вось. Ідзе неяк тая Анюта з абеду (палуднаваць часам дамоў хадзілі). Ідзе адна, борздзенька, настрой, можна сказаць, выдатны...

— Мусіць, нешта смачнае з'ела? — цікавіцца адзін з супрацоўнікаў.

Не паспела адказаць, другі свае «тры грошы» ўтыкае:

— А можа, у абед што было? — пытаецца. — Ну прызнайся, дзеўка.

Тая з форсам:

— Ну вядома ж, было!..

Адказала, карацей, ды пайшла. А на дарозе якраз яе муж з'явіўся. Хлопцы перамігнуліся і да яго: маўляў, было дык было, але ж скажы нам як?

— Што? — не сцяміў той.

— Ну, тое самае... Анюта ж пахвалілася!

— Ды не можа быць! — не паверыў вушам мужык. — Знайшла чым хваліцца!.. Во якая галава! Во які ў бабы розум...

Тыдні два пасля гэтага ён маўчаў. А мужыкі з брыгады не ведалі, што і думаць: ён крыўдаваў на жонку за тое, што прызналася? Ці, можа, за тое, што... схлусіла?

Любоў Чыгрынава,

в. Забалацце, Вілейскі раён.

У страху вочы вялікія

...Мусіць, у кожнага ў памяці яго першы клас, першае каханне, першы пацалунак... Я — ніколі не забудуся сваю першую паездку за мяжу, у Балгарыю.

Нам з жонкай было тады па 23, нашаму першынцу — два з паловай. Туды прыляцелі на самалёце, засяліліся ў гасцініцу. Дагэтуль перад вачыма від з балкона: сёмы паверх у нас, а пад ім, можна сказаць, мора.

І з суседзямі тады пашчасціла. Яны прыляцелі з Масквы, былі трохі старэйшыя за нас, але таксама з хлопчыкам. Так што ўсе наступныя дні мы ўжо разам снедалі, разам хадзілі на пляж, а потым, калі прыгравала сонца, пачыналі «пачкавацца»: жонкі, як правіла, ішлі на рынак альбо па крамах, мы з тым масквічом маглі ў гэты час пасядзець у нейкай вулічнай кавярні — выпіць піва, паглядзець футбол, пагуляць у шахматы, з'есці марозіва... Што да дзяцей, то яны ў залежнасці ад настрою — прымыкалі альбо да «дзяўчат», альбо да нас... І ўсё было добра, але ж, як водзіцца, да пары.

У той дзень масквічы пайшлі купляць сабе скураныя абновы. Яны загадзя нешта намералі, так што заставалася (па іх словах) драбяза: канчаткова вызначыцца ды аплаціць.

Маю жонку яны бралі за дарадцу. Я з дзецьмі ішоў на пляж.

Час там цягнуўся ну проста вяроўкай: я нешта спрабаваў чытаць, глядзеў, як хлопцы будуюць крэпасць, як паводдаль тутэйшыя мужыкі вудзяць рыбу... Прыпякала сонца — страшэнна хацелася ў ваду. А таму, пакінуўшы свайго малога на амаль вялікага (сыну масквічоў было 11), я палез асвяжыцца.

Мора было вельмі спакойнае і (канец мая) досыць прахалоднае. Але ж як па мне, дык паплаваць у такім — адно задавальненне, падчас якога, дарэчы (і ці вам казаць?) неяк не існуе ні часу, ні адлегласці...

Я паплыў... І наўрад бы яшчэ спыніўся, калі б...

Наперадзе нешта — жывое, рухомае? Паўкруглае... Ага: гэта спіны! Чые? Ну вядома ж... акул?!

Ад жаху і тут жа, на месцы, я гатовы быў утапіцца, але ззаду ў мяне, на пустым, можна сказаць, беразе засталіся дзеці. Таму я развярнуўся і што было духу паплыў назад.

Бераг быў далёка. Напэўна, ад гэтага мне здалося, што дзеці (і забараняў жа!..) таксама ў вадзе, а значыць, у небяспецы, бо акулы, напэўна ж, плывуць следам за мною?

Тут жа ўспомніўся нейкі фільм-«жудасцік», у якім гэтыя драпежніцы, напаўшы на людзей, абгрызалі ім канечнасці  — рукі, ногі...

Каб пазбавіць іх лёгкай здабычы, я намацаў нагамі дно — паспрабаваў бегчы. Гэта было цяжэй і, галоўнае, марудней. А яшчэ горш — акулы, блізкасць якіх я «адчуваў спінным мозгам», маглі грызануць за штось іншае... Дык няхай ужо лепш за ногі... Калі дагоняць...

— Ратуйце! — нема прасіў я, хоць і разумеў, што з такой адлегласці рыбакі мяне наўрад ці пачуюць. Тады я стаў крычаць дзецям, каб вылезлі з вады. А сам...

Ніколі ў жыцці я не плыў хутчэй...

Бераг, як здавалася, быў ужо блізка. Дзеці, дзякаваць Богу, не ў вадзе. Да іх, пачуўшы мой лямант, падышлі рыбакі.

— Там... дзве ак-ку-улы! — заікаючыся, пракрычаў ім я.

— Татачка, глянь,— паказваў ручкай малы. — Там два... дэльфіны! Ну глянь!

Прыйшлося стаць на ногі і азірнуцца: паводдаль ад берага, там, дзе я толькі што быў, то вытыркаліся, то хаваліся ў вадзе дзве шырокія спіны. Адкуль мне было ведаць, чые яны?

А дзеці, з «падачы» рыбакоў, дык нават мамам іх паказалі... І потым расказалі, як я бег па вадзе, «аки посуху», як плыў і крычаў: «Ратуйце!..»

Што цікава, потым усе 16 дзён на моры мы пастаянна ўзіраліся ў далячынь: хацелі (асабліва дзеці) яшчэ раз убачыць дэльфінаў... Але больш яны не паказаліся! Прычым ні разу! Масквічы сказалі, што гэта ўсё з-за мяне, што гэта я іх так напалохаў...

Т. А, г. Мінск.

Рубрыку вядзе
Валянціна Доўнар.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.