Спачатку здаецца, што натхненне вельмі лёгкае, ледзь улоўнае, летуценнае… Калі бярэш статуэтку «Залатой Ліцеры» ў рукі, то адразу адчуваеш бронзавы цяжар адказнасці. Але ж той, хто хаця б аднойчы зразумеў, што значыць «нараджаць» словы, сказы, абзацы і, нарэшце, тэкст, ведае і пра цяжар самога натхнення, пад якім часта можна і загінуць.
На думку першага намесніка міністра інфармацыі Беларусі Ліліі Ананіч, конкурс друкаваных сродкаў масавай інфармацыі дапамагае гадаваць нацыянальную інфармацыйную прастору. «Дзесяць гадоў таму ініцыятыва Міністэрства інфармацыі аб правядзенні конкурсу атрымала падтрымку Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Менавіта тады выдатная скульптура Аляксандра Фінскага набыла сваю назву і медыйнае жыццё», — адзначыла Лілія Ананіч на цырымоніі ўзнагароджання. Паводле яе слоў, больш за дзвесце натхняльных статуэтак за гэты час знайшлі сваіх гаспадароў у розных кутках Беларусі.
Галоўная журналісцкая ўзнагарода — мара, бадай, кожнага газетчыка. І, хутчэй за ўсё, справа нават не ў жаданні здаволіць пачуццё гордасці. Ён кожны дзень шукае, думае, піша, зноў шукае, бяжыць, каб паспець, паспявае — і гэтак бясконца. Нават у адпачынку і быццам бы ў выхадныя ён не выходзіць з гэтага кола. Выйшаў — усё, ты не журналіст. І ўзнагарода патрэбна для таго, каб разумець, што ты бегаеш не марна. Каб самому сабе сказаць: «Раз атрымалася, значыць, трэба яшчэ лепей». Толькі гэта і патрэбна творчаму чалавеку — прызнанне. Наша газета яго адчула: дзве «Ліцеры» (сярод якіх Гран-пры) і чатыры лаўрэаты — выдатны вынік. Што асабліва прыемна адзначыць, — сярод іх — партал Выдавецкага дома «Звязда». Мы стараемся ісці ў нагу з часам, актыўна працуем над інтэрнэт-версіяй, і нашу працу заўважылі, спадзяёмся, і нашы чытачы.
Усе, хто атрымаў статуэткі ці стаў намінантам, хутка забыліся на ўзнагароды і зноў без стомы працуюць. Хаця яшчэ пазаўчора, перад цырымоніяй у Палацы Рэспублікі, усе нервова праходжваліся па зале і думалі, ці вартыя яны ўсё ж такі бронзавага «натхнення»… Многія журналісты схільны да самакрытыкі, і гэта, шчыра кажучы, добра. Нават дапамагае ў працы. Але гэта ж і прычына хвалявання. Усе — зусім «зялёныя», вопытныя і агульнапрызнаныя мэтры — аднолькава перажывалі, як школьнікі перад выхадам да дошкі. Як бы там ні было, а хочацца адчуць сябе першым. Хаця б ненадоўга. Яшчэ больш хваляванне ўзрастае тады, калі выходзіш на сцэну і побач з табою стаяць калегі з іншых выданняў. Раней ты стаяў з імі побач з дыктафонам у выцягнутай руцэ, а цяпер думаеш: «Можа быць, ён глыбей за мяне зразумеў і апісаў нейкую з'яву ці падзею?» Але вось называюць пераможцу. Нават калі гэта не ты, усё роўна радуешся. За свайго калегу, за ягоную працу. Шчыра віншуеш пераможцу і разумееш, што сапраўды нешта недапрацаваў. А гэта яшчэ больш падбадзёрвае на плённую дзейнасць, чым перамога, бо ты ўжо прыдумаў, што напішаш далей. Кола не мае канца. Наступным годам сустрэнемся зноў!
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.
«Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым».
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?