Як у вёсцы Вялікая Быхаўшчына газ праводзілі
У нумары за 13 снежня мінулага года быў надрукаваны артыкул «Труба Пандоры, або Як газіфікацыя адной вёскі прывяла да нечаканага вострага канфлікту». Газета паабяцала сачыць за тым, як будуць разгортвацца падзеі далей, і сёння мы зноў звяртаемся да гэтай тэмы, бо канфлікт так і не ўладжаны канчаткова.
Вяскоўцы аднесліся да сітуацыі з разуменнем, за выключэннем аднаго чалавека...
Нагадаем, што пры газіфікацыі вёскі Вялікая Быхаўшчына Нясвіжскага раёна ў адладжаную схему працы «ўварваліся» некаторыя нечаканыя фактары. На першы погляд, да такога фактару можна аднесці асаблівасці планіроўкі вясковай вуліцы. Але гэта толькі на першы погляд. Насамрэч усё складаней. Толькі давайце спачатку пагаворым усё ж такі пра планіроўку.
Як расказваюць спецыялісты, пры правядзенні газіфікацыі ў гэтай вёсцы ў дагаворы было ўказана, што для таго, каб зрабіць кошт работ таннейшым, земляныя работы ад кропкі ўрэзкі газаправода да хаты выконваюць самі члены газавага кааператыва.
Вяскоўцы паставіліся да сітуацыі з разуменнем, за выключэннем аднаго чалавека — Вольгі Шыбіцкай. Справа ў тым, што ў кожнага гаспадара хаты аказаліся розныя затраты. І Вольга Шыбіцкая са сваімі не пагадзілася.
— Адна справа, калі прысядзібныя ўчасткі аддзяляе ад дарогі невялічкі тратуар і трэба пракапаць усяго пяць ці сем метраў, — заявіла Вольга Шыбіцкая. — Але ж паміж маім домам і вуліцай знаходзіцца сквер шырынёй у паўсотні метраў, які быў пасаджаны ў памяць аб загінулых ваярах. Сквер мне не належыць, ён агульны. Я не згодна аплачваць гэтую работу.
Але калі выдаткі павесіць на кааператыў, то атрымаецца, што пракладку траншэі будуць аплачваць астатнія яго ўдзельнікі. Таксама не зусім справядліва.
Летась 1 верасня кааператыў на пазачарговым сходзе выключыў Вольгу Шыбіцкую са сваіх радоў — за невыкананне ўмоў статута. Але з 39 членаў кааператыва на сход прыйшоў толькі 21. І хоць усе яны прагаласавалі аднагалосна, але ж, каб адбыўся кворум, неабходны ўдзел дзвюх трацін удзельнікаў — гэта значыць, 26 чалавек. Таму быў арганізаваны падомны абход усіх членаў кааператыва, якія па розных прычынах не з'явіліся на сход. Амаль усе выказаліся за выключэнне аднасяльчанкі са сваіх радоў.
Але Вольга Шыбіцкая падала ў суд Нясвіжскага раёна скаргу, якая датычылася аднаўлення яе ў спажывецкім газавым кааператыве. Суд разгледзеў матэрыялы справы і вынес рашэнне на карысць Вольгі Шыбіцкай, абгрунтаваўшы яго тым, што на сходзе, дзе вырашалася пытанне аб яе выключэнні, не быў дасягнуты кворум.
Так выглядалі справы на момант напісання першага артыкула. А што ж цяпер?
«Я нічога дрэннага не зрабіла...»
Спачатку пра прыемнае: амаль усе жыхары Вялікай Быхаўшчыны сёння ўжо жывуць з газам. «Раніцай высунеш руку з-пад коўдры — у хаце цёпла!» — гавораць вяскоўцы.
Людзі лічаць, што правесці газ за рэкордна кароткі тэрмін удалося дзякуючы энергіі і прабіўным здольнасцям старшыні кааператыва Алене Рабко. Усе ўдзячныя Алене Іванаўне, акрамя аднаго чалавека — Вольгі Шыбіцкай, якая так і засталася без газу.
Справа ў тым, што аднасяльчане не пагадзіліся з рашэннем Нясвіжскага раённага суда і падалі іск у абласны суд, які адмяніў вышэйназванае рашэнне.
Праўда, Вольга Канстанцінаўна сцвярджала аб сваёй гатоўнасці судзіцца зноў. Але судзіцца ўжо фактычна няма с кім, бо тэрмін правамоцтваў кааператыва ўжо выйшаў і ў красавіку апошні быў расфарміраваны.
Цяпер Вольга Шыбіцкая абвінавачвае старшыню кааператыва ў тым, што тая не паказала ёй у свой час дагавор, што праклала сабе газавую трубу бясплатна і шмат яшчэ ў чым. «Я нічога дрэннага не зрабіла. Навошта мяне выключылі з членаў кааператыва?» — абураецца яна. І незразумела, шчырае гэта абурэнне ці не вельмі. Таму што мясцовыя ўлады ішлі ёй на ўступкі і ўсімі сіламі намагаліся вырашыць гэтае пытанне мірным шляхам.
Планіроўка вуліцы тут насамрэч ні пры чым?
«Я ведала, што газіфікацыя вёскі — гэта няпроста, але не думала, што прыйдзецца яшчэ хадзіць па судах», — гаворыць старшыня газавага кааператыва Алена Рабко. «І планіроўка вуліцы тут насамрэч ні пры чым, — упэўнена Алена Іванаўна, — бо яна не мае ніякага значэння. Ёсць паняцце «вулічны газаправод» і «газаправоды-ўводы да дамоў». Вольга Шыбіцкая гаворыць, што да яе хаты трэба капаць занадта доўгую траншэю. Але гаспадар дома плаціць толькі за капанне гэтай траншэі, а за пракладку трубы на гэтую ж даўжыню будзе плаціць кааператыў. І мы згадзіліся аплачваць гэта. 13 ліпеня, перад тым, як прыступіць да работ, сход цягнуўся дзве гадзіны. Усе прыйшлі да кансенсусу, акрамя аднаго чалавека... У рэшце рэшт, у інваліда першай групы Івана Дзянішчыка адлегласць ад вуліцы да дома прыкладна такая ж, як і ў Шыбіцкай, але ён не патрабаваў капаць траншэю за агульны кошт. Вольга Канстанцінаўна спасылаецца на тое, што сквер — агульнае месца, але луг, праз які капалі траншэю Дзянішчыкі, — таксама не іх уласнасць. І іншыя людзі, чые хаты знаходзяцца далёка ад трасы, таксама выкапалі траншэю за свае сродкі. І сёння яны з газам... Гаворка ідзе аб тым, што ў вёсцы ўсе павінны быць роўнымі перад законам. Шыбіцкая — не звышчалавек, і не трэба патураць яе капрызам»...
«Такое ўражанне, што яна нагнятае абстаноўку...»
— Усе дакументы, якія Вольга Шыбіцкая патрабавала, кааператыў, хоць і са спазненнем, але прадставіў, — гаворыць кіраўнік справамі Ланскага сельскага выканаўчага савета Людміла Буглай. — Яна захацела прачытаць статут. Мы знялі копію, якую я сама адвезла ёй, пад подпіс. Завезла копію дагавора... Але яна вышуквае кожны раз новыя прычыны.
Пасля выключэння Вольгі Шыбіцкай кааператыў адправіў ёй унесеныя ёю грошы па пошце. Але з гэтай сумы вылічылі грошы за праект. Шыбіцкая ўнесла 8 млн 300 тыс. рублёў, а праект каштаваў каля аднаго мільёна — праект жа на падвод газаправода да яе дома рабіўся. Таму ёй вярнулі 7 млн 300 тыс. рублёў — астатнія грошы пайшлі дзяржаве за праектныя работы. Але Вольга Канстанцінаўна не згодна з гэтым.
— Такое ўражанне, што яна нагнятае абстаноўку і сілкуецца нашай энергіяй, — уздыхае Людміла Буглай...
Ад рэдакцыі:
Спрабуючы разабрацца ў гэтай гісторыі, я ўважліва выслухала ўсе бакі канфлікту, у тым ліку і Вольгу Шыбіцкую. І некалькі разоў сутыкнулася з тым, што розныя людзі, не згаворваючыся, казалі: маўляў, хтосьці сапраўды мае права на льготы і паслабленні, але маўчыць і не карыстаецца імі. А хтосьці — патрабуе для сябе нават тое, на што не мае ніякага права.
Што тут сказаць? Па-чалавечы Вольгу Шыбіцкую шкада. Але выйсце ёсць: калі яна сапраўды хоча правесці сабе газ, то гэта магчыма. І спецыялісты ўжо агучылі як. Трэба толькі ўзняцца над сваёй крыўдай і паспрабаваць знайсці паразуменне.
Святлана Бусько
А як каменціруюць гэтую сітуацыю спецыялісты і прадстаўнікі мясцовай улады?
Выйсце ёсць, але трэба будзе цалкам заплаціць выдаткі
Дырэктар раённага ўпраўлення «Нясвіжрайгаз» Уладзімір Барташэвіч:
— Згодна з Указам Прэзідэнта № 368, у малых гарадах да 20 тысяч насельніцтва фінансаванне правядзення будаўнічых работ па прыстасаванні газаправодаў з газаправодамі-ўводамі ідзе наступным чынам: 70% складаюць бюджэтныя сродкі і 30% — сродкі насельніцтва. Па вышэйзгаданым аб'екце, а менавіта газазабеспячэнні жылых дамоў вёскі Вялікая Быхаўшчына Нясвіжскага раёна, былі праведзены раённыя таргі. Перамагла ў іх ТАА «Стоўбцыгазбуд». Быў заключаны дагавор паміж заказчыкам (раённае ўпраўленне газавай гаспадаркі), першым інвестарам (УКБ Нясвіжскага райвыканкама) і другім інвестарам (кааператыў).
У дагаворы ўказвалася, што для патаннення земляныя работы ад кропкі ўрэзкі да хаты вырабляюць члены кааператыва ўласнаручна. Грамадзянка Шыбіцкая адмовілася вырабляць земляныя работы. Пазней нам прыйшоў ліст, што яна выключана з членаў кааператыва.
Потым, калі ад Шыбіцкай пайшлі скаргі, было прынята рашэнне дапамагчы ёй зрабіць земляныя работы пад акт выкананых работ. Але Шыбіцкая адмовілася.
Цяпер аб'ект здадзены ў эксплуатацыю, усе сумы асвоены і закрытыя.
З гэтай сітуацыі цяпер выйсце адно: калі Шыбіцкую выключылі з членаў кааператыва, яна можа пабудаваць газаправод-увод, але толькі з дазволу былых членаў кааператыва (згодна са статутам, за былымі членамі кааператыва застаецца права на працягу 5 гадоў даваць дазвол на падключэнне да газаправода або адмаўляць у такім дазволе). Пры гэтым райвыканкам будзе прымаць рашэнне аб газіфікацыі са 100-працэнтным пакрыццём выдаткаў самой Шыбіцкай. Так што ўсё залежыць ад яе жадання. Мы і раённыя ўлады ішлі ёй на ўступкі, але паразумення не адбылося.
Справа ў нежаданні?
Старшыня Нясвіжскага раённага Савета дэпутатаў Валерый Лазюк:
— У статуце кааператыва было запісана, што падводы да дамоў павінны ажыццяўляць самі жыхары. Камусьці даводзілася капаць 20 метраў, камусьці — 50 або 100. Шыбіцкая адмовілася, і кааператыў выключыў яе са сваіх радоў.
Але я лічу, што выключылі яе няправільна, таму што не было кворуму. Тое, што людзі хадзілі па дамах і збіралі заявы, — неправамоцна. Калі б у статуце было запісана, што члены кааператыва, якія не з'явіліся на сход, могуць падаць свой голас «за» ці «супраць» у пісьмовым выглядзе, — гэта іншая справа. Але такога запісана не было. Таму кворуму як такога не было.
І наш суд прызнаў яе выключэнне няправільным. Але пракурор угледзеў, што ў суд была пададзена скарга, а не іск. Гэта вялікая розніца. Таму абласны суд адмяніў рашэнне Нясвіжскага раённага суда. Цяпер, каб Шыбіцкая магла аднавіцца ў кааператыве, ёй трэба падаць іск. Я ёй тлумачыў, што не трэба цягнуць з ім, бо кааператыў у красавіку будзе расфарміраваны.
Калі суд прыме рашэнне па іску, што выключылі Шыбіцкую няправільна, і жанчына будзе адноўлена, то яна зможа правесці сабе газ. Але пры гэтым аплачваць ёй прыйдзецца ўсе работы на 100%. Ільготы для гэтага кааператыва не прадугледжаны, бо тэрміны яго паўнамоцтваў ужо мінулі.
Цяпер няхай яна крыўдуе сама на сябе. Мы ішлі ёй на ўступкі. Угаварылі напісаць заяву на выдзяленне разавай матэрыяльнай дапамогі па лініі сацыяльнай абароны і аказалі гэтую дапамогу. Дырэктар «Нясвіжрайгаза» асабіста прыязджаў да яе, каб заключыць дагавор. Пры гэтым «Нясвіжрайгаз» згодны быў пракапаць ёй траншэю. Жанчыне трэба было даплаціць толькі недзе 270 тыс. рублёў. Ёй прапаноўвалі пракласці трубу, а потым, калі пажадае, яна можа працягнуць судзіцца...
Ведаеце, у мяне стварылася ўражанне, што ў Шыбіцкай не было жадання праводзіць газ. Бо за кошт кааператыва нават быў зроблены пракол пад дарогай, каб яна магла ўрэзацца. У яе пры гэтым былі б невялікія выдаткі. Я ў Шыбіцкай пытаўся некалькі разоў: «Якое абсталяванне вы ўжо купілі?». І зразумеў, што яна нічога не купляла. Яна проста нагнятае абстаноўку...
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.
«Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым».
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?