Генеральны спонсар чэмпіянату свету па хакеі, кампанія Skоdа, перадала дырэкцыі хакейнага першынства ў Мінску 46 аўтамабіляў
Кампанія ўжо на працягу 22 гадоў з'яўляецца галоўным спонсарам планетарнага першынства. Гэта самае доўгае генеральнае спонсарства ў гісторыі міжнародных спартыўных спаборніцтваў.
Кожны год арганізатарам чэмпіянату прадастаўляецца ад 40 да 50 аўтамабіляў. На працягу 22 гадоў сумарны прабег гэтых машын склаў каля 5,5 млн км падчас іх афіцыйнага выкарыстання на чэмпіянатах.
Як адзначыў намеснік дырэктара «Дырэкцыі па правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай» Аляксандр ШЭВЕЛЬ, перададзеныя аўтамабілі будуць выкарыстоўвацца для перамяшчэння афіцыйных асоб і ганаровых гасцей чэмпіянату. Таксама імі могуць скарыстацца ўсе прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі хакея, пачынаючы ад прэзідэнта Рэнэ Фазеля і заканчваючы звычайным супрацоўнікам і ўдзельнікам спаборніцтваў. Аўтамабілі таксама будуць у «Мінск-Арэне» і «Чыжоўка-Арэне», адна машына будзе знаходзіцца ў аэрапорце Мінска.
Плануецца, што пасля завяршэння чэмпіянату ўсе машыны будуць рэалізаваныя. Зніжка на іх складзе не менш за 20%.
Аляксандр Шэвель распавёў пра тое, як праходзіць завяршальная стадыя падрыхтоўкі чэмпіянату свету:
—Цяпер пачынаецца самая гарачая пара для арганізацыйнага камітэта чэмпіянату. З учарашняга дня ўступіў у сілу ўказ аб бязвізавым уездзе ў Беларусь гасцей і ўдзельнікаў спаборніцтваў. Ужо гатовы ўсе дагаворы па абслугоўванні і харчаванні спартсменаў. Каманды-ўдзельніцы прыбудуць у Мінск 6–7 мая.
Намеснік дырэктара таксама адзначыў, што завяршаецца і рэалізацыя білетнай праграмы на чэмпіянат, распрададзена каля 80% усіх квіткоў. Праблем з наведвальнасцю матчаў не чакаецца. Паводле яго слоў, на чэмпіянат свету ў Мінску ўжо акрэдытавана 260 журналістаў і 130 фотакарэспандэнтаў, такім чынам, агульная квота Міжнароднай федэрацыі хакея ў 400 акрэдытаваных прадстаўнікоў СМІ ўжо практычна запоўнена. Зараз завяршаюцца работы па стварэнні інфраструктуры на хакейных арэнах і ў фан-зонах. Што тычыцца цырымоніі адкрыцця чэмпіянату, Аляксандр Шэвель не змог раскрыць усіх сакрэтаў, сказаўшы толькі, што прадстаўленне, згодна з міжнародным рэгламентам, зойме 15 хвілін і адбудзецца 9 мая перад матчам Беларусь — ЗША.
—Чэмпіянат свету па хакеі — гэта вельмі важная для ўсіх нас і вас падзея. Спаборніцтвы будуць транслявацца ў 120 краінах па 300‑х тэлевізійных станцыях. Упершыню з 2006 года сусветнае першынство па хакеі праходзіць у адным горадзе, і я вельмі ўражаны Мінскам. У вас фантастычная інфраструктура і выдатныя арэны, гэта лепшая камбінацыя, якую я бачыў за апошнія 10 гадоў. Горад гатовы для правядзення чэмпіянату, — адзначыў Крыстоф Маўэр, дырэктар па зімовых відах спорту кампаніі «Інфронт», камерцыйнага партнёра чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.
Дар'я Лабажэвіч
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.