Жыхары Слаўгарадскага раёна навучыліся весці гаспадарку на забруджаных землях.
Таццяна Гурына і цяпер сумуе па тым часе, калі ў лесе за ракой Сож можна было смела збіраць чарніцы і суніцы. Смачныя ягады ў яе сям'і штогод сушылі вёдрамі на печцы, каб потым пад зімовыя завыванні завірухі піць духмяную гарбату каля грубкі. А які смачны суп атрымліваўся з баравікоў! Іх таксама ў слаўгарадскіх лясах было шмат. Некаторыя прадпрымальныя людзі нават мяшкамі вазілі каштоўныя нарыхтоўкі ў Маскву ці Ленінград і зараблялі на іх вялікія грошы. Сёння лясных дароў таксама хапае, але яны нясуць у сабе радыеактыўную атруту. Той злавесны красавіцкі дзень 1986 года, які прынёс з поўдня чорную хмару, цалкам змяніў звыклы лад жыцця.
Пад радыяцыйным каўпаком
— Раніцай 1 мая мы разам з маленькай дачкой хадзілі на свята. Аб тым, што здарылася, даведаліся толькі вечарам у гэты ж дзень, — успамінае жыхарка Слаўгарада Таццяна Гурына, якая на той момант працавала ў райкаме партыі інструктарам ідэалагічнага аддзела. — Гэта цяпер любую інфармацыю можна знайсці ў інтэрнэце, а тады ніхто не ведаў, што рабіць. Спачатку нават не маглі сабе ўявіць маштабы той бяды, якая з намі здарылася. Здавалася, Чарнобыль далёка ад нас, але ж на самой справе гэта быў самападман. У ліпені школы цалкам пачалі адпраўляць у больш чыстыя раёны. Але праз месяц дзеці з настаўнікамі вярнуліся дадому. Трэба было неяк жыць далей.
Прэпараты з ёдам хутка сталі дэфіцытам. Казалі, што адна кропля на шклянку малака цалкам нейтралізуе небяспеку. Але хутка даведаліся, што малако назапашвае радыяцыю. Насельніцтва пачало масава збываць кароў. І гэта таксама было няпроста. У Магілёве, напрыклад, адмаўляліся іх прымаць. Тады людзі мылі сваіх цялушак і адпраўлялі ў Бабруйск ці Крычаў, дзе патрабаванні былі менш жорсткімі.
У той год жыхарам раёна наогул прыйшлося цалкам перагледзець свой рацыён. Вельмі карыснымі аказаліся парады амерыканскага доктара Роберта Гейла — таго самага, які дапамагаў аперыраваць у Маскве пацярпелых ад атамнай радыяцыі ратавальнікаў. Яго падрабязныя рэкамендацыі, што можна есці, а што нельга, у раёне перапісвалі нават ад рукі. Адразу выключылі з дзіцячага харчавання булёны з касцей — там назапашваўся стронцый, а мяса, каб знізіць наяўнасць цэзію, вымочвалі ў саляных растворах. Кожны імкнуўся ўжываць чыстыя прадукты, якія завозілі ў крамы. Некаторыя наогул спрабавалі адмовіцца ад ўсяго беларускага, але гэта было вельмі цяжка.
Хапала і такіх, якія недаацанілі небяспеку. Таццяна Гурына разам з іншымі спецыялістамі ездзіла па навакольных вёсках правяраць санітарныя ўмовы і праводзіць інструктаж, як жыць на забруджаных тэрыторыях, і наглядзелася ўсякага. Запомніла, як аднойчы прыехалі да механізатараў у інтэрнат, а там усюды бруд, пясок. Санітарны ўрач нават абурыўся: што ж вы, хлопцы, сваё здароўе не глядзіце?
Пахаваныя вёскі
— Памятаю, як высялялі Чырвоную Слабаду. Гэта быў жах, — успамінае старшыня Лапаціцкага сельвыканкама Сцяпан Байцоў. — Адзін падпалкоўнік замераў радыяцыю і ахнуў: дык тут жа 65 Кюры! Людзі плакалі, паніка была ад няведання: як, куды, навошта? У Чырвонай Слабадзе жылі 240 чалавек, яшчэ ў адной вёсцы — Кашалеў, якая трапіла пад высяленне, — 18. Збіралі сходы, тлумачылі людзям. Думалі разам, куды пераселяцца. Жыхары баяліся кідаць нажытыя месцы, але калі дзве жанчыны пераехалі, рызыкнулі і іншыя. Памятаю, да апошняга заставаліся толькі дзве сястры, але калі пачалі закопваць дамы, яны таксама не вытрымалі і перасяліліся ў Малую Бароўку, што пад Магілёвам. У мяне там сястра жыла. Прыехаў аднойчы да яе і гэтых жанчын сустрэў. Яны як убачылі мяне — заплакалі, кінуліся абдымацца, быццам да роднага. Я нават сам заплакаў. Сэрца і цяпер баліць па тых вёсках. Чырвоная Слабада вельмі прыгожая была. Дамы стаялі на беразе Проні, заможныя такія, жыхары былі скрозь гаспадары. Добрая ферма мелася, зусім яшчэ новая, школа, клуб... Цяпер на гэтым месцы лес расце. Толькі могілкі і засталіся. Людзі прыязджаюць на Радаўніцу.
Страшнейшы за радыяцыю толькі стрэс
Адна за адной зніклі з твару зямлі слаўгарадскія вёскі Запалянне, першая і другая Кулікоўкі, Кульшачы, Кліны... Кульшачы, напрыклад, цалкам перасяліліся ў вёску Заеліца Глускага раёна. Людзі стварылі там калгас «Слаўгарадскі». Але некаторыя ўсё роўна імкнуліся вярнуцца на радзіму.
Таццяна Гурына разам з сям'ёй вырашыла застацца ў Слаўгарадзе. А вось іх бліжэйшыя суседзі паехалі ў Гродзенскую вобласць, але праз 2 гады вярнуліся назад. Яны так і не сталі там сваімі. Добрых і разумных людзей, зразумела, шмат, але знаходзіліся і такія, якія балюча папракалі: вы ж ад радыяцыі свеціцеся...
На здароўе суразмоўца не скардзіцца, але лічыць, што радыяцыя ўсё ж паўплывала на імунітэт. Прастудныя захворванні цяжэй пераносяцца. Памятае, што ў школе, дзе яна працавала ў 1990-я гады, вучылася дзяўчынка, якой цалкам выдалілі шчытападобную залозу, яшчэ адзін хлопчык хварэў на лейкемію. Але сцвярджаць, што паміж захворваннямі і радыяцыяй ёсць нейкая ўзаемасувязь, могуць толькі спецыялісты.
— Мяне таксама запрашалі на працу ў Дрыбін, — успамінае 1990-я гады Сцяпан Байцоў. — Прыехаў, паглядзеў на той недабудаваны дом, які мне прапанавалі, — голыя сцены, вакол гліна — і сэрца адмовілася, запрасілася назад, у Лапацічы, дзе ў мяне было ўжо ўсё. Радыяцыя, вядома, ускладніла жыццё. Памятаю, прыехалі да нас японцы, «прагналі» праз свае спектрометры выпраменьвання чалавека і праз 10 дзён я быў ужо ў Кіславодску. Ніхто нічога не тлумачыў, адправілі — і ўсе. І такіх нас назбіралася 8 чалавек. Я быў маладым, 29 гадоў усяго, балюча ставіўся да ўсіх забарон. А іх існавала шмат: радонавыя і гразевыя ванны нельга, фізіяпрацэдуры таксама, салярый і нават звычайнае сонца — ні ў якім выпадку.
— Аднойчы да нас у школу прыехалі псіхолагі для вывучэння ўзроўню трывожнасці сярод настаўнікаў і вучняў. Ва ўсіх нас ён быў павышаны, — адзначае Таццяна Гурына. — Мы думалі, што забываем, але на ўзроўні падсвядомасці нешта ўсё роўна засталося. Толькі і тыя, хто з'ехаў, таксама не выратаваліся. Шмат хто памёр. Нездарма кажуць, што стрэс страшнейшы за радыяцыю.
Адраджэнне
Для хатніх гаспадарак Слаўгарада і раёна тым самым выратавальным колам сталі праекты па адраджэнні забруджаных тэрыторый, якія праводзяцца як дзяржавай, так і грамадскімі арганізацыямі. Такімі, як фонд развіцця сельскіх тэрыторый «Адраджэнне-Агра». У Слаўгарадзе апошнія 4 гады яго ўзначальвала Таццяна Гурына. Яшчэ да таго, як стаць дырэктарам, яна ў складзе іншых актыўных яго членаў вучылася вырошчваць экалагічна чыстую прадукцыю на атручанай радыенуклідамі глебе. Кажа, што гэта сапраўды мела плён. Калі ўносіш навукова абгрунтаваныя нормы ўгнаенняў, тады расліна замест радыеактыўнага цэзію пачынае паглынаць калій, а замест стронцыю — кальцый. У выніку атрымліваеш чысты прадукт. «А наогул мы ажыццявілі 8 карысных праектаў, — адзначыла Таццяна Аляксееўна. — Адным з іх стала стварэнне пярвічнай арганізацыі «Сяльчанка,» якая аб'яднала ініцыятыўных жанчын і дазволіла ім сумеснымі намаганнямі стварыць годныя ўмовы жыцця ў вёсцы. Мы можам ганарыцца тым, што зрабілі свой унёсак ва ўстойлівае развіццё сваёй тэрыторыі».
Дарэчы, «за жаночую крэатыўнасць у сельскім жыцці» Таццяна Гурына, адзіная ў Беларусі і другая ў маштабах СНД, атрымала ў 2012 годзе міжнародную прэмію ад жаночага фонду Сусветнага саміту (WWSF). Гэтая адзнака на міжнародным узроўні яшчэ раз пераканала ў правільнасці абранага шляху.
«Так што былой разгубленасці ў нас няма, — аптымістычна кажа Таццяна Гурына. — Цяпер мы ведаем, як жыць далей. А ўпэўненасць заўсёды дае сілы».
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Фота аўтара.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.