Усе жыхары Роўкавічаў і суседніх вёсак добра ведаюць, што прадукцыю, вырашчаную на падворках ці сабраную ў лесе, абавязкова трэба праверыць — «на радыяцыю». І ехаць у райцэнтр — Чачэрск — для гэтага зусім не абавязкова. Трэба проста прыйсці ў мясцовую сярэднюю школу. Больш за тое, дакладную інфармацыю ім прадставяць вучні, якія пад кіраўніцтвам дарослых апрацуюць матэрыял, правядуць нагляднае даследаванне на адпаведным прыборы і выдадуць дазвол або забарону на ўжыванне прадукту.
Вось і цяпер вучаніца восьмага класа Лана Мелказёрава прынесла ў школу рыбу, якую напярэдадні вылавіў яе бацька ў рацэ Чачоры. Праверку дзяўчына робіць разам з сяброўкай Аксанай Даўгацелес і выкладчыкам хіміі і біялогіі Сяргеем Касцюковым. Ён, дарэчы, адзін з кіраўнікоў аб'яднання па інтарэсах «Азбука радыяцыйнай бяспекі» — разам з настаўнікам інфарматыкі Васілём Рудабельцам. Увогуле ж такія карысныя вопыты стала магчымым праводзіць дзякуючы адкрыццю летась у гэтай установе адукацыі цэнтра практычнай радыелагічнай культуры, створанаму ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Women's Federatіon for World Peace, Іnternatіonal». Праект рэалізуецца Інстытутам радыяцыйнай бяспекі «Белрад».
Тэма радыяцыйнай бяспекі застаецца для Чачэршчыны вельмі актуальнай — гэты рэгіён знаходзіцца на забруджанай у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыі.
Тут з першага класа вучням расказваюць пра асаблівасці жыцця на зямлі, забруджанай радыенуклідамі. І ўжо ў пачатковай школе дзеткі ведаюць пра ўплыў нябачнай вокам радыяцыі на арганізм чалавека. Але інфармацыя падаецца не для таго, каб запужаць — каб навучыць жыць правільна і ўжываць толькі чыстыя прадукты харчавання. Школьнікі добра арыентуюцца, якія радыенукліды ўяўляюць самую вялікую небяспеку, да якіх наступстваў для прыроды Беларусі прывяло забруджванне навакольнага асяроддзя прадуктамі чарнобыльскага выкіду, знаёмяцца са спосабамі зніжэння радыяцыйнага ўздзеяння на арганізм чалавека... Намеснік дырэктара па навучальна-выхаваўчай рабоце УА «Роўкавіцкі яслі-сад—сярэдняя школа» Таццяна Антропава расказвае, што ўсе жыхары наваколля добра ведаюць шлях у школу — менавіта з мэтай праверкі сюды нясуць дары лясоў і палёў — у залежнасці ад сезона:
— Прыносяць малако, мяса, мёд, бярозавік, грыбы, ягады, нават сена, якое даюць свойскай жывёле. Даволі часта высвятляецца пасля такой праверкі, што колькасць радыенуклідаў у прадукце ў некалькі дзясяткаў разоў перавышае дапушчальную норму. Часцей за ўсё гэта — ягады і грыбы. Летась адзін наш вучань прынёс для праверкі бульбу са свайго агарода, які знаходзіцца ў суседняй вёсцы Крутое — гэта 5 км ад Роўкавічаў. Высветлілася: агародніна вельмі забруджаная. Мы звязаліся з бацькамі і растлумачылі, што нельга саджаць бульбу на тым полі. Многія сем'і прыслухоўваюцца да нашых парад і знішчаюць забруджаныя прадукты харчавання.
Старшакласнікі і настаўнікі па спецыяльных табліцах дапушчальных нормаў дапамогуць аднавяскоўцам праверыць інфармацыю. Напрыклад, заўважана, што малако ад вясковых кароў калі і змяшчае радыенукліды, дык у межах дапушчальных нормаў. А вось на чарніцы лепш не марнаваць час — давядзецца выкінуць, бо вельмі часта яны забруджаныя.
У межах работы цэнтра практычнай радыелагічнай культуры наладжана супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі. Установу адукацыі наведвалі французская і японская дэлегацыі. Яе ўдзельнікаў цікавілі праблемы пражывання людзей на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях. Вынікам супрацоўніцтва стаў абмен досведам работы ў гэтым кірунку.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.