___________________________________________________________________________
Рэспубліканскі літаратурны конкурс імя Максіма Багдановіча адметны тым, што ініцыятыва яго правядзення належала не толькі Саюзу пісьменнікаў Беларусі, але і Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва. Паводле дырэктар канфедэрацыі Сяргея Лысенкі, ён асабіста атрымліваў усе работы, якія прыходзілі на конкурс (іх было больш за сорак), і добрае ўражанне пакінулі творы не толькі пераможцаў.
С. Лысенка падзякаваў канкурсантам за актыўнасць і мэтанакіраванасць і адзначыў, што літаратурная творчасць — добры ўклад у іх уласны капітал: "Капіталізуйце і далей свой патэнцыял!" Першы сакратар СПБ Генадзь Пашкоў звярнуў увагу на значнасць творча-дзелавых стасункаў, сумеснай працы беларускага бізнесу і творчай інтэлігенцыі, выказаў спадзяванне, што плённае супрацоўніцтва будзе працягвацца.
Героямі ўзнагароджання, якое адбылося 16 красавіка, было не толькі сямёра пераможцаў, але і сам... Максім Багдановіч, у гонар якога праводзіўся конкурс! Уладзімір Навумовіч расказваў пра паэта і чытаў яго вершы — сустрэча ў Доме літаратараў распачалася знакамітым верлібрам "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…" Міхась Пазнякоў згадаў той час, калі давялося быць першым дырэктарам музея Багдановіча: "Я выйшаў ад міністра культуры і спыніўся: ні грошай, ні будынка, ні штата, а трэба ствараць музей! Але гэта было шчасце адкрываць, вандраваць дарогамі Багдановіча, знаходзіць яго рэчы…"
У конкурсе ўдзельнічалі не толькі жыхары Мінска, але і творцы з розных куткоў Беларусі. Ладзіліся і паэтычныя турнэ, сярод якіх самым запамінальным быў фестываль у Маладзечне. Лаўрэатамі конкурсу ў намінацыі “Паэзія” сталі Надзея Ніжнёва-Ксенафонтава, Маргарыта Латышкевіч і Алёна Папко, у намінацыі “Проза” — Віктар Сафронаў, Дар'я Лёсава і Марына Яўсейчык (адпаведна першае, другое і трэцяе месцы). Дыплом першай ступені ў намінацыі “Драматургія” атрымала Надзея Лапінская. Творы канкурсантаў неаднойчы з'яўляліся на старонках рэспубліканскага друку. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся магчымасці выдання новых твораў пераможцаў. Генадзь Пашкоў падкрэсліў, што маладыя аўтары не застануцца па-за ўвагай Саюза пісьменнікаў. У. Навумовіч быў прыкметна ўражаны шырынёй, глыбінёй і сістэмнасцю мыслення бізнесменаў — але гэтыя рысы неабходныя і кожнаму добраму аўтару. Зычым маладым пісьменнікам таксама смеласці і прадпрымальнасці! А іншых цёплых пажаданняў (як і ўзаемных падзяк) падчас урачыстасці прагучала нямала.
Янка НАТАВЕЦ
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.