Вы тут

“Кароль птушак”


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 25.04.14 г.

___________________________________________________________________________

Выстаўка аднаго дня кітайскага мастака У Цзіньляна прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця ўзялі ўдзел міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Цуй Цымін, знакаміты калекцыянер Ліу Гуанцын, які арганізаваў 11 выставак кітайскіх мастакоў у Беларусі, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў.

Кітай

 

У Цзіньлян спалучае ў сваіх творах традыцыі старажытнага і сучаснага мастацтва, піша ў стылі “малюнкі вадой і тушшу” (разнавіднасць больш агульнага стылю “гохуа”), працуе ў жанрах “горы і вада”, “кветкі і птушкі”, “бамбук”. Кітайскі мастак шырокавядомы як “Кароль птушак”, таму што выдатна іх малюе: яны сімвалізуюць сямейнае шчасце і радасць.

Кітайскі нацыянальны жывапіс “гохуа” бярэ свой пачатак у глыбокай старажытнасці. Па матэрыяле, тэхніцы і мастацкіх сродках ён адрозніваецца ад еўрапейскага. Выконваецца пры дапамозе пэндзля тушшу і фарбамі на спецыяльнай паперы або на шоўку. Адлюстраванні ствараюцца з дапамогай лінейнага малюнка, у той час як у еўрапейскім жывапісе — пры дапамозе аб’ёмаў і форм, колеру і святлаценю. Пейзаж у “гохуа” скіраваны на перадачу настрою, пры гэтым асаблівую ролю адыгрывае кампазіцыя. Жанры “горы і вада”, “птушкі і кветкі” — найбольш папулярныя ў кітайскім жывапісе.

У традыцыйным пейзажы Кітая горы лічыліся ўвасабленнем мужчынскага светлага пачатку “ян”, а вада — жаночага цёмнага пачатку “інь”, з узаемадзеяння якіх, паводле старажытных паданняў, узнікае сусвет. Горы — косці зямлі, патокі вады — вены, кроў, што пульсуе і нясе жыццё і рух.

У кітайскім жывапісе злучаюцца свет вады, свет каменя і свет дрэва. Іх аб'ядноўвае асаблівая жывапісная арганізацыя часу і прасторы, якая з’яўляецца адлюстраваннем чацвёртага, найважнейшага свету. Да свету вады далучаюцца і аблокі — “нябесныя горы”. Свет каменя спускае нас з неба на зямлю, бо камяні таксама ўтрымліваюць нябесны пачатак. Камяні лічыліся “касцяком Неба і Зямлі, манастыром духаў”. Жанр “кветкі і птушкі” таксама  традыцыя ў мастацтве Кітая. Мастакі злучаюць густую туш з лёгкай, цёмную фарбу са светлай, і з-пад іх пэндзляў выходзяць чарадзейныя абрысы птушак і кветак.

У Цзіньлян скончыў Цэнтральную акадэмію мастацтваў, праходзіў навучанне ў вядомых кітайскіх каліграфаў. Член Кітайскай асацыяцыі дзеячаў мастацтва, член Кітайскай асацыяцыі каліграфаў, член Асацыяцыі вядомых людзей КНР, старшыня Саюза кітайскіх і замежных дзеячаў мастацтва. Неаднаразова ўдзельнічаў у выстаўках у Кітаі і за мяжой, яго працы ўручаліся ў якасці падарункаў кітайскімі кіраўнікамі кіраўнікам дзяржаў і важным палітычным дзеячам замежных краін, у тым ліку прэзідэнтам і шматлікім кіраўнікам ЗША, Вялікабрытаніі, Карэі, Зімбабве, Францыі, Германіі і г. д. Творы мастака ўпрыгожваюць дзяржаўную рэзідэнцыю КНР “Чжунаньхай”, маўзалей Маа Цзэдуна, будынак Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў, яны прадстаўлены ў “Каталогу вядомых сучасных кітайскіх мастакоў” і ў даведніку “100 кітайскіх мастакоў”.

Арганізатарамі выстаўкі У Цзіньляна выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь,

Канфедэрацыя творчых саюзаў Беларусі, рэдакцыя кітайскага часопіса «Форум Азіі» і Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ.

Таццяна ШЫМУК

Выбар рэдакцыі

Культура

Наш трыццаты «Лістапад»

Наш трыццаты «Лістапад»

Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.