Ёсць прадметы, якія не могуць выкладацца ў школе толькі на тэарэтычным узроўні.
Нечаканую прапанову — зрабіць адзіны дзяржаўны экзамен па фізіцы і хіміі абавязковым для ўсіх выпускнікоў расійскіх школ — агучыла на «круглым стале», пры-свечаным перспектывам развіцця інжынернай справы ўРасіі, спікер Савета Федэрацыі Валянціна Матвіенка. Як вядома, у Расіі адзіны дзяржэкзамен з'яўляецца адначасова выпускным экзаменам за курс сярэдняй школы і ўступным экзаменам у ВНУ. Два прадметы — руская мова і матэматыка — абавязковыя для ўсіх выпускнікоў. Іншыя дысцыпліны, якія спатрэбяцца ім для паступлення, старшакласнікі выбіраюць сабе самастойна. Але з 2009 года здача АДЭ па матэматыцы і рускай мове на станоўчую адзнаку — адзіны спосаб закончыць расійскую школу. Не здаў экзамен — атэстат не атрымаеш.
2
Размова на «круглым стале» ішла пра дэфіцыт у краіне спецыялістаў з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй. На думку Валянціны Матвіенкі, часта выпускнікі і іх бацькі ідуць больш лёгкім шляхам, выбіраючы экзамены па гуманітарных прадметах. Здаваць гуманітарныя прадметы, безумоўна, «добра і цудоўна», але гэта абмяжоўвае магчымасці выпускнікоў пры паступленні ў тэхнічныя і інжынерныя ВНУ.
— Паколькі сёння востра стаіць праблема падняцця прэстыжу прафесіі, можа быць, трэба ўвесці ў абавязковыя экзамены фізіку і хімію? — запрасіла падумаць над сваёй прапановай Валянціна Матвіенка.
У Беларусі летась пасля здачы ЦТ па фізіцы за бортам аказаліся 37% яго ўдзельнікаў, якія не пераадолелі мінімальны парог. Фізіка аказалася для абітурыентаў «каменем», які яны так і не змаглі падняць. З хіміяй не справілася значна меншая колькасць прэтэндэнтаў на вышэйшую адукацыю (8% ад агульнай колькасці). Трэба нагадаць, што ў савецкай школе ўсе выпускнікі здавалі хімію і фізіку ў абавязковым парадку. Мы вырашылі пацікавіцца — ці можна прымусіць школьнікаў паважаць гэтыя дысцыпліны ўвядзеннем абавязковага экзамену, у нашых экспертаў.
Яўген ЛІВЯНТ, рэпетытар па фізіцы і матэматыцы:
— Прапанова проста феерычная. Па логіцы спраў, рэпетытары павінны ўспрыняць яе на «ўра». Школьнікі фізіку не ведаюць, а здаваць экзамен трэба. І куды яны ўсе пойдуць? Правільна, да рэпетытараў. Мне здаецца, што ў Расіі блытаюць розныя паняцці. Сапраўды, з аднаго боку, даводзіцца канстатаваць нізкі ўзровень падрыхтоўкі школьнікаў па дакладных навуках. І гэта праблема агульная для нашых абедзвюх краін. Але незразумела, як могуць палепшыць якасць ведаў дадатковыя абавязковыя іспыты? Мне здаецца, што да вырашэння праблемы падыходзяць зусім не з таго боку...
Фізікай дзіця трэба зацікавіць. А ў нас яна стала выключна тэарэтычным прадметам, ператварылася ў латынь (мёртвую дысцыпліну). Фізіка, як і латынь, якой ужо даўно не карыстаюцца, вывучаецца ў школах выключна па падручніку. Якасць падручнікаў — гэта асобная тэма: змест падручнікаў і даступнасць выкладання матэрыялу не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Для таго, каб завалодаць увагай дзяцей, патрэбна сучаснае абсталяванне, дэманстрацыйныя эксперыменты, і, галоўнае, каб настаўнікі ўмелі працаваць з гэтым абсталяваннем. А вырашаць на ўроках бясконца бессэнсоўныя задачы — сапраўдныя пакуты для школьнікаў.
Другая абавязковая ўмова паляпшэння якасці ведаў па фізіцы — гэта высокая кваліфікацыя школьных настаўнікаў. А хто сёння паступае на педагагічныя спецыяльнасці? Самыя нізкія прахадныя балы — менавіта ў будучых педагогаў. Але і пры адсутнасці конкурсу ахвотных ісці на «фізіку» і «матэматыку» можна пералічыць па пальцах. Сітуацыя з педагагічнымі кадрамі ў нашай краіне ўжо катастрафічная, праз колькі гадоў вучыць дзяцей будзе няма каму.
І трэцяя праблема — адмена профільнага навучання ў старэйшых класах. Ва ўсім свеце выкарыстоўваюцца вучэбныя праграмы па фізіцы, прызначаныя для рознага ўзроўню авалодання гэтым прадметам. Пагадзіцеся, што выкладаць аднолькава фізіку для прасунутых школьнікаў і для тых, хто не сябруе з дакладнымі навукамі, глупства. Апошнія могуць фізіку проста зненавідзець, што мы, уласна кажучы, і назіраем. І нават калі вярнуць у школу абавязковы экзамен па фізіцы, то, хутчэй за ўсё, ён ператворыцца ў прафанацыю. Чаму для многіх вынік ЦТ па фізіцы становіцца шокам? Таму што адзнакі зусім не даюць рэальнай карціны таго, наколькі той ці іншы школьнік канкурэнтаздольны сярод сваіх равеснікаў. А ў ролі экзаменатара будзе выступаць усё той жа настаўнік? Каб вырашыць праблему, не трэба падмяняць паняцці. Нельга зрабіць рамонт, калі ў цябе адсутнічаюць фарбы і пэндзлі... А пакуль у школе будуць практыкавацца цяперашнія падыходы да выкладання фізікі, рэпетытары без работы не застануцца дакладна...
Мікалай ФЯСЬКОЎ, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў:
— Для тлумачэння многіх з'яў навакольнага свету неабходна разуменне фізічных і хімічных працэсаў, але далёка не ўсе абітурыенты могуць прыгадаць, у якіх адзінках вымяраецца электрычнае напружанне... Як толькі задача ў тэсце абапіраецца на эксперымент, там абавязкова будуць няправільныя адказы. Напэўна, ёсць прадметы (фізіка, хімія, біялогія), якія не могуць выкладацца ў школе толькі на тэарэтычным узроўні, і для авалодання імі ў поўнай меры патрабуюцца практычныя навыкі, правядзенне школьных эксперыментаў і лабараторных доследаў. На гэтую праблему звяртаюць увагу і выкладчыкі, якія рыхтуюць школьнікаў да ўдзелу ў міжнародных школьных алімпіядах. А ў нас абітурыенты не могуць пазнаць прыбор, прызначаны для вымярэння хуткасці, не ведаюць, што такое барометр і што такое мензурка.
Што ж тычыцца прапановы Валянціны Матвіенкі, то я лічу, што экзамен — важны матыватар, прычым як для дарослых, так і для падлеткаў. Ён запатрабаваў бы станоўчых змен у складзе педагагічных калектываў. Вырас бы прэстыж вучэбных прадметаў, павысіўся аўтарытэт настаўнікаў, палепшыўся б і якасны склад абітурыентаў.
Ёсць погляд, што трэба мець «генетычную схільнасць» да засваення фізікі і хіміі. Дазвольце з ім не пагадзіцца. Як паказваюць асабістыя назіранні, у выдатнага настаўніка і матэматыка, і фізіка — любімыя прадметы ў вучняў, а ў дрэннага дзеці пакутуюць нават на ўроках малявання і фізічнай культуры.
Не падзяляю я і думку, што спачатку трэба стварыць спрыяльныя ўмовы для вывучэння хіміі і фізікі, а потым уводзіць абавязковы выпускны экзамен. Гэта прыкладна тое ж, калі б нашы кінематаграфісты патрабавалі пабудаваць ім здымачныя павільёны не горшыя, чым у Галівудзе, каб здымаць, так бы мовіць, «касавае» кіно. Напэўна, усё наадварот: за цікавым сцэнарыстам, таленавітым акцёрам, творчым рэжысёрам да нас можа прыйсці і той самы «Галівуд».
Пашырэнне пераліку іспытаў на цэнтралізаваным тэсціраванні дазволіла б абітурыенту мець большую манеўранасць пры выбары будучай спецыяльнасці падчас конкурснага адбору ў ВНУ. Пэўны станоўчы вынік мы атрымалі б, калі б на цэнтралізаваным тэсціраванні беларуская і руская мовы мелі статус абавязковых прадметаў. Гэта дазволіла б павысіць не толькі ўзровень моўнай адукацыі, а і прыдаць абедзвюм мовам больш значны статус у адукацыйным працэсе.
Андрэй ІВАНЕЦ, старшыня Савета маладых навукоўцаў Нацыянальнай Акадэміі навук, кандыдат хімічных навук:
— Я хутчэй не падтрымліваю ініцыятыву аб увядзенні абавязковага экзамену па хіміі і фізіцы, таму што калі нешта робіцца з-пад палкі, наўрад ці ад гэтага будзе эфект. Згодны з тым, што ў нас зашмат людзей, занятых у невытворчай сферы: эканамістаў, юрыстаў і гэтак далей. А ў вытворчую сферу маладыя людзі ідуць з меншай ахвотай. Але для таго, каб узняць прэстыж прафесіі, скажам, інжынераў-тэхнолагаў, трэба ствараць адпаведныя ўмовы для іх працы на вытворчасці, каб яны бачылі рэальныя вынікі сваіх намаганняў і каб гэтыя намаганні адэкватна ацэньваліся...
Надзея НІКАЛАЕВА.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.