Інвазіўныя віды з Паўночнай Амерыкі захопліваюць нашы абсягі.
Баршчэўнік Сасноўскага, сумнік канадскі, «шалёны агурок», рабінія псеўдаакацыя, ясенялісты клён... Апроч баршчэўніка, пра астатнія віды раслін гучна загаварылі летась, калі выявілася, што маштабы іх распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі нагадваюць сапраўдную экспансію.
Прычыны з'яўлення гэтых відаў на тэрыторыі Беларусі розныя. Баршчэўнік меркавалася выкарыстоўваць у якасці корму для жывёлы. Ясенялісты клён і рабінія псеўдаакацыя шырока выкарыстоўваліся падчас азелянення. А сумнік канадскі і эхінацыстыс лопасцевы (вядомы ў народзе пад назвай «шалёны агурок») ужываліся ў якасці дэкаратыўных раслін.
Зразумела, што з такімі агрэсіўнымі чужынцамі трэба змагацца. Так, у Мінску за апошнія два гады плошча, занятая баршчэўнікам Сасноўскага, скарацілася ажно ў чатыры разы! Ды вось толькі экспансійную эстафету ў яго перахапілі сумнік канадскі ды «шалёны агурок», якія пакуль перамагаюць чалавека...
Сумныя наступствы сумніка
— У 2010 годзе мы правялі кадастравае даследаванне беларускай расліннасці, — гаворыць загадчык сектара кадастру расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі імя
В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі Алег Маслоўскі. — Падчас яго выявілася, што на тэрыторыі краіны ўкаранілася шмат інвазіўных, чужародных для нашай флоры відаў. І «ганаровае» першае месца тут належыць сумніку канадскаму.
Гэтую расліну бачылі ў апошні час усе. Сцябліна яе вырастае на вышыню ад 50 да 200 сантыметраў. Лісце ў сумніка востравугольнае. Наверсе сцябліны знаходзяцца жоўтыя мяцёлкі.
Паўночнаамерыканскі прышэлец распаўсюдзіўся па тэрыторыі Еўразіі як прыгожая дэкаратыўная расліна. Паступова ён перасяліўся ў навакольнае асяроддзе і здзічэў. У Беларусі ён сустракаецца амаль паўсюдна.
— Сумнік прадуцыруе вялікую колькасць насення, — працягвае Алег Маслоўскі. Толькі адна мяцёлка можа даць да 20 тысяч сямянак! Больш за тое, з кожным годам сумнік становіцца ўсё больш агрэсіўным і нахабным. Вучоныя параўналі сучасныя даныя па гэтай расліне з інфармацыяй дзесяцігадовай даўніны. Аказалася, што цяпер карнявішчы расліны выдзяляюць у глебу значна больш атрутных рэчываў, чым тады. Гэта і ёсць дыверсійны механізм сумніка, які, бескантрольна распаўсюджваючыся, змяняе «пад сябе» структуру і рэзка пагаршае якасць і каштоўнасць сельскагаспадарчых угоддзяў. Тыя ж лугі становяцца малапрадукцыйнымі. А буйная рагатая жывёла сумнік не есць, бо ён вельмі атрутны. Тут жа трэба дадаць, што здзічэлы канадскі «госць» пачаў актыўна пранікаць у лясы, дзе знішчае натуральную расліннасць. На новай радзіме ён уплывае на суседнія расліны куды больш негатыўна, чым на гістарычнай. Але пры ўсім гэтым з сумніка можа здабыць і карысць. У ім знаходзіцца шэраг цікавых для вучоных рэчываў. Ужо сёння ён выкарыстоўваецца ў фармакалогіі для лячэння кардыялагічных захворванняў. Беларускія вучоныя распрацоўваюць прэпараты, якія будуць скіраваны на барацьбу з анкалогіяй...
Цэнтр арэала канадскага сумніка знаходзіцца там, дзе яго пачалі выкарыстоўваць раней за ўсё. Яго інтэнсіўна высаджвалі на могілках, прысядзібных участках, ля дамоў у вёсках... Паступова ён стаў утвараць тут буйныя папуляцыі і нават зараснікі.
Стратэгія «паводзін» сумніка зменлівая. Спачатку ён расце невялікімі групамі і развіваецца павольна. Аднак калі асобныя папуляцыі зліваюцца ў адзін вялікі масіў, тут сумнік і пачынае масіраваны наступ на вольныя ад яго тэрыторыі. І плошча, якую займае гэты від, кожны год павялічваецца на 15-20%. А гэта вельмі шмат.
Увосень сумнік з'яўляецца для месца, дзе ён расце, сапраўднай бомбай без дэтанатара. У гэтую пару старыя сцябліны пустазелля становяцца сухімі. Зараснікі яго вельмі лёгка ўспыхваюць ад выпадковай іскры...
Калі ж сумнік вырас побач з вашым прысядзібным участкам, яго неабходна як мага хутчэй выдаліць. Лепш за ўсё скошваць небяспечную расліну два разы на год. Гэта робіцца для таго, каб не даць сумніку зацвісці і ўтварыць насенне...
«Шалёны агурок» захоплівае берагі вадаёмаў
«Шалёны агурок» распаўсюджваецца хутчэй за сумнік з баршчэўнікам. Змагацца з гэтай ліянай вельмі цяжка — на сваім шляху яна аблытвае ўсё. Таму адзіны дзейсны, але няпросты варыянт — гэта знішчаць такія зараснікі падчыстую. А ўжыванне гербіцыдаў у барацьбе з «захопнікам» абмежавана тым, што расце ён пераважна ў поймах рэк...
— Гэтая ліяна на пару з сумнікам шырока выкарыстоўвалася для дэкаратыўнага аздаблення тэрыторыі, — гаворыць Алег Маслоўскі. — Цяпер жа яна таксама вырвалася з-пад кантролю. І ў перспектыве можа стаць навалай больш небяспечнай, чым сумнік, — у канкурэнцыі за месца пад сонцам з ім і баршчэўнікам «шалёны агурок» выходзіць пераможцам. Ачаг яго распаўсюджання — Палессе і пойма Дняпра. Летась пачалася імклівая экспансія эхінацыстыса на поўнач. Па цячэнні Нёмана ён ужо падабраўся да Гродна. На берагах Свіслачы гэты «агрэсар» ужо знаходзіцца на подступах да Мінска.
Нам трэба карэктаваць тактыку і пераходзіць ад абароны да рашучага наступу на гэтых дыверсантаў у раслінным абліччы. Яркі прыклад гэтага — сітуацыя з баршчэўнікам. Дзякуючы актыўнаму змаганню з гэтай навалай на тэрыторыі Мінска за апошнія два гады ўдалося паменшыць займаную ім плошчу ў чатыры разы. Але ў ідэале трэба распрацоўваць комплекс неабходных мерапрыемстваў да таго, як пачнецца экспансія чарговага небяспечнага інвазіўнага віду. Так, да нас з поўдня і ўсходу актыўна рухаецца яшчэ большая небяспека — амброзія палыналістая, якая правакуе развіццё алергіі.
Канадскі сумнік масава высаджвалі ледзь не ў кожнай вёсцы. Шмат яго расце і на могілках — людзей падкупіла яго прыгажосць і непераборлівасць да знешніх умоў. Але цяпер маштабы распаўсюджання гэтай расліны прынялі сапраўды пагражальныя для аграрнага сектара памеры. Таму навукоўцы звяртаюцца да ўсіх з заклікам: не саджайце сумнік, эхінацыстыс лопасцевы ды іншыя інвазіўныя віды, не псуйце сваю родную прыроду.
А калі вы дзесьці знайшлі зараснік гэтых раслін, то абавязкова паведамляйце аб гэтым у Інстытут эксперыментальнай батанікі па тэлефоне (017) 284 20 25. Бо калі мы не спынім агрэсію раслін-чужынцаў сёння, заўтра на гэта спатрэбіцца значна больш сродкаў і сіл. Так, у краінах Заходняй Еўропы і ЗША штогадовыя страты, якія прыносяць інвазіўныя віды раслін, ужо вымяраюцца ў астранамічных лічбах у дзясяткі мільярдаў долараў...
Валяр'ян ШКЛЕННІК.
Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.