Яркім феерверкам успыхнула песня «Майскі вальс» Ігара Лучанка і Міхаіла Ясеня на музычным небасхіле. Яна, як і «Дзень Перамогі» Давіда Тухманава і Уладзіміра Харытонава, арганічна ўвайшла ў рэпертуар спевакоў і харавых калектываў — і вось ужо тры дзясяткі гадоў па-святочнаму прывабна трымаецца на беларускай і рускай эстрадзе, паважліва суседнічае з многімі вакальнымі творамі, якія ўзніклі ў часы ваеннага ліхалецця і ў першыя пераможныя дні.
Паэт Міхаіл Ясень доўгі час працаваў над патрыятычным вершам, што лёг у аснову песні. Юнацкія перажыванні з франтавых дарог падказвалі рытм і танальнасць мастацкіх радкоў. Заканчэнне Вялікай Айчыннай вайны ён сустрэў у Германіі. Там і нарадзілася задума паэтычна адлюстраваць асабістае і агульнаграмадскае, бо вайна адбілася на лёсах людзей усёй планеты.
У душы паэта выкрышталізоўваўся вобраз — сімвал нязломнасці стваральнага духу. І ён увасобіўся ў МУЗЫЦЫ. Менавіта музыка вельмі вытанчана перадае ўсе пачуццёвыя перажыванні, вытлумачвае сэнс нашага існавання. А музыка, што яднае ўсе народы, у песні паўстае ў абліччы вальса. Ён паходзіць з сялянскіх парных танцаў, што шырока бытавалі на сумежнай тэрыторыі Паўднёвай Германіі, Аўстрыі, Чэхіі. У ХVІІІ стагоддзі вальс пранік у еўрапейскія гарады, а праз 100 гадоў стаў самым папулярным танцам на кантыненце. Яго мелодыя гучыць на вясковых вечарынах і прыдворных балях, у песнях і рамансах, операх і балетах. У новым вакальным творы на звычайнай, параненай, як і людзі, гармоніі сонечнымі гукамі вальса салдат-музыка радаваў прысутных на вуліцах Вены, якая ў ХVІІІ—ХІХ стст. лічылася музычнай сталіцай Еўропы.
Своеасабліва ўспрымаецца Дунай у песні. Ён выступае сімвалам міру, дружбы і любові. Рака бярэ пачатак у паўднёвай Германіі і паўнаводнай плынню духоўна нітуе народы Аўстрыі, Славакіі, Венгрыі, Харватыі, Сербіі, Балгарыі, Румыніі, Малдовы, Украіны. І рух яе плыні — як і рытм вальса: спакойна-велічны, пяшчотна-элегантны, а дзе і хуткі, імклівы.
Радасць перамогі іскрыстай хваляй прамчалася па планеце ў майскія дні — у той перыяд, калі зямля, нібы ў вэлюм, ахінаецца ў квецень і радуецца канчатковай перамозе над зімовым сіверам. (Паэт крыўдаваў, калі ў загалоўку песні вальс называлі «венскім», бо «майскі» — шырэйшы па значэнні: ахоплівае ўсю Еўропу, над якой можа валадарыць толькі Сонца.) Музычнымі сродкамі Ігар Лучанок таленавіта раскрыў сэнс верша, яго мастацкую вобразнасць і стварыў адметны нацыянальны твор.
Першапачаткова песня «Майскі вальс» узнікла на рускай мове. У ансамблі «Сябры» яна загучала па-беларуску (пераклад тэксту зрабіў паэт Іосіф Скурко). Міхаіл Ясень вырашыў сам перакласці верш. Яго беларускамоўны варыянт сэнсава паглыбіўся: вобраз салдата-музыкі набыў больш абагульненыя рысы, яго мелодыя вальса адлюстроўвае радасць і боль свайго народа, яна прачула блізкая і родная ўсім. Таму вакальны твор «Майскі вальс» выглядае своеасаблівым сімвалам. Ён пераканальна сцвярджае: толькі духоўна-інтэлектуальныя дзеі радасна пашыраюцца, актыўна супрацьстаяць агрэсіі і перамагаюць.
Падрыхтаваў
Міхась ШАВЫРКІН.
Верш Міхаіла Ясеня
Музыка Ігара Лучанка
Вясна сорак пятага года...
Чакаў цябе доўга Дунай!
Народам Еўропы свабоду
У кветках прынёс яркі май!
На вуліцах Вены свабоднай
Народу збіралася шмат.
На вернай,
параненай дужа гармоні
Вальс родны
іграў наш салдат.
Прыпеў:
Помніць Вена,
Помняць Альпы
І Дунай
Той пяшчотны
І чароўны
Ясны май!
Віхры венцаў
У тым вальсе
Скрозь гады
Помніць сэрца
І запомніць
Назаўжды!
Натхнёна, і горда, і смела
Вальс сонечны ў Вене гучаў.
І Вена смяялася, пела,
Як быццам сам Штраус іграў!
І хлопец
з усмешкай шчаслівай
Да сэрца гармонь прыціскаў,
Як быццам Радзімы
ён бачыў разлівы,
Як быццам яе абдымаў.
Прыпеў.
Над Венай сівой і бурлівай
Плыў вальс,
што прынесла вайна.
Гучаў ён пяшчотна, шчасліва.
І ўсіх ап'яняла вясна.
Вясна сорак пятага года!
Цябе дачакаўся Дунай.
Радзімы далёкай
той вальс пераможны
Салдат на гармоні іграў.
Прыпеў.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.