Успаміны пра гісторыка Генадзя Каханоўскага.
Калі маладзечанцы захочуць паставіць помнік свайму выдатнаму земляку Генадзю Каханоўскаму (а я думаю, што гэта рана ці позна адбудзецца), скульптуру вядомага гісторыка, на маю думку, трэба рабіць у выглядзе высокага, крыху хударлявага мужчыны ў капелюшы, плашчы пад пояс і абавязкова — з партфелем у руках. Прычым мужчына павінен відавочна кудысьці спяшацца...
Менавіта такім запомніўся мне Генадзь Аляксандравіч. А бачыла я яго ў сваім дзяцінстве і юнацтве часта — бадай, кожны дзень. Мы жылі недалёка адно ад аднаго — нашы дамы і сёння стаяць у Маладзечне на суседніх вуліцах амаль паралельна, а вуліцы звязвае кароткі правулак.
Штодня гэтым правулкам Генадзь Каханоўскі ішоў на працу ў краязнаўчы музей, а ўвечар вяртаўся дадому. Уранку ён хадзіў шпарка, як ходзяць людзі мэтанакіраваныя, заклапочаныя важнай справай, якім трэба за дзень шмат чаго зрабіць, шмат куды паспець, але пры гэтым заўсёды ветліва здароўкаўся з ўсімі, у тым ліку і са мной, тады яшчэ школьніцай. Вядома, у той час я сама першай крычала яму: «Добры дзень!» Увечар жа, пасля працы, ён пры сустрэчы ўжо мог і прыпыніцца, распытаць, як справы, як вучоба... Калі ж на двары былі мае бацькі, ён абавязкова падыходзіў да іх, каб перакінуцца некалькімі словамі пра надвор'е, пра ўраджай, пра гарадскія навіны, і яшчэ, каб расказаць нам навіны пра Мішу. Міша — гэта Міхась Ткачоў, археолаг, гісторык, а ў далейшым — вядомы грамадскі дзеяч, родны пляменнік маёй маці і даўнішні сябар Генадзя Каханоўскага. Менавіта гэтая акалічнасць — наша радство з Ткачовым, бадай, і зблізіла нас з Каханоўскім.
Шчыра кажучы, Міхась прыязджаў у Маладзечна не столькі да нас, колькі да Генадзя Аляксандравіча. Пасядзеўшы гадзіны дзве-тры за накрытым сталом у нашай хаце, ён звычайна ішоў да сябра і мог ужо не вярнуцца, а позна ўвечары адразу ад Каханоўскіх пайсці на вакзал, на электрычку. Мая маці нават крыўдзілася за гэта на пляменніка, раўнавала яго да Генадзя Каханоўскага.
А мне такое было зразумелым. Я звычайна прысутнічала пры расповедах аднаго пра другога, таму добра ведала пра розныя нюансы і праблемы ў іх прафесійнай дзейнасці: пра нязгоду ў навуковых поглядах Ткачова з Абэцэдарскім (з дзяцінства ведала гэта прозвішча!), пра неадназначнае стаўленне мясцовых улад да дзейнасці Каханоўскага, пра цяжкасці падрыхтоўкі, а потым і абароны навуковых прац, на той час — доктарскай Ткачова і кандыдацкай Каханоўскага, і пра тое, як яны дапамагалі адзін аднаму... Ткачоў быў вельмі адкрыты чалавек. Ён усё шчыра распавядаў маёй маці падчас сваіх прыездаў да нас, а я заўсёды з зацікаўленасцю слухала (дзіўнае савецкае выхаванне: у сям'і чуць адно, у школе гаварыць, што патрабуюць, і ніколі не сказаць на людзях лішняга). Каханоўскі быў больш стрыманым, я сказала б, нават закрытым чалавекам: як цяпер разумею, рэаліі савецкага асяроддзя прымушалі яго да гэтага...
Прызнацца, ужо сёння, з вышыні пражытых гадоў, магу сказаць, што ў жыцці я рэдка сустракала такое доўгае, моцнае, шчырае мужчынскае сяброўства, заснаванае не толькі на прафесійным аднадумстве, але і на добрай, бескарыслівай узаемнай падтрымцы ...
З Генадзем Аляксандравічам Каханоўскім я лепш пазнаёмілася і больш зблізілася пасля школы, калі, не паступіўшы на філфак, пайшла працаваць на завод «Спадарожнік» і амаль адразу пачала наведваць літаратурнае аб'яднанне «Купалінка» пры маладзечанскай раённай газеце, якая тады называлася «Святло камунізму» (сёння — «Маладзечанская газета»). Генадзь Аляксандравіч быў адным з кіраўнікоў гэтага аб'яднання, і, бадай, ці не ён і паклікаў мяне туды, бо па-суседску быў у курсе маіх спраў і захапленняў.
І менавіта Генадзь Аляксандравіч сказаў мне: «Калі ты хочаш быць пісьменніцай (у чым я шчыра прызналася яму гадоў у васямнаццаць. — Аўт.
), то пісаць трэба толькі на роднай мове!» За што я вельмі ўдзячная яму. Бо гэта вельмі важна для творчага чалавека, каб на самым пачатку шляху знайшоўся хтосьці вельмі аўтарытэтны для пачаткоўца і даў параду, якая потым паўплывае на ўсё жыццё...
Гаворачы пра Генадзя Каханоўскага, нельга не расказаць крыху падрабязней і пра літаратурнае аб'яднанне «Купалінка». Думаю, гэта зусім невыпадкова, што з яго выйшлі такія вядомыя сёння паэты і пісьменнікі, як Ала Клемянок, Кастусь Цыбульскі, Таццяна Сапач (ужо, на жаль, нябожчыца), Людка Сільнова, Стася Наркевіч (Настасся Лазебная), Міхась Казлоўскі, крыху маладзейшы за нас, які стаў шчырым прыхільнікам краязнаўчай дзейнасці Генадзя Каханоўскага, фактычна яго паслядоўнікам...
Пасяджэнні звычайна праводзіў Уладзімір Пятровіч Давыдаў, маладзечанскі паэт. Ён быў ужо на пенсіі і з ахвотай, добрасумленна займаўся аб'яднаннем: збіраў нас, арганізоўваў выступленні, рыхтаваў нашы творы да публікавання ў газеце... Генадзь Аляксандравіч жа быў заняты на працы: спачатку ў Маладзечанскім краязнаўчым аддзеле, а пазней — ужо ў Мінску, у Акадэміі навук БССР. Таму нярэдка ён прыходзіў крыху пазней, здароўкаўся, садзіўся на крэсла збоку і моўчкі, уважліва слухаў нашы заняткі. А гэта былі сапраўдныя ўрокі творчасці: мы па чарзе чыталі адзін ці два свае новыя творы, і Уладзімір Пятровіч разбіраў іх па радку — глядзеў рыфму, рытм... Тут жа штосьці падпраўляў або раіў падумаць, пашукаць іншы радок... І ўсе прысутныя неабыякава, але добразычліва (неўзабаве і іх вершы пачнуць разбіраць!) удзельнічалі ў гэтым працэсе. Генадзь Аляксандравіч звычайна маўчаў, аддаючы перавагу паэту Давыдаву, а потым забіраў нашы паперкі і доўга, уважліва ўчытваўся ў тэксты: яго заўвагі былі больш па змесце, па сэнсе твора...
Дарэчы, хачу зазначыць: за ўсе гады, што я наведвала літаб'яднанне, не памятаю паміж яго членамі аніякіх інтрыг, крыўдаў, сварак, аніякай зайздрасці да больш таленавітых і паспяховых паэтаў, да таго, што хтосьці надрукаваўся ў сталічным выданні... Наадварот, мы толькі радаваліся адно за аднаго. Такая была творчая, стваральная, спрыяльная атмасфера. Безумоўна, тон гэтаму задавалі нашы кіраўнікі — Генадзь Каханоўскі і Уладзімір Давыдаў, абодва інтэлегентныя, далікатныя, высокаадукаваныя мужчыны. Прычым што немалаважна было: адзін быў «чыста рускі» творца, другі — «чыста беларус»... Таму пры адборы ў друк ніколі не аддавалася перавага творам на той ці іншай мове — адбіраліся найбольш удалыя: па выніках пасяджэння ў раёнцы заўсёды выходзіла старонка з вершамі, кароткімі апавяданнямі, казкамі. І як гэта было вельмі важна для творцаў-пачаткоўцаў!.. Хацелася пісаць яшчэ і яшчэ... Я і сёння захоўваю, як дарагую рэліквію, усе тыя ўжо пажоўклыя газетныя старонкі з выпускамі маладзечанскага літаб'яднання «Купалінка»...
Яшчэ адной яскравай старонкай у маёй памяці захоўваюцца ўспаміны пра нашы сумесныя паездкі на электрычцы з Маладзечна ў Мінск і назад.
Аднойчы мы ехалі ў вагоне з Каханоўскім. Ён вяртаўся пасля сустрэчы з Уладзімірам Караткевічам, быў у яго дома... Генадзь Аляксандравіч быў вельмі ўзрушаны. Ён з захапленнем пераказваў размову з пісьменнікам, сказаў, што ўвечары дома запіша яе ў свой дзённік. Дадаў, што ўсе цікавыя сустрэчы занатоўвае, каб не згубілася ніводнае слова... Вось гэта сапраўдны гісторык!...
Ён вёз дзве кніжкі Караткевіча, падпісаныя пісьменнікам: адну — самому Генадзю Аляксандравічу, а другую — нейкай жанчыне з Маладзечна, па яе просьбе... «Калі хочаш, папрашу, каб і табе Караткевіч кніжку падпісаў! Хутка зноў буду ў яго», — раптам шчыра прапанаваў мне Каханоўскі. «Ой, не, не трэба... няёмка...» — разгубілася я. Як цяпер аб гэтым шкадую!..
Апошні раз я бачыла Каханоўскага на пахаванні свайго бацькі. Ён памёр у студзені 1993 года, праз два месяцы пасля смерці Міхася Ткачова. Развітацца з бацькам прыйшлі амаль усе суседзі з нашага вялікага завулка і нават з навакольных вуліц. шчыра кажучы, нават у горы было прыемна, што бацьку так паважалі людзі. Не было толькі аднаго чалавека — Генадзя Каханоўскага. Я заўважыла гэта. Я не бачылася з ім даўно — ужо шмат гадоў жыла па-за межамі Беларусі. І, прызнацца, мне хацелася пабачыцца з Генадзем Аляксандравічам і нават крыху пагаварыць. А яго не было... І толькі калі труну ўжо выносілі з хаты, я нарэшце ўбачыла Каханоўскага. Ён стаяў па-за натоўпам на ўзвышэнні, на невялікай прытаптанай гурбе пяску, пакрытай снегам, і ўважліва, нават неяк пільна, напружана глядзеў па-над галовамі на нябожчыка ў адкрытай труне, якую паставілі на машыну. У руках Каханоўскі трымаў чорны скураны партфель — напэўна, спецыяльна прыехаў з Мінска, каб развітацца... Такім я яго і запомніла. Ніхто тады яшчэ не ведаў, што ў Каханоўскага тая самая хвароба, ад якой сышоў мой бацька і якая сёння так бязлітасна косіць людзей. Генадзь Аляксандравіч памёр роўна праз год...
...Я вельмі рада, што мне яшчэ ў дзяцінстве пашчасціла на сустрэчу з такімі цікавымі, разумнымі, прыстойнымі, высокаадукаванымі, інтэлігентнымі людзьмі, якімі былі Генадзь Каханоўскі і Міхась Ткачоў. Ад іх сыходзіў такі пазітыў!.. Яны заўсёды цікава і са шчырай любоўю гаварылі пра беларускую гісторыю, навуку, літаратуру, мову, што не маглі не запаліць у маёй юначай душы жывы інтарэс да ўсяго гэтага...
Тамара МІЖЫГУРСКАЯ-БУНТА,
галоўны рэдактар часопіса «Алеся».
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.