Напярэдадні чэмпіянату свету па хакеі ў беларускай сталіцы адкрылася выстава фотаздымкаў беларускай спадчыны. Ёй можна любавацца прама пад адкрытым небам — палотны з павялічанымі фотаработамі размясцілі на агароджы парку Чалюскінцаў.
Арганізатарамі выступілі арт-цэнтр Вольгі і Андрэя Смалякоў, Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам. Іх прадстаўнікі мяркуюць, што дзякуючы такому праекту Мінск стане сапраўдным мастацкім цэнтрам еўрапейскага маштабу, што гэта створыць яшчэ адзін яркі вобраз нашай сталіцы.
Усе фотарэпрадукцыі ўзяты з альбома «Спадчына Беларусі», над стварэннем якога працавалі журналісты Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў. У экспазіцыі прадстаўлена старадаўняя архітэктура краіны: Камянецкая вежа, Каложская царква, палац Румянцавых-Паскевічаў, Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр і іншае — усяго больш за 50 выяў адметных збудаванняў.
Сваю працу над збіраннем фотаздымкаў нашай спадчыны Лукашэвіч і Аляксееў распачалі ў 2003-м годзе. З таго часу, акрамя згаданага ўжо альбома па архітэктуры, выдадзена таксама «Спадчына Беларусі. Скарбы», прысвечаная шэдэўрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сёння агульны тыраж ужо рэалізаваных кніг склаў 42 тысячы 500 асобнікаў, што з'яўляецца рэкордам для нацыянальнага кнігавыдання.
Адну з першых сваіх выстаў фотамастакі вазілі калісьці ў Рым і вярнуліся адтуль... з пустымі рукамі, бо італьянцы выкупілі ўсе палотны. Натхніўшыся выявамі прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, англічане захацелі арганізаваць выставу нашых артэфактаў у Брытанскім музеі. Такія альбомы ёсць у бібліятэках Папы Рымскага, Патрыярха Іерусалімскага, брытанскай каралевы, у асабістых зборах Мікіты Міхалкова і Анджэя Вайды, на Гаваях і ў Японіі.
Чым жа так прываблівае краіна, убачаная праз аб'ектывы Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева?.. Той спадчынай, пра якую часта не ведаюць самі беларусы. Цэрквы XІІ стагоддзя, гатычныя касцёлы, барочныя палацы і нават гарады, пабудаваныя італьянцамі, — усё гэта ўпершыню сабрана пад адной вокладкай. Беларусь паказана не як ускраіна пэўнай цывілізацыі, але як сапраўдны культурны асяродак Еўропы, дзе Усход і Захад сустрэўшыся, утвараюць арганічнае спалучэнне.
Мастацкі ўзровень альбомаў «Спадчына Беларусі» адзначаны шэрагам узнагарод. Аўтарам праекта ў 2005 годзе ўручана прэмія Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне».
Убачыць адметную экспазіцыю ля парку Чалюскінцаў можна будзе не толькі падчас чэмпіянату свету па хакеі — выстава пад адкрытым небам будзе працаваць да лістапада.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.