...і недахоп грошай на абследаванне па яго выяўленні.
Каля 10 тысяч расіян і беларусаў з групы радыяцыйнай рызыкі (чарнобыльцаў, удзельнікаў катастрофы на ЧАЭС) плануецца абследаваць да 2016 года ва Усерасійскім цэнтры экстраннай і радыяцыйнай медыцыны імя А.М. Нікіфарава Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Расіі, Медыцынскім радыялагічным навуковым цэнтры Міністэрства аховы здароўя Расіі, Федэральным медыцынскім біяфізічным цэнтры імя А.І. Бурназяна. Аказанне спецыялізаванай, высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі стане магчымым дзякуючы чарговай Саюзнай праграме па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
Асноўным выканаўцам мерапрыемстваў новай і трох папярэдніх Саюзных праграм з'яўляецца Федэральная дзяржаўная ўстанова аховы здароўя «Усерасійскі цэнтр экстраннай і радыяцыйнай медыцыны імя А.М. Нікіфарава», што ў Санкт-Пецярбургу. Расійскія і беларускія журналісты атрымалі магчымасць азнаёміцца з работай цэнтра, які перажыў сур'ёзную рэканструкцыю і быў аснашчаны сучасным медыцынскім абсталяваннем для аказання спецыялізаванай высокатэхналагічнай меддапамогі.
У Нікіфараўскім цэнтры дзейнічаюць паліклініка, дзённы і кругласутачны стацыянары, навуковы і адукацыйны цэнтры. Клініка мае ўласную станцыю хуткай меддапамогі са спецсродкамі дастаўкі хворых, нават два верталёты на кругласутачным дзяжурстве. Гэта і зразумела, паколькі на базе цэнтра экстраннай медыцыны працуе Медыцынскі рэгістр Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Расіі — сістэма ацэнкі стану здароўя і прафесійнай дзейнасці выратавальнікаў, а таксама ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Назіранне адбываецца на працягу ўсяго жыцця і можа спыняцца ў выпадку выезду за межы краіны. Акрамя таго, эксперты цэнтра даследуюць сувязі захворванняў з уздзеяннем самых розных фактараў аварый і катастроф.
Тут распрацаваны пратакол малекулярна-генетычнага абследавання асоб, якія падвяргаліся радыяцыйнаму ўздзеянню, стандарты паглыбленага даследавання ўдзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС і пацярпелага насельніцтва Расіі і Беларусі, тэхналогіі дыягностыкі і лячэння ліквідатараў пры саматычных захворваннях.
Спецыялісты адзначаюць, што ўзровень агульнасаматычнай захваральнасці, а таксама хвароб эндакрыннай сістэмы, найперш раку шчытападобнай залозы, дый у цэлым анкалагічная паталогія ў апошніх расце. Расце ўдзельная вага сардэчна-сасудзістых захворванняў, хвароб нервовай і касцявой сістэм, органаў стрававання і дыхання. Больш за тое, у такіх пацыентаў звычайна назіраецца некалькі паталогій, што патрабуе комплекснага падыходу ў дыягностыцы і лячэнні.
У бліжэйшы час групы спецыялістаў з ліку тэрапеўтаў, неўролагаў, уролагаў і хірургаў правядуць скрынінг саматычных і анкалагічных захворванняў сярод удзельнікаў ліквідацыі аварыі на ЧАЭС паўночна-заходняга рэгіёна. Плануецца правесці ўльтрагукавыя даследаванні, прамянёвую і лабараторную дыягностыку, вызначыць узровень пухлінных маркераў.
Праведзеныя даследаванні сёння паказваюць, што як у дзяцей і падлеткаў, так і ў дарослых назіраецца празмерная захваральнасць на рак шчытападобнай залозы. Таксама мяркуецца, што палова выпадкаў валляка ў тых, хто атрымаў апраменьванне ў дзяцінстве, таксама могуць быць звязаны з апраменьваннем шчытападобнай залозы. Перавышэнне паказчыкаў захваральнасці на рак малочнай залозы ў параўнанні з сярэднестатыстычнымі паказчыкамі захваральнасці назіраецца і ў жанчын, якія атрымалі апраменьванне ў дзіцячым узросце і цяпер адносяцца да групы павышанай радыяцыйнай рызыкі. Варта адзначыць, што гэтую тэму вывучае і РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека ў Гомелі.
Саюзная праграма па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай катастрофы прадугледжвае магчымасці абследавання і лячэння пацярпелых ад радыяцыйнага ўздзеяння жыхароў паўднёва-заходніх раёнаў Бранскай вобласці ў гомельскім цэнтры, а беларусаў — у Нікіфараўскім цэнтры.
— І наш, і ваш цэнтры даследуюць так званыя наступствы радыяцыйнага паражэння, — расказвае галоўны хірург Усерасійскага цэнтра экстраннай і радыяцыйнай медыцыны імя А.М. Нікіфарава МНС Расіі Аляксандр КАЧАТКОЎ. — Наладжана цеснае супрацоўніцтва. Нашы спецыялісты выязджаюць у Гомельскую і Магілёўскую вобласці Беларусі для кансультацый, прагназавання і назірання чарнобыльцаў, іх нашчадкаў, паколькі вывучаюцца і генетычныя моманты...
Сам спадар Качаткоў аказаўся родам з Магілёва. Скончыў у Піцеры ваенна-медыцынскую акадэмію, пасля чаго падумваў вярнуцца на радзіму, але не атрымалася. Шмат гадоў выкладаў у піцерскай акадэміі, а два гады таму яго запрасілі ў Нікіфараўскі цэнтр на пасаду галоўнага хірурга.
«Штодня ў цэнтры выконваецца да 30 розных аператыўных умяшанняў, — кажа падчас «экскурсіі» па цэнтры Аляксандр Качаткоў і робіць для беларускіх журналістаў некаторыя ўдакладненні. — У Мінску, безумоўна, ёсць выдатныя хірургі. Майго брата не так даўно прааперыравалі ў 6-й сталічнай клініцы. Аперыраваў звычайны малады хірург — не прафесар. Шанцы на выжыванне складалі не больш за 20 працэнтаў... Калі я пабачыў брата пасля аперацыі, то сказаў яму толькі адно: «Маліся на гэтага ўрача — ён даў табе другое нараджэнне»...
Адзін з беларускіх журналістаў (дарэчы, з Магілёва) абследаваўся ў лабараторыі спектраметрыі ў клініцы №1 Нікіфараўскага цэнтра. Размешчаны тут высокаадчувальны нізкафонавы спектрометр выпраменьванняў чалавека — гэта невялікая камера, куды пацыент укладваецца на спецыяльны ложак. Сістэма дэтэктараў і дазіметраў без болю і страху вызначае, якія шкодныя хімічныя рэчывы і ў якой колькасці ёсць у арганізме. Колькі хвілін — і заключэнне гатова. Спектрометр «указаў» на перавышэнне цэзію і недахоп калію ў нашага журналіста. Малады чалавек, вядома, не ўзрадаваўся, а вядучы навуковы супрацоўнік, загадчык лабараторыі спектраметрыі выпраменьванняў чалавека клінікі №1 Нікіфараўскага цэнтра Вальдэмар ТАРЫТА патлумачыў:
— Адхіленні ў вас нязначныя. Трэба разумець, што радыеактыўныя рэчывы пасля трапляння ў арганізм паступова распадаюцца і выводзяцца. Самае важнае — асабістая гігіена і ўжыванне чыстых прадуктаў. У нас на абследаванні быў ліквідатар аварыі на ЧАЭС з Беларусі. У яго выявілася перавышэнне цэзію, аднак высветлілася, што гэтае перавышэнне забяспечваюць яму прадукты лесу — ягады, грыбочкі, якімі частуе цешча з Гомельскай вобласці... Цэзій-137 па-ранейшаму ў рознай колькасці выяўляецца ў дарах лесу. Ёсць яшчэ радыяцыйны калій-40, але ён прысутнічае ва ўсёй прыродзе, у тым ліку ў арганізме чалавека. Яго доля заўсёды аднолькавая — 0,012 ад усяго калію, што павінен быць. Карысны калій удзельнічае ў многіх працэсах у арганізме, і пры яго недахопе прызначаюць спецыяльныя прэпараты для аднаўлення гэтага мікраэлементу, карысна з гэтай мэтай ужываць арэхі, сухафрукты... Пазалетась мы абследавалі каля 500 выратавальнікаў, і практычна ва ўсіх назіраўся дэфіцыт калію, што цалкам прадказальна з-за вялікіх стрэсавых нагрузак...
Спектрометр распрацавалі, між іншым, ленінградскія вучоныя. Актыўнае выкарыстанне апарата пачалося ў 2008-м. З таго часу ўдалося абследаваць некалькі соцень выратавальнікаў, ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, тых, хто пастаянна працуе з радыеактыўнымі рэчывамі. Галоўным чынам, гэта расіяне. У перспектыве на падставе Саюзнай праграмы мяркуецца забяспечыць магчымасць такога абследавання большай колькасці беларусаў. Наогул любы ахвотны можа прыехаць і абследавацца на працягу дня. Аднак гэта нятанна. Вось чаму і абмяркоўваецца магчымасць падобнага абследавання для звычайных грамадзян, якія пражываюць дзе-небудзь у глыбінцы.
Камісія Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі намячае шляхі далейшага аб'яднання ў галіне медыцыны. І гэта ў тым ліку забеспячэнне даступнасці высокатэхналагічных медыцынскіх паслуг для самых розных слаёў пацярпелага насельніцтва.
Паводле слоў дырэктара Усерасійскага цэнтра экстраннай і радыяцыйнай медыцыны імя А.М. Нікіфарава МНС Расіі, доктара медыцынскіх навук, прафесара Сяргея АЛЯКСАНІНА, супрацоўніцтва з беларускімі калегамі па чарнобыльскай праблеме вельмі важнае, і яно будзе працягвацца. На заканадаўчым узроўні жыхары Беларусі і Расіі могуць абследавацца ў краінах-суседках, аднак на практыцы гэтая магчымасць застаецца фінансава не падмацаванай. Дастаткова прыгадаць хоць бы аплату праезду для хворага. Таму ў бліжэйшы час саюзныя парламентарыі павінны даць дзейснае, аптымальнае рашэнне фінансавага складніка.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.