Летась у нашай краіне грамадзяне сталі плаціць за электраэнергію ў 2 разы больш. І для многіх гэты скачок цаны стаў шокам. Пры гэтым мы цяпер аплачваем менш за 80% ад рэальнай цаны кілавата. Астатняе пакуль што пералічвае энергетыкам дзяржава. Ужо вядома, што ў наступным годзе насельніцтва будзе плаціць за электрычнасць столькі, колькі яно каштуе. Ці зробяць энергетыкі ўсё магчымае, каб кілават не біў па кішэнях беларусаў? Ці могуць панізіць выдаткі пры выпрацоўцы электрычнасці? Гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас выязнога пасяджэння працоўнай групы па вывучэнні праблемных пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Групу ўзначальваў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон. Падчас пасяджэння высветлілася, што, на жаль, паміж камунальнікамі і энергетыкамі няма ўзаемаразумення.
Станцыя: сёння і заўтра
Мерапрыемства адбылося ў Новалукомлі. Напачатку Аляксандр Якабсон, міністры энергетыкі і ЖКГ і іншыя адказныя асобы наведалі флагман беларускай энергетыкі Лукомльскую ДРЭС.
45 гадоў таму на станцыі запусцілі першы блок. Магутнасць станцыі — больш за 2 тыс. 460 МВт. Яна вырабляе ў год каля 30% усёй электраэнергіі, якая спажываецца ў краіне. На станцыі працуюць каля 1,8 тысячы чалавек.
— Пасля ўводу ў эксплуатацыю новага блока, устаноўленага кітайскімі спецыялістамі (а ён цяпер працуе ў праверачным рэжыме), магутнасць дзеючай станцыі павялічыцца прыкладна на 20%. Адрозненне гэтага блока ад нашых у тым, што ён — цалкам па новай тэхналогіі. Пасля мадэрнізацыі чатырох нашых энергаблокаў мы дасягнулі добрай эканоміі. А новы блок яшчэ больш эфектыўны: дае магчымасць на трэць эканоміць паліва, — расказвае Аляксандр Базыленка, дырэктар Лукомльскай ДРЭС.
Кітайскі блок устаноўлены ў асобным будынку. Кітайскія спецыялісты ветліва сустрэлі членаў выязнога пасяджэння пры ўваходзе. Раздалі каскі (дарэчы, нямецкай вытворчасці. — Аўт.). Новы блок — гэта сённяшні дзень сусветнай энергетыкі: і звонку, і ўнутры. Умовы для працы аператараў і іншых спецыялістаў, якія абслугоўваюць турбіну, вельмі адрозніваюцца ад тых, што ў старым корпусе станцыі. Пакуль блок не запрацаваў на поўную магутнасць (адбудзецца гэта напрыканцы мая), разам яго абслугоўваюць беларускія і кітайскія спецыялісты.
Зона празрыстасці
Пасля экскурсіі па станцыі адбылася размова на тэму развіцця энергетыкі краіны і павышэння платы за тарыфы.
— Тое, што зроблена на станцыі, пакінула самае прыемнае ўражанне: шмат нечаканага, новага, я б сказаў, радыкальнага. На гэтым і іншых аб'ектах энергетыкі вырабляюцца тыя нябачныя кілаваты, без якіх не можа функцыянаваць эканоміка. У цэлым у энергетычную галіну краіна ўкладвае велізарныя грошы. З 2012 па 2016 год на развіццё энергетычнай сістэмы запланавана накіраваць каля 5 мільярдаў долараў. Таму краіна мае права разлічваць, што ўкладзеныя ў энергетыку такія велізарныя грошы наблізяць нас да развітых еўрапейскіх краін па паказчыках энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту і будуць спрыяць павышэнню канкурэнтаздольнасці эканомікі... Але на практыцы мы па-ранейшаму адстаём ад Еўропы. За намі — толькі Расія і Украіна. У асноўным гэта звязана з эксплуатацыяй старога і неэфектыўнага абсталявання, — звярнуўся да прысутных Аляксандр Якабсон.
Ён нагадаў, што летась у красавіку сітуацыя ў энергетыцы стала прадметам разгляду на нарадзе ў Прэзідэнта. Асаблівая ўвага надавалася адсутнасці ў энергетычнай галіне аб'ектыўнага і празрыстага механізму фарміравання тарыфаў на паслугі па энергазабеспячэнні.
— Калі параўнаць новыя тарыфы на электраэнергію ў снежні 2013 года са снежнем 2012 года, іх рост склаў больш чым 200%. І гэта толькі за адзін год. З усіх камунальных паслуг — самы высокі рост цаны. Ці гатова насельніцтва да такіх рэзкіх павышэнняў? Ці адпавядаюць крокі энергетыкаў па павышэнні тарыфаў фінансавым магчымасцям людзей? У адпаведнасці з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны да 2015 года неабходна забяспечыць узровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на электразабеспячэнне да ўзроўню сабекошту. Як дасягнуць запланаванага пры абмежаванні па штогадовым павелічэнні кошту камунальных паслуг — не больш чым 5 долараў? — спытаў Аляксандр Якабсон.
Ці не прасцей менш купляць газ, а больш — электраэнергіі за мяжой? На гэтае пытанне, як адзначыў Аляксандр Якабсон, таксама не было дадзена зразумелага адказу.
У выніку было прынята рашэнне сабрацца зноў, каб нарэшце прыйсці да кансенсусу. І, безумоўна, грамадзяне павінны ведаць, што цана на святло, цяпло і іншае — празрыстая.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Фота аўтара.
Новалукомль — Віцебск
Электронныя прыборы ўліку святла робяць у Віцебску, Брэсце... Напэўна, грамадзяне і не ведаюць, што яны дазваляюць захоўваць адпаведную інфармацыю на працягу некалькі гадоў.
Прадстаўнікі «Віцебскэнерга» расказалі, што з усіх 576 тысяч чалавек, адказных за аплату электраэнергіі (на мове энергетыкаў, бытавых абанентаў. — Аўт.), 41 тысяча могуць нават не падыходзіць да лічыльнікаў, каб зняць паказанні. Бо разумная тэхніка сама перадае інфармацыю аб тым, колькі спажылі электраэнергіі — у банкі, інфармацыйныя кіёскі, на пошту і гэтак далей. Але такая зручнасць — толькі для жыльцоў новых дамоў і тых, хто жыве ў дамах пасля рэканструкцыі (калі ў доме больш за 20 кватэр. — Аўт.).
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.