Напярэдадні Дня Перамогі прыйшла сумная вестка: памёр Аляксандр Аляксеевіч Бабкоў, вядомы ў Брэсце ўрач, чалавек, па чыім лёсе асабліва жорстка прайшлася вайна. У 1941 годзе яму ішоў шосты год. Бацька, камандзір тэлефонна-кабельнай роты Аляксей Бабкоў, перавёз сям'ю ў крэпасць напярэдадні вайны. Ехалі на вялікім грузавіку. Для маленькага Аліка гэта было першае падарожжа на такой машыне. Той успамін дзяцінства — шчаслівы, тлумна-вясёлы — назаўсёды асеў у свядомасці. А наступныя расцягнуліся ў страшэнна балючую чорную паласу... Пра гэта Аляксандр Аляксеевіч расказваў мне восем гадоў таму.
Дзіцячая памяць захавала эпізод, як мама адзявала двухгадовую сястрычку, калі ўсё навокал стала ўзрывацца, дыміцца і разбурацца. Потым — доўгія дні ў нейкіх падвалах і страшэнны голад, ад якога не было ніякага паратунку. Ваду здабывалі толькі ноччу, з вялікай рызыкай для жыцця. Яшчэ ў памяці адбілася, як крыху старэйшыя за яго сыны лейтэнанта Самсонава Міця і Вова поўзалі да рэчкі па ваду для параненых, прыносілі колькі глыткоў і яму, Аліку — у яго дзіцячым сандаліку. І смачней за тую рачную ваду з пахам ціны не было нічога на свеце.
Запомніў Аляксандр Аляксеевіч і бацьку побач з сабой, усяго параненага, паміраючага. Бацька загінуў, закрыўшы сына сваім целам ад выбуху гранаты. Але хлопчык таксама атрымаў шматлікія асколачныя раненні. Загінулі і маці з сястрой. Алік апрытомнеў у куце сырога і цёмнага парахавога склепа. Яго стогн пачуў нямецкі салдат і вынес дзіця на вуліцу. Аліка адвезлі ў гарадскую бальніцу, дзе скрозь уласны плач ён чуў, як бразгалі, падаючы ў таз, асколкі металу, якія даставаў хірург з яго цела. А потым, калі пасля праведзеных аперацый незабінтаванымі засталіся толькі правая нага і рука, нянечка нарэшце дазволіла з'есці пяць маленькіх лыжачак кашы: «Нельга табе, дзіцятка, болей, інакш ты загінеш». У бальніцы Алік правёў 14 месяцаў.
Можа, таму і стаў Аляксандр Бабкоў урачом, што некалі людзі ў белых халатах выратавалі яго ад смерці. Усё жыццё потым ён таксама ратаваў людзей. Калі адбылася наша гутарка, Аляксандр Аляксеевіч ужо выйшаў на пенсію. Ён сказаў тады, што вайна яго нарэшце адпусціла. Больш не сніцца той кашмар: казематы крэпасці, пякельныя голад і смага. А сніліся больш за трыццаць гадоў.
Вайна не адпускае дзяцей нашмат даўжэй, чым дарослых. Пра гэта гаварылі многія з дзяцей крэпасці, з якімі даводзілася сустракацца за гады працы. Напрыклад, Надзея Мікалаеўна Яшчук. Першы раз гэтую невысокую кволую жанчыну я ўбачыла на мітынгу, які па традыцыі праводзіцца 22 чэрвеня а чацвёртай гадзіне раніцы ў крэпасці. Яна звярнула на сябе ўвагу тым, што ніяк не магла справіцца са слязьмі, плакала, нібыта ўсе трагічныя падзеі адбываліся тут учора. Надзея Мікалаеўна расказвала, што вайну сустрэла сямігадовай дзяўчынкай. Бацька Мікалай Емяльянавіч, маці Ганна Дзмітрыеўна, брат, сястра, бабуля — усе загінулі. Як яна выбралася з крэпасці, не памятае. Відаць, такі быў лёс — выратавацца, каб потым спазнаць шмат гора і пакут. Яна расказвала, як давялося трапіць да не вельмі добрых людзей, як яны крыўдзілі сірату. Фактычна ўсё жыццё яна аплаквала сваіх бацькоў і сваё адабранае дзяцінства.
Аднойчы ў музеі абароны Брэсцкай крэпасці давялося пагартаць успаміны брастаўчанак 1941 года. І не проста брастаўчанак, а жыхарак гарнізона. З тых простых радкоў патыхала пакутамі і выпрабаваннямі, якія ім давялося вынесці. Абаронцы Радзімы — заўсёды героі, іх подзвіг увекавечваюць. Іх удзячна ўспамінаюць падчас кожнага свята, і не толькі на свята. І гэта правільна. Але ім, воінам, было ў нейкім сэнсе прасцей: альбо перамог, альбо загінуў. Жанчыны і дзеці часта вымушаны былі спадзявацца на варожую літасць, якой, як вядома, вораг не вызначаўся.
Тады, 22 чэрвеня, амаль усе жонкі і дзеці камсаставу крэпасці былі побач з мужамі. Хоць летам многія хацелі выехаць да бацькоў, сваякоў у розныя куткі былой вялікай краіны. І гэта быў бы шанц застацца ў жывых або значна паменшыць выпрабаванні. Але адлучацца з крэпасці было строга забаронена. Перад самай вайной восем афіцэраў выключылі з партыі за «панікёрства», якое праявілася ў тым, што свае сем'і яны адправілі да родных. Дакументальнае сведчанне таму знаходзіцца ў экспазіцыях музея.
А вось палітрук Тараканаў не адважыўся не выканаць загад. Яго жонка Марыя не паехала да родных у Падмаскоўе. Хоць у лісце да сваякоў 11 мая 1941 года яна пісала, што, відаць, давядзецца ваяваць: «Будзем уцякаць ад усіх жахаў і ратаваць сваё жыццё. І не дай нам Бог з дзіцем трапіць у гэты пажар...» Але ўратавацца ім не ўдалося. Марыя Тараканава з дзіцем у ліку іншых жанчын выйшлі з крэпасці пад белым сцягам. Яе расстралялі потым як жонку афіцэра і палітработніка, двухгадовага сына — таксама.
Многія з жанчын, не толькі жонкі, нават маці афіцэраў, якія выбраліся з крэпасці, далучыліся пазней да брэсцкага падполля. Але тыя, хто выйшлі фактычна ў адной бялізне з дзецьмі на руках і здолелі потым выжыць, — хіба не гераіні? Ды і дзеці, такія, як Аляксандр Бабкоў, што спазналі дзіцячы дом, вучобу без усялякай падтрымкі родных, вартыя нашай удзячнай памяці і павагі.
Святлана ЯСКЕВІЧ.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.
«Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым».
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?