Крыху больш за месяц застаецца да 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад фашысцкай навалы. Гады бяруць сваё — да чарговай юбілейнай даты дажылі толькі каля 20 тысяч ветэранаў Вялікай Айчыннай. Шмат з іх па розных прычынах жывуць адны. Не дабаўляюць пражытыя гады і здароўя. І таму ветэраны маюць вялікую патрэбу ў падтрымцы.
Бясплатнае сацыяльнае абслугоўванне
Сёння ў краіне сацыяльныя паслугі на даму атрымліваюць каля трох тысяч ветэранаў вайны і пацярпелых ад яе людзей. Разам з тым, дапамога гэтая зачастую платная — як правіла, адрасатамі бясплатнай сацыяльнай дапамогі ў Беларусі з'яўляюцца малазабяспечаныя адзінокія людзі. Памер жа платы залежыць ад таго, якую пенсію атрымлівае ветэран. Аднак гэты падыход мяркуецца кардынальна перагледзець.
— На маю думку, правільным рашэннем было б распаўсюдзіць гэтую норму і на ўсіх ветэранаў вайны, незалежна ад яго даходаў, — лічыць міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна.
— Ёсць рэгіёны, дзе гэтая ідэя ўжо дзейнічае на практыцы ў частцы аказання сацыяльных паслуг на даму і змяшчэння ў аддзяленнях кругласутачнага знаходжання. Але яе з меркаванняў мэтазгоднасці трэба распаўсюдзіць на ўсю краіну.
Рамонт без клопату
Штогод у краіне праводзіцца комплекснае даследаванне побытавага становішча ветэранаў Вялікай Айчыннай і асоб, якія пацярпелі ад вайны. Праз гэтую працэдуру сёлета ўжо прайшлі каля 50 тысяч чалавек. Заяўкі на неабходныя работы, якія паступаюць ад пажылых людзей, выконваюцца як мага аператыўна.
— Летась мы дапамаглі 1,5 тыс. чалавек — усім, хто падаў заяўкі. Адрамантавалі як кватэры, дамы, гаспадарчыя пабудовы, так і сантэхнічнае абсталяванне, электраправодку, печы, газавыя пліты. Паставілі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, — гаворыць начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Анатоль Ражанец. — Агульная сума дапамогі склала 1,8 млрд рублёў.
А летась ключы ад новага жылля атрымалі 53 ветэраны. Зрэшты, на ўліку па паляпшэнні жыллёвых умоў па стане на 1 красавіка яшчэ стаялі 76 былых удзельнікаў вайны...
Паводле БЕЛТА.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.