Вы тут

Вялікая Перамога. Адна на ўсіх!


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 8 мая 2014 г.

____________________________________________________________________________

Сёлета наша краіна адзначае 70-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да гэтай даты распрацавана шмат цікавых мерапрыемстваў. Але самае значнае з іх — адкрыццё новага будынка Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Работы тут ужо завяршаюцца, поўным ходам ідзе мантаж унікальнай экспазіцыі, якая размесціцца ў дзесяці залах.

Перамога

Па ініцыятыве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі чатыры гады таму пачалося ўзвядзенне новага будынка музея вайны. Месца для яго абралі на праспекце Пераможцаў, за архітэктурна-скульптурным комплексам “Мінск — горад-герой”. Побач будуць плошча Герояў (яе ўпрыгожыць фантан са 170 струменяў, кожны з якіх увасабляе адзін з населеных пунктаў Беларусі, вызваленых Чырвонай Арміяй) і парк Перамогі. Адкрыць новы будынак плануецца ў Дзень святкавання 70-годдзя вызвалення Беларусі.

— Пастаянная экспазіцыя новага музея зойме большую плошчу ў параўнанні са “старой”, — распавёў дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, генерал-маёр запасу Мікалай Скобелеў. — Колькасць экспазіцыйных матэрыялаў узрасце. Калі ў ранейшай экспазіцыі храналагічныя рамкі абмяжоўваліся 1941 — 1945 гадамі, то ў новай яны значна пашырацца. Сённяшняя канцэпцыя мае на мэце паказаць прычыны пачатку Другой сусветнай вайны, а таксама прадставіць пасляваенны перыяд, калі беларускі народ за кароткі тэрмін падняў краіну з руін.

Пры мастацкім афармленні залаў выкарыстоўваюцца рэканструкцыі, галоўная задача якіх — стварэнне ўмоў для максімальнага пагружэння наведвальніка ў гістарычны перыяд. Напрыклад, экспазіцыйная зона, якая распавядзе пра партызанскі рух, будзе прадстаўлена ў выглядзе рэканструкцыі асяроддзя, у якім жылі і змагаліся з акупантамі народныя мсціўцы. Мантаж новай экспазіцыі праходзіць пад пільным вокам галоўнага мастака Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Валерыя Лявуніна, які каардынуе сёння дзейнасць амаль дзясятка сваіх калег.

— Новы музей здзівіць мінчан і гасцей беларускай сталіцы зусім іншай прасторай, нестандартным падыходам да экспазіцыі, шматлікімі інсталяцыямі, — зазначыў галоўны мастак музея вайны. — Уверсе будуць “лятаць” самалёты ў натуральную велічыню, у залах размесціцца рарытэтная тэхніка. Калі ж будзе прадстаўлены макет, то ён максімальна прыбліжаны да арыгінала, як, напрыклад, танк Т-34-85. Нумар 85 гаворыць пра тое, што гэта бронемашына іншай, чым знакамітыя “трыццацьчацвёркі”, мадыфікацыі,  умацаваная пушкай. Макет выкананы на вышэйшым узроўні дызайн-студыяй “Collection”. Кіраўнік праекта — айчынны мастак Канстанцін Вашчанка. Танк — сапраўдны твор мастацтва: з усёй экіпіроўкай, “раненнямі” і “траўмамі”. Такую работу не сорамна прадставіць любому гледачу! Знаходзіцца бронемашына ў зале, прысвечанай унікальнай аперацыі “Багратыён”. Падчас яе правядзення цяжкая тэхніка прайшла праз балота і выйшла на нямецкія пазіцыі з тылу, адкуль ворагі зусім не чакалі савецкіх салдат. Камандуючы 1-м Беларускім фронтам Канстанцін Ракасоўскі бліскуча правёў наступленне. Наведвальнікі музея ўбачаць сапраўдную інжынерную рэканструкцыю гаці. Дарэчы, сёння ва ўсім свеце будучыя ваенныя інжынеры вывучаюць гэтую аперацыю ў дэталях.

У залах будзе шмат зменшаных мадэлей баявой тэхнікі і ўнікальных экспанатаў, якія чакалі свайго часу ў запасніках. Ужо цяпер уражваюць відовішчныя інсталяцыі. Мастак і аўтар эскізнага праекта адной з іх пад умоўнаю назваю “Дарога вайны” Аляксандр Бранцаў падкрэсліў, што хацелі паказаць і першыя дні вайны: вось ідуць бежанцы, непадалёк афіцэр з двума салдатамі рыхтуюцца да бою, побач стаіць палутарка-“саракапятка”,  а над імі ляціць бусел… Па суседстве — іншая карціна: наш танк тараніць нямецкі Т-3, які вораг у асноўным і выкарыстоўваў. Машыны сапраўдныя. Кансультанты зазначаюць: згодна з тактыкай баявых дзеянняў бронемашыны ішлі на таран толькі пад пэўным вуглом, якраз гэты эпізод і зафіксавалі распрацоўшчыкі інсталяцыі.

— Сучасныя тэхналогіі дапамогуць больш эмацыйна ўспрымаць падзеі вайны, дазволяць аператыўна выкарыстаць эксклюзіўную музейную і архіўную гістарычную інфармацыю, звязаную з Вялікай Айчыннай вайной,  — падкрэсліў дырэктар музея Мікалай Скобелеў. — Экспазіцыя будзе абсталявана разнастайнымі аўдыё- і відэасродкамі для дэманстрацыі галасоў, шумоў, музыкі, відэаматэрыялаў, дакументаў і даведачных матэрыялаў. Тэкставая інфармацыя, падрыхтаваная для інфатэрмінала, дапоўніць звесткі пра падзеі і ўдзельнікаў вайны. А паказаць нам ёсць што! Сёння збор музея з’яўляецца адным з буйнейшых па гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны, складаецца з 28 калекцый, налічвае больш як 142 тысячы прадметаў. Штогод да нас паступае 700 — 800 каштоўных рэчаў.

Як вядома, першымі сустрэлі ворага 22 чэрвеня 1941 года абаронцы Брэсцкай крэпасці. Мужна стрымлівалі захопнікаў і чырвонаармейцы, якія знаходзіліся ў доце пад Гроднам. Уявіць, як яны змагаліся з немцамі, дапамогуць мастацкія рэканструкцыі і інсталяцыі. Вось салдаты пасылаюць у эфір паведамленне: “Крэпасць змагаецца!” Усе дзесяць залаў вельмі розныя: і па планіроўцы, і па змесце. Прынамсі, у экспазіцыі пра ўзяцце Берліна перад гледачамі паўстануць рускі, амерыканскі, французскі і англійскі салдаты ў форме ваенных часоў. Яны прадставяць краіны, якія ў маі 1945-га падпісалі капітуляцыю.

Ахапіць усё, што будзе прадстаўлена ў новым музеі, падчас адной экскурсіі, нават за цэлы дзень, немагчыма.

— Новы будынак музея і яго музейная экспазіцыя — сапраўдныя знакі доблесці, мужнасці і славы беларускага народа, — падкрэсліў Мікалай Скобелеў. — Гэта месца, куды павінен прыходзіць кожны, каб аддаць даніну памяці і павагі нашым суайчыннікам, якія абаранілі гонар, волю і незалежнасць вялікай краіны і Беларусі.

Валерый Лявунін побач з макетам танка Т-34-85.

У зале “Дарога вайны”

Выбар рэдакцыі

Культура

Наш трыццаты «Лістапад»

Наш трыццаты «Лістапад»

Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.