Амаль 60 гадоў Лідзія і Уладзімір Лісоўскія з Магілёва не перастаюць казаць адно аднаму пяшчотныя словы.
Яны нават атрымалі галоўны прыз колішняга конкурсу да Дня святога Валянціна на лепшае прызнанне ў каханні. «Убачыла ў газеце запрашэнне прыняць удзел і згадала пра вершаваны падарунак мужа, — усміхаецца Лідзія Кірылаўна, успамінаючы гэты выпадак. — Узяла паштоўку і адправіла на ўказаны адрас. Хацелася, каб ведалі, што і ў 78 гадоў людзі могуць прыгожа прызнавацца ў каханні. Мужу пра гэта нічога не сказала. А праз 2 тыдні — званок у дзверы. Прыехала здымачная група АНТ і аб'явіла, што мы — пераможцы».
Даўжынёй у жыццё
...Побач са мной сядзіць мужчына, які ўлюблёнымі вачыма глядзіць на сваю спадарожніцу жыцця і гатовы хоць цяпер спяваць ёй серэнады. У прамым сэнсе слова. Некалькі тыдняў таму на адным з урачыстых мерапрыемстваў Уладзімір Яфімавіч спяваў пад акампанемент магілёўскага аркестра лірычную песню, дзе ёсць пяшчотныя радкі пра адзіную на ўсім белым свеце. Калі ён у сваім парадным кіцелі капітана другога рангу стаў на адно калена перад любай, якая сядзела ў першым радзе, зала ўзарвалася апладысментамі.
Не паверыце, але Лідзія і Уладзімір Лісоўскія памятаюць нават свой першы пацалунак. Гэта адбылося праз некалькі гадоў пасля прыгожых заляцанняў. Прызнаюцца, што сімпатызавалі адно аднаму яшчэ са школы, калі ён, сямнаццацігадовы хлопец, на навагоднім бале быццам бы ўпершыню ўбачыў малодшую за яго на год прыгажуню і страціў галаву ад нечаканага пачуцця.
— Ён мяне праводзіў, але мы ішлі на адлегласці адно ад аднаго, — успамінае яна. — Каханне ў 17 гадоў — гэта як наркотык. І трэба не перайсці тую мяжу, за якой яно ператвараецца ў распусту.
Сёння яны са сваімі жыццёвымі прынцыпамі, напэўна, выглядаюць дзівакамі, непапраўнымі ідэалістамі і рамантыкамі. Але ў пасляваенны час гэта было так натуральна, нават не прыходзіла ў галаву, што можа быць інакш. Нават на фота, якое юнак падарыў дзяўчыне пасля школы, ён не адважыўся напісаць слова «каханай» — пазначыў проста: «мілай Лідачцы». Але абое адчувалі сябе шчаслівымі, усе астатнія сімпатыі перасталі для іх існаваць. А калі хлопец паступіў у Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское інжынернае вучылішча, пачаўся іх прыгожы раман у лістах.
396 прыступак
Маладыя — пераважна прымхлівыя людзі. А вось Лідзія і Уладзімір не пабаяліся пабрацца шлюбам у панядзелак 13-га.
— Калі мы прынеслі ў ЗАГС заяву, нам сказалі, што вельмі вялікая чарга і нас распішуць не раней, чым праз 4 месяцы, — успамінае Лідзія Кірылаўна. — Але ў Валодзі павінна было адбыцца размеркаванне, і без штампа ў пашпарце мы не змаглі б паехаць разам. Нас пашкадавалі. Адна з супрацоўніц, убачыўшы, як мы засмуціліся, нясмела прапанавала: «Калі жадаеце, можам распісаць вас у бліжэйшы панядзелак». Гэта было 13 жніўня, і не знайшлося ніводнай пары, якая б рызыкнула ажаніцца ў такі дзень...
Быць жонкай маладога афіцэра — цяжкае выпрабаванне. Але, калі кахаеш, нічога не страшна. Яны ехалі на далёкі, невядомы Кольскі паўвостраў у Севераморск, дзе паўгода дзень, паўгода ноч, а сэрцы спявалі — мы разам. Жылля маладым сужэнцам ніхто не абяцаў, але там на месцы, калі даведаліся, што былы курсант прыехаў з жонкай, адразу ж уручылі ключ ад аднаго з трох пакояў разлічанай на некалькі сем'яў кватэры. З выгод там была толькі электрычнасць, а замест пліты на кухні — керагаз. Што такое заставацца адной у гэтых умовах на доўгія два-тры тыдні, калі муж у моры, Лідзія Кірылаўна ведае вельмі добра. Але, кажа, не давала сабе сумаваць. Разам з іншымі, такімі ж, як і яна, маладымі жонкамі займалася гаспадарчымі справамі.
Скардзіцца на нязручнасці нават і думкі не было. Калі чакалі першынца, муж у самы адказны момант знаходзіўся ў плаванні. І яго рашучая жонка, як толькі пачаліся першыя схваткі, адна, без усякіх суправаджальнікаў, сабрала неабходныя рэчы і пайшла пешшу ў радзільны дом. Дарэчы, знаходзіўся ён на высокай сопцы, падняцца на якую трэба было з дапамогай амаль 400 прыступак. Калі дакладна, 396. Гэтая лічба назаўжды засталася ў яе памяці.
Каханне — гэта дыпламатыя
Так лічаць Лісоўскія. «Нядаўна ён быў у бальніцы і я вельмі сумавала без яго, — прызнаецца жанчына. — Люблю часам пабыць сам-насам са сваімі думкамі, але адзіноты баюся. У майго мужа, як і ва ўсіх, ёсць недахопы, але я ніколі не акцэнтую на іх увагу. Жанчына павінна згладжваць вострыя вуглы, яна ж захавальніца хатняга ачага. Калі муж ставіцца дрэнна, трэба перш за ўсё шукаць прычыны ў сабе. Сваім дзвюм нявесткам кажу: «Дзяўчаты, вы з золата, калі церпіце сваіх мужчын».
Вельмі дрэннае пачуццё рэўнасць. І каб яна не разбурыла адносіны, трэба часцей запэўніваць сваю палову, што яна самая лепшая. Захаваць каханне на гады таксама складаная навука. Каб муж не страціў інтарэс, трэба ўвесь час працаваць над сабой, лічыць Лідзія Кірылаўна. Яна не дазваляе сабе з'явіцца перад ім непрыбранай ці дрэнна апранутай. На жаль, жанчынам уласціва пасля жаніцьбы неяк расслабляцца: маўляў, трапіў хлопец у «сеткі» — не вырвецца. Мая суразмоўца і сама прайшла праз гэта ў маладосці. Урокам на ўсё жыццё стала заўвага старэйшай супрацоўніцы: калі хочаш быць каханай, павінна заўсёды заставацца «пры парадзе». Больш аб гэтым яна не забывала. Затое і сёння не перастае чуць ласкавыя прызнанні.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.