У Мінску прайшоў чэмпіянат краіны па сінхронным плаванні.
Самы прыгожы і, напэўна, самы вытанчаны від воднага спорту, у якім разам сплецены гімнастычныя практыкаванні, танцавальныя рухі і нават балетныя трукі, сабраў у Палацы воднага спорту неабыякавых да атлетычнай прыгажосці. У рамках чэмпіянату краіны дзяўчаты спаборнічалі ў некалькіх відах праграмы: сола, дуэты, групы, камбінаваныя групы. Турнір стаў вельмі важным і для трэнераў, і для спартсменак, бо ён з'яўляецца адборам на чэмпіянат Еўропы, які пройдзе ў жніўні ў Берліне.
Фаварыткамі чэмпіянату сталі дзяўчаты з нацыянальнай зборнай, але паказаць сябе змаглі і маладыя спартсменкі 2000-х гадоў нараджэння. У індывідуальных практыкаваннях чэмпіёнкай Беларусі стала мінчанка Ірына Ліманоўская з сумай балаў 165,0085. Лепшым дуэтам краіны суддзі назвалі Ірыну Ліманоўскую і Вераніку Есіповіч (167,8821). Першае месца сярод груп і камбінаваных груп заваявалі спартсменкі з каманды «Мінск-1», якія прадстаўляюць Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі (Ірына Ліманоўская, Анастасія Палякова, Вераніка Есіповіч, Ганна Шульгіна, Дамініка Цыплакова, Анастасія Тараховіч, Вольга Талейка).
Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па сінхронным плаванні Наталля Сахарук падзялілася ўражаннямі ад турніру, распавяла аб беларускім сінхронным плаванні і падрыхтоўцы каманды да чэмпіянату Еўропы:
— Для мяне гэты турнір стаў вельмі знакавым. Паглядзеўшы выступленні, змяніла погляд на некаторых спартсменак. Пакуль не буду называць імёны, але скажу, што склад на будучы чэмпіянат Еўропы ўжо вызначаны. Таксама я ўжо вызначылася і з юніёркамі. Хутка мы прымем удзел у турніры ў Іспаніі, а затым, з 22 па 25 мая, адбудзецца першынство рэспублікі.
— Чаму на чэмпіянаце краіны былі прадстаўлены толькі мінскія каманды?
— У рэгіёнах, на жаль, сінхроннае плаванне ў нас пакуль не развіта. Няма магчымасці, не хапае басейнаў. Нядаўна былі пабудаваны новыя палацы спорту ў Гомелі і Брэсце, але там яшчэ толькі набіралі дзіцячыя групы. Каб вырасціць спартсменак да ўзроўню хоць бы чэмпіянату Беларусі, ім неабходна як мінімум 5-7 гадоў. У Мінску ў нас сёння таксама існуюць праблемы. Не хапае дзіцячых трэнераў. Прычына гэтаму такая ж, як і ў астатніх відах спорту, — маленькія зарплаты. Таксама існуе праблема з вадой. Нам не хапае арэнднага часу на паўнавартасныя трэніроўкі. Падводзіць і фінансаванне. Многае даводзіцца аплачваць спартсменкам і іх бацькам. Адзін купальнік каштуе каля трохсот еўра, а нам іх трэба шмат: сольнае выступленне, дуэт, групы і камбінаваныя групы. На ўсё гэта трэба розныя касцюмы.
— На якія месцы будуць прэтэндаваць нашы дзяўчаты на чэмпіянаце Еўропы?
— Нам па сілах зачапіцца за шасцёрку лепшых, але і пра медалі мы, вядома, таксама думаем — гэта ж спорт. Каб беларускае сінхроннае плаванне развівалася і займала лідзіруючыя пазіцыі ў свеце, нам неабходна выстаўляць на міжнародных спаборніцтвах усе віды праграмы. Гэта вельмі важна для суддзяў, каб яны ведалі, што ў Беларусі шмат спартсменак і што ёсць з каго выбіраць. Наогул сінхроннае плаванне, я лічу, — гэта самы суб'ектыўны від спорту. Добра, што ў Міжнародным тэхнічным камітэце з'явілася беларуская прадстаўніца — Алена Святлічная, таму спадзяёмся на змены да лепшага ў адносінах суддзяў.
Каб павышаць свой узровень, нам неабходна часцей праводзіць зборы, выязджаць на розныя турніры, праводзіць турніры ў сябе, у Беларусі. Летась мы паспрабавалі правесці адкрыты чэмпіянат Беларусі. Да нас прыязджалі спартсменкі з Літвы і Расіі. Сёлета плануем правесці адкрытае першынство рэспублікі. Аднак для гэтага выбраны не вельмі ўдалы час: ён супадае з чэмпіянатам свету па хакеі. Таму многія краіны не змогуць прыехаць з-за банальнай праблемы: няма дзе размясціцца, усе гасцініцы занятыя. На сёння пакуль пацвердзіла свой удзел у нашым турніры каманда Літвы.
— Якая атмасфера пануе ў зборнай? Як вы дамагаецеся таго, каб дзяўчаты адчувалі адна адну ў вадзе?
— У нас вельмі добры калектыў, ніколі не было ніякіх праблем. Дзяўчаты сябруюць і па-за межамі басейна. Часам мы разам ходзім у кіно. Яны збіраюцца і без мяне.
— Што павінна ўмець дзіця, каб яго можна было прывесці да вас займацца сінхронным плаваннем?
— Да нас прыходзіць вельмі шмат дзетак, і гэта радуе. Пажадана, каб у дзяўчынкі былі доўгія рукі і ногі, добрая расцяжка і гнуткасць. Уменне плаваць не абавязкова. Нават лепш, калі дзіця прыходзіць не ўмеючы плаваць. Нашы трэнеры спачатку вучаць плаванню, дзяўчаты займаюцца ў зале гімнастыкай, а толькі потым, паступова, і сінхронным плаваннем. Наш спорт вельмі прыгожы — на спаборніцтвы заўсёды прыходзіць шмат гледачоў, і гэта не можа не радаваць.
Дар'я Лабажэвіч.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.
«Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым».
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?