Вы тут

Маўчанне мінуўшчыны


Ці дачакаецца рэстаўрацыі ўнікальны помнік міжнароднага і рэспубліканскага значэння?

Калі ў Мсціславе ад цэнтра горада накіравацца ў бок Замкавай гары, немагчыма абмінуць кармеліцкі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, помнік XVІІ стагоддзя. Белы мураваны храм, што стаіць на ўзвышшы, уражвае сваёй велічнасцю яшчэ здалёк, і справа не толькі ў яго памеры. Такі змог бы стаць упрыгажэннем, жамчужынай любой сталіцы. У ім маглі б ладзіць набажэнствы з удзелам вышэйшых асоб... Зрэшты, калісьці яно так і было. Гледзячы на касцёл (дарэчы, апошні на ўсходзе Еўропы помнік «віленскага» барока), уяўляем, якім значным горадам быў Мсціслаў у часы свайго росквіту і як віравала тут жыццё.

13-6

Дваццаць гадоў цішыні

Пра дату будаўніцтва Успенскага кляштара і касцёла ордэна кармелітаў можна меркаваць толькі па спасылках на дакументы XVІІ — XVІІІ стагоддзяў, якія ўжо, на жаль, не існуюць. Мяркуюць, што касцёл быў закладзены ў першай палове XVІІ стагоддзя на месцы драўлянага храма. Дабудоўваўся ён значна пазней, праз некалькі дзесяцігоддзяў. Таксама вядома, што ў 1746—1750 гадах ён быў істотна перабудаваны архітэктарам Глаўбіцам, частковая перабудова адбылася і ў 1887 годзе.

Цяпер у касцёле засталося каля 25 прыхаджан. Набажэнствы для іх праходзяць у невялікай каплічцы пры храме. Унутр жа самога касцёла трапіць выпадае хіба што падчас штогадовага рыцарскага фэсту, што ладзіцца на працягу двух дзён улетку. Увесь астатні час яго дзверы замкнёныя. Справа ў тым, што ў 80-я гады мінулага стагоддзя ў храме распачалася рэстаўрацыя. Унутры ўсё абнеслі рыштаваннямі, пачалі аднаўляць ляпніну... Але, як гэта часта бывае, скончыліся сродкі, і рэстаўрацыю замарозілі на няпэўны тэрмін. Без будаўнічых работ прайшло ўжо больш за 20 гадоў...

Нам пашанцавала: спецыяльна для нас дзверы касцёла адчынілі. Тое, што паўстала перад нашымі вачыма ўнутры, было чароўным і вартым жалю адначасова. Вялізная прастора са стройнымі калонамі і высокімі скляпеннямі, нібы скаваная ад падлогі да столі будаўнічымі рыштаваннямі. А скрозь іх з алтароў праглядаюць белыя пяшчотныя херувімы (іх і некаторыя іншыя элементы ляпніны паспелі адрэстаўраваць) і каляровыя фрэскавыя роспісы, нібы безгалосна паведамляючы: «Мы яшчэ тут! Ратуйце нас, пакуль мы не пабляклі!» Зрэшты, ёсць нейкае таямнічае хараство ў гэтай пышнай напаўзакінутасці (але ні ў якім разе не занядбанасці! Унутры касцёла, нягледзячы на стан зацягнутага рамонту, прыбрана — за парадкам у храме сочаць).

Адметныя гэтыя фрэскі тым, што, апроч традыцыйных рэлігійных, яны адлюстроўваюць і свецкія сюжэты — такога няма больш нідзе ў Беларусі. Так дзве з іх яскрава распавядаюць пра падзеі, што адбываліся ў 1654 годзе падчас вайны Расіі і Рэчы Паспалітай, калі рускія войскі пад кіраўніцтвам князя Аляксея Трубяцкога на працягу чатырох дзён асаджалі Мсціслаў. А калі ўзялі горад прыступам, то ўчынілі жорсткую бойню, якая атрымала назву «трубяцкая разня». Тых мсціслаўцаў, хто здолеў тады выратавацца, а таксама іх нашчадкаў, яшчэ доўга звалі «недасекамі»: маўляў, не ўсіх пасеклі. Фрэскі сведчаць і аб тым, што пацярпелі ў той разні і святары.

Апроч гэтых выяў, захаваліся не менш цікавыя — насценныя партрэты фундатараў касцёла. «Звярніце ўвагу на сімвал улады — булаву, — паказвае на адзін з партрэтаў дырэктар Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея Уладзімір ШЫЛЯНКОЎ. — Можна меркаваць, што яе мог трымаць якісьці вялікі князь».

13-8

Спусціцца ў пекла, узняцца ў нябёсы...

Праходзячы скрозь храмавыя пакоі (а была тут і трапезная, і бібліятэка, і камора, і яшчэ цэлае крыло, якое не захавалася), уваходзім у памяшканне, у куце якога бялее камін. Па словах дырэктара музея, ён дзейнічае і цяпер.

Некалі ў касцёле было пяць алтароў. «У сем'яў, якія ахвяравалі грошы на яго пабудову, былі свае ксяндзы, якія адначасова маглі весці тут службы», — тлумачыць Уладзімір Шылянкоў.

Апроч таго, касцёл меў арган, на падлозе ляжалі персідскія дываны, а вокны ўпрыгожвалі мазаічныя вітражы. Савецкія ўлады пераўтварылі храм у склад. У сутарэннях захоўваліся бочкі з капустай і саленнямі. Соль настолькі ўелася ў земляную падлогу, што і цяпер працягвае разбураць падмурак... Зрэшты, храм мог увогуле знікнуць, было нават прынята рашэнне аб яго зруйнаванні з-за тых самых фрэсак, якія былі сведчаннем таго, як славянін падымаў руку на славяніна, што зусім не ўпісвалася ў ідэалогію «адзінага савецкага народа». Выратавала касцёл адкрыццё комплексу савецка-польскага сяброўства ў пасёлку Леніна Магілёўскай вобласці, на якое прыехалі высокія госці з Польшчы. Мясцовыя ўлады палічылі, што палякі могуць пажадаць наведаць храм у Мсціславе, і вырашылі яго пакінуць.

...Спускаемся ў сутарэнне. У яго заблытаных лабірынтах чыста і цёмна, і святло ліхтарыка не рассейвае адчуванне містычных дрыжыкаў па скуры. Дырэктар музея пацвярджае маю здагадку пра тое, што ў ранейшыя часы тут была крыпта-пахавальня: у сценах ёсць замураваныя нішы, знаходзілі тут і косткі. У адным з памяшканняў у падлозе адтуліна, пад якой, наколькі магчыма разгледзець у ліхтаровым святле, — пустэча. «Хутчэй за ўсё, там сістэма падземных хадоў», — мяркуе Уладзімір Шылянкоў.

Пасля сырых і цёмных падземных памяшканняў выходзім на святло, па пакручастых прыступках караскаемся на касцёльную вежу. Нібы са змрочнага царства мёртвых — у асветленае спадзяваннем неба. І хоць на самы верх трапіць не атрымалася (лаз быў зачынены), нават з «сярэдняга» ўзроўню вежы адкрываюцца шыкоўныя мсціслаўскія краявіды. Зірнуўшы на такое хараство, разумееш, што дзеля гэтага варта жыць і захоўваць спадчыну нашых продкаў. Дарэчы, у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі касцёл ордэна кармелітаў мае катэгорыі ўнікальнага аб'екта міжнароднага і рэспубліканскага значэння.

«Балюча глядзець на тое, у якім ён стане, сэрца крывёю абліваецца», — уздыхае Уладзімір Віктаравіч, і з ім нельга не пагадзіцца.

Але ж, нібы дорачы супакаенне і спадзеў, звонку на адной з белых сцен храма выразна праступае шэры сілуэт укрыжаванага Хрыста, які, колькі сцяну ні тынкавалі, праяўляецца зноў і зноў...

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Фота Надзеі БУЖАН.

Мсціслаўскі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».