Пасля буйнога паражэння ад амерыканцаў наступны матч беларускіх хакеістаў супраць каманды Казахстана ўспрымаўся як шанц на рэабілітацыю. І хлопцы Глена Хэнлана не падвялі — 4:1 і неабходныя тры ачкі ў кішэні.
Тым не менш старт паядынку ў нашай каманды не атрымаўся: на пятай хвіліне прапусцілі крыўдную шайбу. А вось у другім перыядзе беларусы амаль што не падпускалі сапернікаў да сваіх варот і пры гэтым самі рэалізавалі два моманты — вылучыліся Андрэй Сцяпанаў і Мікалай Стасенка. Тон апошняй дваццаціхвілінцы задаў Сяргей Касціцын, правёўшы хуткую атаку. А тлустую кропку ў матчы паставіў Аляксей Калюжны, забіўшы сваю першую шайбу на чэмпіянаце за чатыры секунды да фінальнай сірэны!
Пасля матча капітан беларускай зборнай Аляксей Калюжны ў размове з карэспандэнтам «Звязды» распавёў пра тое, як каманда рыхтавалася да гульні з Казахстанам: «Напярэдадні збіраліся з камандай, трэнерскім штабам, праглядалі запісы гульняў «Барыса» (настаўнік зборнай Казахстана Ары-Пека Селін трэніруе «Барыс». — Аўт.). І зыходзячы з таго, што яны дэманстравалі ў сезоне, будавалі план на матч. У складзе зборнай Казахстана нічога нечаканага для нас не было. Так, з'явілася некалькі добрых хлопцаў з расійскіх каманд КХЛ, але гэта істотна не паўплывала на іх дзеянні. Пасля папярэдняга паражэння для нас важна было накіраваць спартыўную злосць у правільнае рэчышча, каб не пачаць гуляць жорстка, «фаліць»... Вельмі рад, што ў нас гэта атрымалася».
Дарэчы, галоўны трэнер беларускай зборнай Глен Хэнлан таксама адзначыў граматную гульню сваіх падапечных:
— Задаволены лідарамі каманды. Сяргей Касціцын выдатна праявіў сябе на важных адрэзках. Парадавалі абаронцы, асабліва тройка Волкаў-Яфіменка-Угараў.
— У другой тройцы супраць казахаў згулялі Джэф Плат і Андрэй Стась, а не Аляксандр Кітараў і Андрэй Касціцын, як звычайна...
— Шчыра кажучы, не вельмі гляджу на спалучэнне троек, больш звяртаю ўвагу на тое, колькі часу хакеіст правёў на лёдзе. Магу вас запэўніць, што ў наступных матчах Андрэй Касціцын атрымае больш часу.
— У швейцарскім выданні з'явілася інфармацыя пра тое, што вы — пераемнік Шона Сімпсана на пасадзе галоўнага трэнера зборнай Швейцарыі...
— У гэтым артыкуле няма маіх цытат, выказванняў, каментарыяў, таму што іх, у прынцыпе, быць не можа. Я тут, каб выйграваць са зборнай Беларусі!
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.