Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі ПАВЕЛ сваю сустрэчу з журналістамі прысвяціў святу Пасхі, якое ён упершыню адзначае на беларускай зямлі.
Прадстаўнікоў больш за тры дзясяткі выданняў беларускі архіпастыр павітаў пасхальным воклічам «Хрыстос уваскрос!» і, пачуўшы адпаведны адказ, прапанаваў пачаць размову святочным песнапеннем. Мітрапаліт Павел прызнаўся, што спачатку меў намер такую сустрэчу правесці на соты дзень свайго служэння на Беларусі, але дата гэта прыйшлася на Вялікі пост, таму зносіны з журналістамі былі адкладзены на Велікодны перыяд.
Архіпастырскі крыж
Учарашняя двухгадзінная размова з журналістамі адбылася на наступны дзень пасля вяртання Патрыяршага Экзарха з паездкі па Тураўскай епархіі. «Так здарылася, што ў першыя дні свайго прызначэння сюды я наведаў Магілёўскую епархію, потым — Гродзенскую, пасля — Віцебскую, і вось — Тураўскую. І толькі ўчора мы заўважылі, што незнарок атрымаўся крыж: усход краіны — захад — поўнач — поўдзень», — заўважыў архіпастыр, дадаўшы, што вернікі нічога не лічаць выпадковым.
Беларускае Палессе выклікала добрыя ўражанні ў мітрапаліта Паўла, нягледзячы на тое, што многія тэрыторыі, якія ён наведаў, пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. «Мяне ўвесь час здзіўляе настрой у людзей, дух нашага народа, — сказаў ён. — Наш народ непераможны. Заходняму чалавеку гэта вельмі цяжка зразумець».
Патрыяршы Экзарх запэўніў таксама, што мае намер наведаць усе беларускія епархіі, прыходы і манастыры.
«З дзяржавай у азартныя гульні не гуляю»
На пытанне журналістаў, ці сочыць ён за чэмпіянатам свету па хакеі, які праходзіць гэтымі днямі ў Мінску, уладыка адказаў дыпламатычна: «Я «хварэю» за тых, хто перамагае. Мне падабаецца прыгожы хакей, прыгожы футбол, хаця мой любімы спорт — валейбол, у які я вельмі часта гуляў, калі быў студэнтам семінарыі і духоўнай акадэміі. Цяпер, калі ёсць магчымасць, я гляджу снукер. Сам калісьці захапляўся гульнёй у більярд. Мне не падабаецца тое, што сёння, на жаль, у спорце вельмі выразна прысутнічае бізнес. Я таксама не прыхільнік таго, каб людзі ставілі падножкі, прымянялі фізічную сілу там, дзе гэта не трэба».
Экзарх параіў нікому не гуляць у азартныя гульні. Ён нават супраць латарэйных гульняў. «Калі мне прапануюць купіць латарэйны білет, я кажу, што з дзяржавай у азартныя гульні не гуляю», — пажартаваў ён.
Падзеі ва Украіне — агульны боль
Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел успрымае падзеі ва Украіне як агульны боль славянскіх народаў. «У нас агульная вера, рэлігія, культурная аснова. Палітыка нас падзяліла, але ўсе мы маем агульныя карані. Мы адзін народ», — адзначыў уладыка. Ён выказаў надзею, што сітуацыя ва Украіне будзе хутка ўрэгулявана мірным шляхам.
Прадстаяцель Беларускай праваслаўнай царквы згодны з меркаваннем, што прычынай таго, што адбываецца ва Украіне, паслужыла карупцыя, а таксама падзел грамадзян на тых, хто жадае ісці «на захад» і тых, хто жадае ісці «на ўсход». Пры гэтым Экзарх падкрэсліў, што людзі жадаюць проста мірна жыць і працаваць, і многім з іх усё адно, якая ўлада будзе ў краіне. «Паны б'юцца, а людзям даводзіцца ўсё гэта расхлёбваць. Галоўнае, каб людзі жылі ў міры і згодзе», — лічыць мітрапаліт.
Па яго словах, у сітуацыі, якая склалася, задача Царквы — маліцца, а дыпламаты і палітыкі павінны сесці за стол перамоў і зрабіць усё магчымае для таго, каб спыніць гвалт ва Украіне.
Жанчына з барадой — скажэнне Божага вобраза
Мітрапаліт Павел па просьбе журналістаў пракаментаваў з пункту гледжання Царквы вынікі міжнароднага песеннага конкурсу «Еўрабачання-2014», дзе перамог спявак з Аўстрыі, які выступае пад псеўданімам Канчыта Вурст і вядомы публіцы як жанчына з барадой.
«Я паглядзеў — нават не ведаю, як сказаць, — на гэтага ці на гэту... Гэта ж пародыя. Я, як епіскап, адразу ж угледжваю падспудную думку: артыста паспрабавалі зрабіць падобным на выяву Хрыста. І вось гэта «яно» сёння захапляе людзей, займае першае месца. Гэта нават каментаваць нязручна», — сказаў мітрапаліт Павел.
«Я ніколі нікога не рэкамендаваў бы накіроўваць на гэты форум, калі там прызнаецца за вяршыню дасканаласці згубленая і знявечаная выява Божая ў чалавеку», — сказаў прадстаяцель БПЦ.
Ён таксама выказаў сваё меркаванне з нагоды канцэрта польскай групы «Бегемот» у рамках іх тура «Сатаніст»: «На 27 мая плануецца рок-канцэрт нейкай групы — па-мойму, «Бегемот». Нельга дапускаць выступленні груп сатанінскай скіраванасці. Трэба рабіць усё, каб сатанізм не прайшоў», — падкрэсліў архіпастыр.
З Каталіцкай царквой — добрыя ўзаемаадносіны
«З Рымска-каталіцкай царквой у Беларусі ў нас выбудоўваюцца добрыя адносіны. Гэта шматвяковая традыцыя, — сказаў журналістам кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы. — Мы не ўмешваемся ў справы адзін аднаго».
Пры гэтым прадстаяцель БПЦ нагадаў, што сёлета на пачатак чэрвеня запланавана правядзенне ў Мінску праваслаўна-каталіцкага форуму, які ўяўляе сабою нефармальную пляцоўку для зносін іерархаў дзвюх канфесій.
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.