Вы тут

Без раслін, без жывёл


Колькасць людзей з алергічнымі пашкоджаннямі скуры, органаў дыхання, страўнікава-кішачнага тракту расце хуткімі тэмпамі. Чаму так і што можна зрабіць для папярэджвання падобных праблем? Расказвае ўрач-педыятр Цэнтра дружалюбных адносін да падлеткаў «Поспех» Любоў БАГАЧЭЎСКАЯ.

Алергія — павышаная адчувальнасць арганізма да ўздзеяння нейкіх знешніх фактараў. Скажам, харчовых прадуктаў, хімічных рэчываў, мікраарганізмаў і прадуктаў іх жыццядзейнасці і г.д. Лячэнне алергіі — справа цяжкая і працяглая.

14-13

Спрыяльныя фактары

1. Генетычны. Алергічныя захворванні не адносяцца да спадчынных хвароб. Аднак у 85% дзяцей з алергіяй алергію маюць і члены сям'і.

2. Кліматычна-геаграфічны. Гэта пражыванне ў раёнах з нізкай вільготнасцю, рэзка кантрастнай тэмпературай, моцнымі вятрамі.

3. Экалагічны. Гэта ўсё, што дае ўрбанізацыя. Маларухомы лад жыцця, стрэсы, хімія ў сельскай гаспадарцы, вялікая колькасць у прадуктах харчавання кансервантаў, фарбавальнікаў і г.д.

4. Прафесійнай шкоднасці. Нярэдка ад алергіі пакутуюць дзеці, чые бацькі працуюць на шкоднай вытворчасці.

5. Унутрысямейны. Даказана, што алергія часцей фарміруецца там, дзе ў сям'і кураць, актыўна прымяняюць сінтэтычныя мыйныя сродкі, трымаюць жывёл, выкарыстоўваюць палімерныя пакрыцці, ёсць хранічна хворыя, «пылазборнікі».

Алергія найчасцей праяўляецца атапічным дэрматытам, алергічным рынітам, кан'юнктывітам, бранхіяльнай астмай.

Атапічны дэрматыт — гэта сверб і сухасць скуры. Месцы праяўлення залежаць ад узросту. У малых дзяцей — на твары, тулаве, ягадзіцах, вонкавай паверхні рук і ног. У старэйшых дзяцей — на згінальнай паверхні канечнасцяў, шыі, тыльным баку кісці. У дарослых — вакол рота і вачэй, на шыі, у лакцявых згібах, на запясці.

Урач-алерголаг прызначае алергічныя пробы. Па іх выніках прызначаецца лячэнне. Пробы ставяцца з 4-гадовага ўзросту і толькі не ў момант абвастрэння. Ёсць і другі варыянт — вядзенне харчовага дзённіка, паступовае выдаленне з харчавання «падазроных» прадуктаў.

Што варта зрабіць?

У пакоі

-Не радзей, чым раз на тыдні, праводзіць генеральную прыборку памяшканняў, праціраць вільготнай анучкай не толькі падлогу, але і сцены, вокны, шафы і г.д.

-Самыя пылазборныя месцы (падлогу, мэблю, кнігі, карціны і інш.) праціраць вільготнай анучай штодня.

-Пазбавіць жылое памяшканне дываноў, цяжкіх штор, пярын, пуховых коўдраў, старых часопісаў, мяккіх цацак.

-Абцягнуць мяккую мэблю матэрыялам, які добра мыецца, зашкліць кніжныя паліцы.

-Пазбавіцца ад раслін, асабліва з моцным пахам і пылком.

-З асцярожнасцю выбіраць і нячаста выкарыстоўваць сродкі для пакрыцця падлогі (лак, мастыка), чысткі кафелю, мыцця посуду.

-Не трымаць ні жывёл, ні рыбак.

-Не курыць у кватэры.

На кухні

-Сыпучыя і лятучыя прадукты (муку, прыправы) трымаць у герметычных упакоўках, шафах.

-Абсталяваць кухню выцяжной вентыляцыяй.

-Замяніць газавыя награвальныя прыборы на электрычныя.

Адзенне і бялізна

-Не надзяваць на голае цела вырабы з шэрсці і сінтэтыкі, аддаваць перавагу льну, бавоўне.

-Мыць адзенне адным і тым жа парашком, на які няма алергіі.

-Мяняць ваду для паласкання некалькі разоў. Не карыстацца сродкамі для змякчэння бялізны падчас паласкання.

-Не карыстацца ўпрыгажэннямі з нікелю, пластмасы.

Агульныя рэкамендацыі

1. Выдаліце з рацыёну прадукты, якія амаль заўсёды выклікаюць алергію (алергены 1-й чаргі): апельсіны, мандарыны, клубніцы, суніцы, памідоры, мёд, шакалад, сыр, маянэз, кетчуп, рыбу, ікру, морапрадукты, арэхі, грыбы, квас, какаву;

прадукты і стравы, якія раздражняюць органы стрававання (наварыстыя супы і булёны, вострыя і смажаныя стравы, вэнджаніну, кансервы, субпрадукты);

прадукты з харчовымі фарбавальнікамі (мармелад, зефір, пасцілу, ліманад, сіропы, пірожныя, торты, шакалад, жуйкі).

2. Правільна гатуйце ежу: бульбу і крупы папярэдне замочвайце ў халоднай вадзе на 12 гадзін;

крупы перабірайце уручную для ачысткі ад прымесяў;

гатуйце на пары або адварвайце;

пры варцы мяса булён пасля першага закіпання злівайце.

3. Лекі прымайце толькі па прызначэнні ўрача. Лекавыя сіропы і вітаміны з каляровай абалонкай даволі часта выклікаюць алергію. Лепей ужываць таблеткі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.