Якасная праца не застаецца незаўважанай. І поспех гурта BosaeSonca — таму пацвярджэнне. Летась ён запісаў два альбомы: рокавы «Залаты» і лірычна-акустычны «Адпусці», якія не абмінулі ўвагай як эксперты, так і прыхільнікі. Па версіі прэміі «Rock Profі» гурт прызнаны лепшым дэбютам года. У лютым дыск атрымаў узнагароду ад экспертаў партала Experty.by у намінацыі «Лепшы беларускамоўны альбом». Наша сустрэча з фронтменам гурта BosaeSonca Алесем Катом-Зайцавым адбылася напярэдадні сольнага канцэрта, і мы пагутарылі з ім пра музыку, свабоду і перспектывы.
— У адным інтэрв'ю вы дзяліліся, што ў свой час бацькі проста пераступілі цераз сябе і далі вам поўную свабоду дзеянняў. Як гэта на вас паўплывала?
— Па-рознаму. У плане ўладкавання свайго жыцця я магу сказаць, што шчаслівы чалавек, бо займаюся любімай справай. Жыву ў радасці і не прачынаюся кожны дзень з думкай «вось зноў трэба прымусіць сябе ісці працаваць». І гэта якраз дзякуючы таму, што на мяне не ціснулі, не прымушалі нечым заняцца, а далі права выбару. У мяне з пэўнага ўзросту была прага да іншага жыцця, да свабоды, таму, напэўна, я знайшоў свой шлях.
— Зазвычай музыканты — папулярныя ў школе людзі, якія маюць шмат сяброў. А вы неяк прызналіся, што ў школьныя гады іх у вас не было. А ў дзяўчат папулярнасцю карысталіся?
— У нас была свая суполка, з парай прыяцеляў, з якімі я іграў у тагачасным гурце. Але збольшага гэта былі не музыканты, а мае сябры. Ці карыстаўся я папулярнасцю сярод дзяўчат? Цяпер ужо азіраючыся, я разумею, што была пэўная папулярнасць, аднак з-за сваёй нейкай сціпласці я ёй ніяк не карыстаўся. Я быў увесь у сабе, у сваёй творчасці. І трымаўся на дыстанцыі ад усіх.
— Вы вучыліся ў музычнай школе па класе баяна, потым з'явілася захапленне гітарай. А ці хапала часу, каб пабегаць з хлопцамі ў двары?
— Дваровае баўленне часу мяне мінула. Эмоцый мне і без таго хапала. Ганяць мяч ці проста ладзіць тусоўкі ў дварах — абсалютна не пра мяне. Часам хацелася быць з кімсьці на агульнай хвалі. Але тое хутка змянілася, з'явілася сяброўская кампанія, і з ёй я да пераезду ў Мінск пастаянна праводзіў час. Мы разам хадзілі на канцэрты, ладзілі сабе нейкія вечарынкі...
— Па адукацыі вы архітэктар-дызайнер... Гэта было жаданне бацькоў?
— У пэўным сэнсе так, але з іншага боку, калі б я сказаў «не хачу», то ніхто б мяне не прымушаў. Усё адбылося, хутчэй, само сабой, без асаблівых ваганняў. Я скончыў мастацка-архітэктурны ліцэй, а там цябе мэтанакіравана рыхтуюць да паступлення на архітэктурны факультэт БНТУ. Зрэшты, мне заўсёды хацелася займацца музыкай. І я ніколі не пераставаў ёй займацца.
— Музыка для вас — захапленне ці прафесія?
— Цяпер я намагаюся ўспрымаць яе як прафесію. Гэта цяжка, складана: і пастаянны недахоп фінансаў, і туманныя перспектывы. Але пакуль жыццё складваецца так, што я маю магчымасць займацца ёю на прафесійным узроўні. І я жыву сваёй страсцю, марай.
— Але ў вас была думка закрыць BosaeSonca...
— Калі мы запісалі альбом «Адпусці» і я ўжо ведаў, што еду ў Маскву працаваць з гуртом Frіdance, то думаў, што гэта будзе прыгожая кропка — мы выдаём альбом, ладзім фінальны канцэрт і развітваемся. Але жыццё вырашыла за нас інакш. Усё атрымала працяг. Альбом заўважылі, колькасць прыхільнікаў павялічылася, нават нягледзячы на тое, што мы не знаходзімся цяпер увесь час у Мінску. Хаця гэта абсалютна зразумела, бо раней проста не было відаць вынікаў нашай працы: мы не выдавалі альбомаў, не рабілі ніякіх сур'ёзных крокаў па менеджменце, па прасоўванні сябе, а са з'яўленнем першага, потым і другога альбомаў, аўдыторыя пачала заўважаць, што ёсць такі гурт. Пачалі хадзіць на нашы канцэрты. Таму пакуль у гісторыі гурта BosaeSonca ставім шматкроп'е. На сёння ён — інстанцыя, якая існуе не сама па сабе, а ў вельмі цеснай узаемасувязі са сваім слухачом. Пакуль адчуваем патрэбу ў нашым існаванні з боку слухачоў, мы будзем працаваць.
— Творчасць беларускамоўных музычных калектываў нехта ўспрымае як даніну модзе, іншыя — як пазіцыю пратэсту. А насамрэч, што ж рухае музыкантамі?
— Для мяне, як я казаў, гэта натуральна. Як адбываецца тое ў астатніх, не ведаю. Мяне радуе, што апошнім часам беларуская мова з мовы палітыкаў і апазіцыянераў ператварылася ў мову моладзі і інтэлігенцыі. Гэта грамадская культурніцкая з'ява. Так і павінна быць. Я, калі толькі пачынаў спяваць па-беларуску, заўсёды хацеў, каб наша творчасць не ўспрымалася як нейкая палітычная пазіцыя. Цудоўна, што цяпер так адбываецца.
— Ці дазваляе вам музыка камфортна сябе адчуваць у фінансавым плане?
— Даводзіцца шукаць варыянты падзарабіць. Займацца толькі музыкай у Беларусі могуць дазволіць сабе адзінкі. Калі мы кажам пра папулярную музыку, пра артыстаў, якія існуюць самі па сабе. А, да прыкладу, класічныя музыкі могуць пайсці на працу ў аркестр і там сітуацыя ўжо дае большую стабільнасць. Музыкам кшталту нашага гурта ў фінансавым плане складана не сумяшчаць творчасць больш ні з чым. Я вельмі засяроджаны толькі на музычных справах і паралельную хвалю пакуль лаўлю. Спрабаваў займацца журналістыкай, працаваў на радыё. Цяпер спрабую сябе ў фатаграфіі і ў выяўленчым мастацтве, бо ў мяне ўсё ж такі і адукацыя ёсць. У любым разе варта правільна расстаўляць прыярытэты і не сыходзіць у «зорны свет», маўляў, буду займацца толькі музыкай і ўсё. Як любы нармальны музыка я спадзяюся, што так яно і будзе ў пэўны момант, але да таго дня, як кажуць, мусіш круціцца.
— Ёсць меркаванне, што мужчына павінен пабудаваць дом, вырасціць сына і пасадзіць дрэва... А якое месца адводзіцца музыцы?
— Калі мы кажам, што асоба павінна штосьці зрабіць у сваім жыцці, то ў маім выпадку я хацеў бы дасягнуць усяго, займаючыся музыкай. Мая звышзадача ў гэтым. Хочацца, каб з дапамогай музыкі атрымалася пабудаваць дом і вырасціць сына. З дрэвам усё прасцей. Калі глядзець на сітуацыю вобразна, музыка і ёсць тое самае дрэва. Яго ты пакідаеш пасля сябе ў свеце.
Алена ДРАПКО.
фота Юрыя Сідуна і Елізаветы Бахурэвіч
Даведка «ЧЗ»
Беларускамоўны рок-калектыў BоsаеSоnса створаны ў 2006 годзе Алесем Катом-Зайцавым, які з'яўляецца лідарам групы, і яго аднакурсніцай, скрыпачкай Сашай Баброўнік. У пэўнай меры BоsаеSоnса цяпер можна лічыць міжнародным праектам: баяніст Аляксандр Ясінскі жыве ў Празе, а сам Алесь — у Маскве. Летась у гурта выйшлі два сольныя альбомы — у электронным стылі (альбом «Залаты») і ў акустычным гучанні (альбом «Адпусці»).
З водгукаў на альбом «Адпусці» на партале Ехреrtу.bу:
Сяргей Філімонаў, тэлевядучы: «Прадукт высокай якасці, які смела можна паставіць побач са знакамітымі камандамі сусветнага ўзроўню... Можна цешыцца з патрыятычнай нагоды (што гурт — наш), а таксама шкадаваць з агульнай (што гурт — наш). Спявалі б на англійскай, жылі на Туманным Альбіёне, дык прадавалі б свае запісы мільённымі накладамі. Гэткі жанр мае не аглушальную, але трывалую колькасць прыхільнікаў ва ўсім свеце. Шчыра кажучы, я быў здзіўлены і захоплены альбомам «Адпусці» «БосагаСонца».
Дзмітрый Падбярэзскі, музычны журналіст: «Цёплая, пранікнёная, шчырая праца, якая не лупцуе цябе эмоцыямі, а, наадварот, — як той павучок, ціха і ласкава аплятае імі слухача».
Алег Клімаў, музычны аглядальнік: «Галоўная заслуга гурта ў тым, што ён бярэ не паасобку хітамі (якіх, па сутнасці, як я іх уяўляю, няма), а ўсёй сваёй творчасцю ў цэлым — негалоснай, мяккай, інтэлігентнай, прыгожай».
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.