Упершыню трапіўшы ў аграгарадок Мацюшы, я была прыемна ўражана яго прыгажосцю: роўныя, шырокія вуліцы, добраўпарадкаваныя двары, прыгожыя дамы. Ёсць Дом культуры, бібліятэка, кантора, фельчарска-акушэрскі пункт. Але асаблівы гонар вёскі — прыгожы двухпавярховы будынак школы і дзіцячы садок. Я правучылася ў школе паўтара года і, прызнаюся, не задумвалася, чыёй гаспадарлівай рукой усё гэта створана, пакуль не адбылася ўрачыстая лінейка, прысвечаная светлай памяці Давіда Іванавіча Кахадзэ, былога кіраўніка калгаса «Зара» (цяпер ААТ «Мацюшы-Агра»).
Можна прачытаць дзясяткі кніг, вершаў на патрыятычную тэматыку, — але ж зусім не факт, што ты станеш патрыётам. А пасля наведвання гэтага мерапрыемства ў мяне і маіх аднакласнікаў абудзілася пачуццё гонару за тое, што ў нашай вёсцы жыў такі таленавіты кіраўнік, чалавек, які шчыра любіў Беларусь і з вялікай пашанай ставіўся да зямлі і людзей, якімі кіраваў. У той дзень мы з аднакласнікамі бурна абмяркоўвалі пачутае і ўбачанае. Пасля гэтага мне вельмі захацелася даведацца больш пра Давіда Іванавіча — чалавека незвычайнага, апантанага любімай справай, чалавека-патрыёта з сэрцам Данка.
Нарадзіўся Давід Іванавіч Кахадзэ ў 1938 годзе ў Грузіі. З ранняга дзяцінства быў прывучаны да працы. Бацькі прывівалі Давіду, яго дзвюм сёстрам, Тамары і Жэні, а таксама брату Анастасу любоў да зямлі і да родных мясцін, вучылі ва ўсім бачыць прыгожае. З дзяцінства Давід любіў сады — садзіў дрэвы, вінаграднікі. Бацька Давіда — Вано Кахадзэ — лічыў, што чэрствы чалавек жыве ў тым доме, вакол якога няма ні дрэўца. Ён кіраваў калгасам, вучыў сваіх дзяцей цаніць працу іншых людзей і паважаць іх. У час Вялікай Айчыннай вайны Вано Кахадзэ загінуў пад Сталінградам.
Пасля школы Давід Іванавіч паступіў у сельскагаспадарчы тэхнікум, бо не ўяўляў сваё жыццё без працы на зямлі. Затым была служба ў Савецкай Арміі. Адзін год працаваў на радзіме ў тэхнікуме. Але любоў да зямлі і пастаяннае імкненне да пазнання новага прывялі маладога, прыгожага, мэтанакіраванага грузіна на беларускую зямлю. Ён стаў студэнтам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.
Менавіта тут ён сустрэў сваё сапраўднае, адзінае на ўсё жыццё, каханне. Беларуская дзяўчына Людміла забрала яго сэрца ў палон. У 1968 годзе нарадзілася дачка Ірына. Давід Іванавіч вырашыў звязаць свой лёс з беларускай зямлёй, хоць ніколі не забываў пра родную Грузію і сваіх родных, якія там засталіся.
У 1970 годзе Давід Іванавіч стаў старшынёй калгаса «Зара». Вяскоўцам не вельмі верылася, што ён надоўга затрымаецца ў іх. Калгас быў слабы, а работы — непачаты край. Амаль усё трэба было пачынаць з нуля. Але Давід Іванавіч працы і адказнасці за яе не баяўся. Калі малады кіраўнік браўся за справу, то абавязкова даводзіў яе да канца, калі штосьці абяцаў — то абавязкова выконваў. Аднавяскоўцы не маглі не ўбачыць шчырага клопату кіраўніка калгаса аб іх і іх сем'ях. Давіду Іванавічу паверылі, і ўсе разам узяліся паднімаць на ногі заняпалую гаспадарку.
Пачалі з будаўніцтва вытворчых памяшканняў. Потым будавалі дамы, фермы. Давід Іванавіч быў упэўнены, што на тэрыторыі калгаса павінна быць свая школа, і абавязкова вялікая, прыгожая і ўтульная. Ён верыў, што гаспадарка стане моцнай, прыедуць маладыя спецыялісты — а для іх сем'яў патрэбна жыллё і школа. Кожная пабудова каштавала вялікіх намаганняў кіраўніка, але ён верыў, што робіць добрую справу. Так з'явіліся крама, сельскі Дом культуры...
Жыццё ў вёсцы Мацюшы не толькі наладзілася, але і стала цікавым, насычаным. Людзі паважалі старшыню, ішлі да яго і ў горы, і ў радасці. І кожнага ён выслухоўваў, даваў параду, дапамагаў, калі гэта было ў яго сілах. Умеў цвёрда і рашуча сказаць «не», калі гэта супярэчыла яго перакананням. Трэба сказаць, што і дысцыпліна ў калгаснікаў была жалезная не таму, што баяліся кіраўніка, а таму, што сорамна было страціць давер такога чалавека.
Разглядваю фотаздымак Давіда Іванавіча і прыгадваю словы аднавяскоўцаў: «Ён быў просты і даступны, вышэй за ўсё цаніў чалавечае жыццё, для яго не было дробязяў, ён імкнуўся зрабіць жыццё вяскоўцаў блізкім па камфортнасці да гарадскога ўзроўню». Давід Іванавіч ніколі і нікому не дазваляў крытыкаваць сваіх падначаленых і заўсёды раённаму кіраўніцтву казаў: «Мае спецыялісты — добрыя, я нікому іх у крыўду не дам, я — кіраўнік, мяне і крытыкуйце!»
Як садоўнік з любоўю і клопатам садзіць свой сад, так і Давід Іванавіч стварыў свой калгас. Яго любілі, паважалі, гатовы былі выканаць любое яго даручэнне. Плацілі любоўю за клопат і неабыякавасць.
Цяжка сказаць, якую з дзвюх сваіх радзім Давід Кахадзэ любіў больш. Грузію, дзе нарадзіўся, дзе пакінуў родных, дзе засталіся сады і вінаграднікі, што пасадзіў, або Беларусь, дзе пражыў большую частку свайго жыцця і якой аддаў сваё сэрца, дзе клапатліва расціў свой сад — будаваў вёску Мацюшы і ўмацоўваў калгас «Зара». За 25 гадоў, на працягу якіх Давід Іванавіч кіраваў ім, калектыў гаспадаркі неаднаразова адзначаўся як адзін з лепшых. За добрасумленную працу Кахадзэ быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і медалём «За працоўную доблесць», меў мноства іншых грамат.
Давід Іванавіч любіў сваю сям'ю, аднавяскоўцаў, беларускія краявіды. Любіў сустракаць гасцей, частаваць іх за сваім сталом, любіў слухаць беларускія песні...
5 верасня 2006 года Давіда Іванавіча не стала. У апошні шлях яго праводзіла ўся вёска... Прайшло сем гадоў, як Мацюшы жывуць без гэтага шчырага, клапатлівага чалавека. Але аднавяскоўцы памятаюць свайго кіраўніка. Усё сапраўднае не забываецца.
Я і мае аднакласнікі сёлета заканчваем школу. Хутка мы апынемся перад выбарам: якім шляхам крочыць далей? Жыццё пакажа, кім кожны з нас стане, якую карысць прынясе сваёй Радзіме. Але мне хочацца верыць, што лёс Давіда Іванавіча Кахадзэ стане прыкладам адданага служэння зямлі і людзям і для маіх аднакласнікаў, і для тых, хто прачытае мой артыкул. Мне здаецца, што сёння нашай краіне вельмі не хапае такіх таленавітых кіраўнікоў, якія могуць павесці за сабой, захапіць ідэяй, і пайсці да канца, не зважаючы на цяжкасці і перашкоды. Такія людзі асвятляюць дарогу іншым...
Вераніка КАЗАЧОНАК,
вучаніца 11 класа Мацюшэўскага дзіцячага сада—сярэдняй
школы Полацкага раёна.
Пра аўтара
Нашаму аўтару 17 гадоў. Вераніка любіць спорт (раней займалася бегам, цяпер — валейболам). Шмат чытае мастацкай літаратуры, аддаючы перавагу рускім класікам. Колькі часу таму дзяўчына спявала ў гуртку пры вясковым Доме культуры, а сёння ёй больш падабаецца хадзіць на танцы разам з сяброўкай. Любіць слухаць музыку, асабліва — рэп.
— Збіраюся звязаць сваё далейшае жыццё з педагагічнай дзейнасцю, — сказала Вераніка. Дзяўчына падзялілася, што хоча паступіць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М.Танка і ў будучым вучыць дзетак біялогіі і геаграфіі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.