Вы тут

Лабараторыя «сочыць» за кожным студэнтам


 Інтэрнэт, да якога мы ўсе прызвычаіліся і магчымасцямі якога актыўна карыстаемся (напрыклад, вэб-сайтамі і інш.), прагрэсуе ва Усёабдымны інтэрнэт, да якога будуць падключаны ўсе машыны, тэхналогіі і працэсы. Калі сёння ў сеціўным трафіку дамінуюць камунікацыі «чалавек — чалавек», то ў бліжэйшай будучыні на першы план выйдзе трафік «чалавек — машына» або «чалавек — аб'ект», а потым — «машына — машына» або «аб'ект — аб'ект». Сёння ў свеце да інтэрнэту падключана толькі 0,5% фізічных аб'ектаў, а ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі падключаны будуць ужо ўсе аб'екты на планеце. Усё гэта дасць велізарны эканамічны эфект, які ацэньваецца прыблізна ў 19 трлн долараў ЗША ў глабальным вылічэнні. Такую карціну намаляваў прысутным на адкрыцці ў БДУІР вучэбнага цэнтра Акадэміі Сіsсо кіраўнік прадстаўніцтва кампаніі Сіsсо ў Беларусі і краінах СНД Павел БУРБА.

15-7

— Эканамічны эфект будзе размеркаваны па ўсёй планеце. І для таго, каб беларуская доля эфекту не прайшла міма нас, наша задача паклапаціцца пра тое, каб кожны ІТ-спецыяліст, які выходзіць з беларускіх ВНУ, умеў і быў гатовы працаваць з глабальным інтэрнэтам, — дадаў Павел Бурба.

У 2012 годзе Сіsсо і БДУІР дамовіліся аб разгортванні ў БДУІР праграмы Сеткавай акадэміі Сіsсо. Кампанія ўжо дапамагла факультэту камп'ютарнага праектавання аснасціць дзве сучасныя лабараторыі. Трэцяя лабараторыя — вучэбны цэнтр «Дасканалыя сістэмы» — стала прадуктам супрацоўніцтва Сіsсо і кампаніі «Дасканалыя сістэмы» .

Цэнтр уяўляе сабой абсталяваны па апошнім слове тэхнікі клас, дзе студэнты будуць атрымліваць самыя сучасныя і запатрабаваныя веды. Кошт перададзенага кампаніяй «Дасканалыя сістэмы» абсталявання складае 250 мільёнаў рублёў, прычым яно будзе пастаянна абнаўляцца. Праз гэтую лабараторыю пройдуць студэнты спецыяльнасцяў «тэхнічнае забеспячэнне бяспекі» і «электронныя сістэмы бяспекі».

Высокі ўзровень падрыхтоўкі слухачоў будзе пацверджаны сертыфікатам міжнароднага ўзору, які прызнаецца наймальнікамі ва ўсім свеце. Між іншым, па звестках даследавання кампаніі Fоrеstеr, кіраўнікі ІТ-сферы пры прагназаванні эфектыўнасці работы будучага супрацоўніка ставяць на першае месца якраз сертыфікацыю, а наяўнасць вышэйшай адукацыі — толькі на другое.

— Супрацоўніцтва з Сіsсо дазволіць нам падрыхтаваць выпускнікоў, якія пасля прыходу на працу змогуць адразу ж, без разгойдвання і перанавучання, уключыцца ў рабочы працэс. Спецыялісты з такой падрыхтоўкай проста нарасхват. Студэнты яшчэ вучацца, а заяўкі на іх размеркаванне ад патэнцыяльных працадаўцаў ужо ляжаць ва ўніверсітэце, — кажа дэкан факультэта камп'ютарнага праектавання БДУІР Сяргей ДЗІК.

Трэба дадаць, што і кіраўнік кампаніі «Дасканалыя сістэмы» Павел Рабаў, і Павел Бурба з'яўляюцца выпускнікамі БДУІР. Павел Рабаў скончыў універсітэт у 2002 годзе, а кіраўнік прадстаўніцтва Сіsсо Sуstеms у Беларусі і краінах СНД — 20 гадоў таму. Абодва канстатуюць, што ўмовы навучання ва ўніверсітэце змяніліся кардынальна, быццам гэта дзве розныя вышэйшыя навучальныя ўстановы.

— Мы цяпер збіраем дывідэнды з таго, што заклалі ў сваіх выпускнікоў, выхоўваючы іх патрыётамі сваёй ВНУ, — не без гонару канстатуе рэктар БДУІР Міхаіл Батура. — У нас ужо створана ва ўніверсітэце 34 сумесныя навучальна-навукова-вытворчыя лабараторыі. Але расслабляцца ўсё роўна нельга. Мы павінны ствараць усе ўмовы для атрымання нашымі студэнтамі ведаў, якія будуць запатрабаваны ва ўмовах усё больш тэхналагічна залежнай эканомікі...

Надзея НІКАЛАЕВА.

Цікава ведаць:

На думку футуролагаў Сіsсо, мы ўступаем у эпоху, калі інтэрнэт можа радыкальна палепшыць і падоўжыць жыццё кожнага жыхара нашай планеты, вылечыць цяжкія захворванні, дапамагчы вырашэнню кліматычных праблем і зрабіць кожны дзень нашага жыцця больш шчаслівым. Усёабдымны інтэрнэт спалучыць магчымасці інтэрнэту з рэальным жыццём і зробіць усе прадметы, што нас акружаюць, інтэлектуальнымі. Падключаныя аб'екты змогуць самастойна збіраць, аналізаваць патрэбную інфармацыю і дапамагаць людзям. Напрыклад, банкаматы, абсталяваныя камерамі з функцыяй распазнавання твараў і аналітычнымі праграмамі, падключанымі да базы звестак праваахоўных органаў, змогуць аказваць рэальную падтрымку ў затрыманні злачынцаў. Медыцынскае абслугоўванне ператворыцца ў неперарыўны працэс, які штодня суправаджае кожнага чалавека. Патэнцыяльная выгада ад падключанай сістэмы аховы здароўя і маніторынгу пацыентаў ацэньваецца ў 106 млрд долараў.

Выбар рэдакцыі

Культура

Наш трыццаты «Лістапад»

Наш трыццаты «Лістапад»

Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.