Вы тут

У бэзу свае сакрэты


Бэз — цудоўная расліна. Цяпер яго налічваюць больш за 2000 гатункаў. Якіх толькі тут не сустрэнеш: высакарослы, карлікавы, драбналісты... адценні наогул вар'іруюцца ад звыклых ліловых і белых да ружовых і жоўтых. Каб атрымліваць асалоду ад духмяных кветак як мага даўжэй, варта пасадзіць на сваім участку некалькі гатункаў бэзу з розным тэрмінам цвіцення.

Прышчэплены ці не?

15-3

Выбіраючы кусцік, абавязкова ўлічвайце яго рост і памер. Для пасадкі на маленькім участку ідэальна падыдзе карлікавы бэз. У вышыню ён ўсяго 1,5 метра, а мініяцюрная лістота і прыгожыя кветачкі абавязкова пацешаць гаспадара.

У якасці шчыльнай жывой агароджы варта звярнуць увагу на высакарослыя гатункі і тыя, што моцна разрастаюцца ў шырыню. Яны змогуць сваёй шчыльнай лістотай абараніць участак ад цікаўных позіркаў. Нізкарослы бэз (вышыня 2 м) знарок створаны для эстэтаў. Справа ў тым, што яго вельмі зручна разглядаць: кветкавыя гронкі якраз размешчаны на ўзроўні вачэй. Таксама гатункі адрозніваюцца і формай кусціка. Некаторыя растуць строга ўгару, а іншыя, наадварот, разрастаюцца, што вельмі добра для жывой агароджы, але для падтрымання формы запатрабуе некаторых намаганняў.

Купляючы прышчэплены бэз, абавязкова пацікаўцеся, на што ён быў прышчэплены. Калі на біручыну, бэз звычайны ці венгерскі, то ведайце, што зацвіце ён ужо на наступны год. Але праз некалькі гадоў можа адбыцца адміранне прышчэпкі, і бэз з сартавога ператворыцца ў звычайны. Яшчэ адзін непрыемны момант — гэта мноства несартавых парасткаў, якая прыносяць нямала клопатаў, бо іх трэба выразаць. Інакш яны здольныя аслабіць кусцік. Шчаслівых уладальнікаў бэзу на ўласным корані гэтыя праблемы не крануць. Праўда, цешыцца першымі кветачкамі можна будзе толькі праз 3—5 гадоў. Затое парасткі вакол куста ўсе сартавыя, і іх можна перасаджваць.

Пры куплі саджанца звярніце ўвагу на тое, каб ён меў некалькі галінак, быў без пашкоджанняў і плям. Бэз вельмі дрэнна пераносіць страту каранёў, першапачаткова пашкоджаная расліна будзе вельмі доўга хварэць і можа нават загінуць.

Лепшае месца — узвышша

Багатае цвіценне вельмі часта залежыць ад правільнай пасадкі. Таму да выбару месца трэба падысці з асаблівай увагай. Лепшы час для пасадкі — вясна, а таксама сярэдзіна жніўня — канец верасня. Бэз любіць добра асветленыя паўднёвыя ўчасткі і лёгкія ўрадлівыя глебы, кіслотнасць якіх блізкая да нейтральнай. Гэтая расліна абсалютна не выносіць блізкага залягання грунтавых водаў і нізкіх участкаў, у якіх у вясновы час застойваецца талая вада. На такіх тэрыторыях лепш не высаджваць бэз ці зрабіць насыпы.

Прыступаем да пасадак

Саджаючы бэз, трэба абавязкова ўлічваць, што гэта расліна — доўгажыхар. Многія кусты жывуць 100 і больш гадоў. Таму зямлю перад пасадкай трэба добра падрыхтаваць. Для гэтага яе старанна перакопваюць, выдаляюць пустазелле і ўносяць угнаенні. Кіслыя глебы можна нейтралізаваць, дадаўшы попел. Аб'ём пасадачнай ямы часта залежыць ад памеру саджанца і ўрадлівасці глебы. Аптымальны памер — 50х50х50. На шчыльных суглінкавых глебах памер можна паменшыць. У ямку ўносяць ўрадлівую сумесь: вядро перагною змешваем са шклянкай попелу і дадаем адну сталовую лыжку суперфасфату. У пасадачную яму ўносіцца частка ўгнаення, перамяшанага з зямлёй, а затым у цэнтр ямкі змяшчаюцца карані расліны. Абавязкова іх выпроствайце, каб не было загінаў, інакш расліна можа не прыжыцца. Потым карані засыпаем пакінутай сумессю і добра паліваем, прыкладна 1-2 вядры пад кожны кусцік. Каранёвая шыйка павінна быць на адным узроўні з зямлёй, занадта заглыбленая пасадка добрага выніку не прынясе і можа загубіць расліну. Калі вада ўбярэцца, замульчыруйце плошчу пад кусцікам торфам, саломай ці карой. Гэтая хітрасць ратуе глебу ад перасыхання і перашкаджае росту пустазелля.

Сакрэт прыгажосці ў абразанні

Падтрымліваць прыгожую форму і шчодрае цвіценне дапамагае штогадовае абразанне. Праўда, першыя два-тры гады пра гэта турбавацца не варта, бо расліна яшчэ не вельмі моцна разраслася. Але выдаленне пашкоджаных ці засохлых галін варта рабіць. Абавязкова выразайце пасынкі, яны здольны аслабіць кусцік і надаць яму неахайны выгляд.

Кветкавыя пупышкі закладваюцца на парастках бягучага года, і калі іх абломваць, то можна на наступны год пазбавіцца кветак. А вось непрывабныя гронкі, якія засталіся пасля цвіцення, трэба акуратна зразаць секатарам. Асабліва гэта неабходна маладым ці аслабленым раслінам, каб яны не марнавалі сілы на фарміраванне насення.

Важна!

Бэз вельмі ўдзячны за ўгнаенні, але не перашчыруйце з азотнымі падкормкамі і арганікай, — «пераяданне» не вельмі добра адбіваецца на расліне. Кветак на кусце будзе менш, а ўзімку ён можа проста загінуць. Лепш за ўсё ўносіць азотныя ўгнаенні пад бэз да канца чэрвеня, а пазней толькі фосфар і калій, прычым рабіць гэта можна раз на 2—3 гады. Усё залежыць ад стану глебы.

Дарэчы

Многія дачнікі хочуць вырошчваць на сваім участку некалькі гатункаў бэзу, але часам не дазваляе тэрыторыя. Іх можна прышчапіць на адну расліну і стварыць рознакаляровы букет на кусце.

Выбар рэдакцыі

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць

У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.