Святочныя шарыкі для Уладзіміра Копаця і парада Барыса Міхайлава
Былы хакеіст зборнай Расіі, сярэбраны прызёр чэмпіянату свету Аляксандр ЮДЗІН, якога называюць першым рускім тафгаем, падзяліўся са «Звяздой» уражаннямі ад першынства свету па хакеі і не забыў распавесці некалькі цікавых хакейных гісторый.
— Аляксандр, што вас звязвае з нашай краінай?
—Я быў у Беларусі разоў трыццаць. Вось і два гады запар разам з кампаніяй прыязджаю сюды паляваць на дзіка. Для палявання ў вашай краіне створаны ўсе ўмовы. Усё адбывалася ў межах закона. Што тычыцца ўражанняў ад краіны, то тут вельмі прыгожа. Адчуваю сябе, як дома. Ведаеце, калі мінчан прывезці ў Піцер і пасадзіць у тэатр з мясцовымі жыхарамі, убачыце, што ўсе вельмі падобныя.
— Як экс-хакеіст зборнай Расіі вітаеце тыя змены, якія адбыліся ў камандзе?
— У Зінетулы Білялетдзінава, былога трэнер зборнай, не атрымалася таму, што ён беражэ хакеістаў. А трэба не толькі даваць пернік, але варта і бізуном добра скарыстацца. Каманду ўзначаліў добры спецыяліст Алег Знарок. У яе павінна ўсё атрымацца.
— Знешне ён падаецца жорсткім трэнерам.
— Ён сапраўдны мужык, які, калі нешта кажа, абавязкова робіць. Якая розніца, які трэнер? Дэспат ці дэмакрат? Галоўнае, каб ён прынёс вынік. А як ён даносіць інфармацыю ў галовы хакеістаў, гэта не так істотна. Істотна, што ён гэта робіць.
— Для з'яднання каманды зборная Расіі наведала магілу легенды савецкага хакея Валерыя Харламава, усклала кветкі да помніка на плошчы Перамогі ў Мінску.
— І гэта важны момант. Калі мы не будзем ведаць гісторыю, не будзе будучыні. Таму падобнае робіцца для прапаганды сярод дзяцей, падлеткаў. Каб яны ведалі, як трэба правільна жыць. А жыццё ўжо даўно змянілася. Расія, Беларусь цяпер еўрапейскія краіны. Беларусь перагнала нас па еўрапейскіх стандартах.
З камандай нават можна хадзіць у тэатр. Галоўнае — знайсці агульныя словы, каб яна паўстала. Нехта гімн спяе, нехта ўключыць фільм пра Рокі, а іншы пакажа «Легенду №17». Важна, каб гэта спрацавала і здзейснілася ў патрэбны час.
— Вы чалавек, які даволі шмат пабачыў у жыцці. Як вам хакейны Мінск?
— Усё шыкоўна. У горадзе пануе добразычлівая атмасфера. Усе балельшчыкі кантактуюць, фатаграфуюцца на памяць, не зважаючы на тое, хто за каго «хварэе». У Беларусь прыйшло вялікае спартыўнае свята.
— Аляксандр, якія думкі ў вас выклікае зборная Беларусі пад кіраўніцтвам Глена Хэнлана?
— Я глядзеў матч з ЗША і падтрымліваў вашу зборную. Так, яна ўступіла, але гуляла шыкоўна. Было відаць, што кожны беларускі хакеіст аддаваўся гульні з пачатку і да канца. Я ведаю, што ў беларускім хакеі цяпер правал. Пакаленне Аляксея Калюжнага ўжо сыходзіць. Маладыя на падыходзе, а сярэдняга звяна няма... Аднак, мяркую, на гэтым чэмпіянаце беларусы спакойна выйдуць з групы, а там, хто ведае, што будзе. Можа, «кідок Копаця»... Дарэчы, мы з Уладзімірам разам выступалі за «Нафтахімік» (Ніжнекамск) . І калі Копаць вярнуўся з Алімпіяды, я над яго месцам у раздзявальні павесіў шарыкі і заказаў адмысловы медаль. Калі прыйшоў, мы ўсе апладзіравалі яму за тое, што ён такі прыгажун.
— Вы ўзгадалі Копаця. А з кім з беларускіх хакеістаў і цяпер падтрымліваеце сувязь?
— Пастаянна кантактую з Алегам Антоненкам, Аляксеем Калюжным, з якім гулялі за «Северсталь» (Чарапавец) у адным звяне. Ён пастаянна закідваў шмат, а я за сезон звычайна1-2 шайбы. Абаронцы, якія прымаюць на сябе шайбы, шмат не забіваюць. Такіх знайсці цяпер наогул цяжка, яны каштуюць шмат грошай. Усе каманды іх шукаюць.
— А ці ёсць на гэтым чэмпіянаце падобныя мужныя абаронцы?
— Безумоўна. Напрыклад, Сяргей Плотнікаў са зборнай Расіі. Тут усе павінны класціся пад шайбы. Хакеіст — той чалавек, які, калі кідаецца пад шайбу, шайба павінна яго баяцца. Па сапраўдным хакеісту ўдарыш трубой — ён звінець будзе, а не пералівацца, як жэле. У такім разе гэта ўжо зусім іншы від спорту.
— А цяпер, якія гульцы пайшлі?
— Яны шмат у чым адстаюць. У нас экалогія была лепшай. Мы гулялі за сцяг. Ведалі, што нас бачыць некалькі мільёнаў чалавек і трэба так згуляць, каб сорамна не было ў вочы глядзець. Бо скончыш кар'еру, як будзеш па вуліцах хадзіць?
— Мне здаецца, раней хакеіст проста не мог адмовіцца гуляць за зборную.
— Усё пачалося з НХЛаўцаў. Магчыма, на падобнае паўплываў Захад, грошы.
— Часта хакеісты адмаўляюцца гуляць за зборную на чэмпіянатах свету з-за стомленасці пасля сезона. Вы думаеце, усё інакш?
— Безумоўна. Праўда, калі ты гуляеш за зборную, за Радзіму, твае бонусы павялічваюцца. Правільна?
— Акрамя прыгожых кідкоў, на гэтым першынстве можна ўбачыць сапраўдны кулачны паядынак?
— Усе хакеісты могуць добра біцца. Справа ў тым, што нехта можа рабіць гэта вельмі добра, а астатнія проста нармальна. Аднак на чэмпіянаце свету з-за дыскваліфікацыі звычайна не б'юцца. Трэба ўсё рабіць хітра. Як казаў мне Барыс Міхайлаў: «Забі ўсіх, але не выдаляйся».
Тарас ШЧЫРЫ.
Аляксандр ЮДЗІН нарадзіўся ў 1971 годзе ў Мурманску. Выступаў за каманды «Спартак» (Масква), «МолатПрыкам'е» (Пермь), СКА (Санкт-Пецярбург), «Нафтахімік» (Ніжнекамск), «Северсталь» (Чарапавец), «Авангард» (Омск), «Хімік» (Васкрасенск), «Віцязь» (Падольск). Выступае ў ролі эксперта ў сродках масавай інфармацыі. Уваходзіць у трэнерскі штаб каманды ВМФ (Санкт-Пецярбург).
Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.