У аграгарадку Тулава Віцебскага раёна адбыліся аўтагонкі з удзелам каля 60 беларускіх і расійскіх спартсменаў. Тут пачаўся першы этап чэмпіянату Беларусі па аўтамабільным кросе. Сярод гоншчыкаў былі і асы з Масквы і Смаленскай вобласці. Удзел іншаземцаў у беларускім аўтамабільным кросе тлумачыцца проста: яны выступаюць за нашы каманды.
Сотні гараджан і гасцей Віцебска сталі сведкамі прыгожых і захапляльных спаборніцтваў. І, безумоўна, небяспечных (У гэтым мы ўпэўніліся, калі ўбачылі, што адно з гоначных аўто загарэлася пасля таго, як спартсмен праехаў некалькі кругоў.)
— Спаборніцтвы тут праводзяцца ўжо дзясяткі гадоў. Насамрэч гэтая траса — унікальная: бяспечная, але цяжкая. Вядома, спадзяёмся пашырыць геаграфію ўдзельнікаў: і прыбалтаў запрашаем, і ўкраінцаў рады будзем бачыць. І хацелася б, каб расіян сярод удзельнікаў было больш. Вось сёлета масквічы прыехалі — ім спадабаўся рэльеф мясцовасці, — расказаў карэспандэнту «Звязды» Васіль Корабаў, старшыня Віцебскай абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ.
Мацнейшых вызначалі ў пяці класах аўто (у залежнасці ад магутнасці рухавіка. — Аўт.).
— Гэтая траса больш вядомая таму, што тут праводзіліся мотакросы: памяці Героя Савецкага Саюза Міная Шмырова, чэмпіянат СССР. А падчас Кубка дружбы сацыялістычных краін змагаліся за перамогу венгры, палякі, чэхі і нават кубінцы, — патлумачыў Мікалай Вялюга, суддзя нацыянальнай катэгорыі. — Тут паказвалі выдатную язду чэмпіён свету Генадзь Майсееў, трохразовы сярэбраны прызёр чэмпіянату свету Уладзімір Кавінаў, чэмпіён свету Віктар Арбекаў. Ганяў тут і легенда беларускага спорту Леў Варановіч, заслужаны трэнер Беларусі і заслужаны дзеяч фізічнай культуры і спорту Беларусі...
Калісьці тысячы гледачоў назіралі за барацьбой гоншчыкаў. Але прыйшоў час, калі спаборніцтвы сталі праводзіцца толькі на энтузіязме. Пасля развалу СССР па зразумелых прычынах арганізатары сутыкнуліся з шэрагам цяжкасцяў. Аднак дзякуючы энтузіястам гэтага віду спорту мотакросы праводзіліся да канца 1990-х гадоў. (Такіх людзей называюць людзьмі з «бензінам у крыві».). Цяпер у Віцебску ёсць аўтасекцыя, а мотасекцыі — няма. Між тым, мотаспортам можна займацца, пачынаючы з 5-6 гадовага ўзросту, а аўтаспортам — з гадоў 12-14. На Віцебшчыне, дарэчы, ёсць цэлыя дынастыі гоншчыкаў.
— Некалькі гадоў таму віцебскі ДТСААФ вырашыў адрадзіць спаборніцтвы па мотакросе, пры падтрымцы мясцовай улады і дзякуючы невычэрпнай любові да гэтага віду спорту яго гарачых прыхільнікаў і ветэранаў, — сказаў Васіль Корабаў.
У чытачоў нашай газеты ёсць шанц 17 мая атрымаць асалоду ад выступленняў мотакрасменаў. Прыемных уражанняў хопіць надоўга.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Фота Віктара НІКАЛАЕВА
У цэнтры аказваюць паслугі па рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў усіх груп.
Пачынаць інвеставаць можна хоць з рубля, хоць з двух: так вы хоць бы зразумееце, як усё гэта працуе.