Старажытны і такі малады Нясвіж зноў прымае свята мастацтваў «Музы Нясвіжа — 2014», 19-е па ліку. На працягу трох дзён, з 22 па 24 мая, госці змогуць наведаць спектакль «Гэта таго каштуе» М. Каляды, дзве мастацкія выставы, а таксама прыняць удзел у прэзентацыі новай кнігі «Мастацкія цуды Нясвіжскай зямлі» і ў навукова-практычнай канферэнцыі «Беларуская думка ў пошуку новых вымярэнняў». У ёй возьмуць удзел вядомыя даследчыкі беларускага мастацтва.
Упрыгожаннем свята стануць канцэрты Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі і яго камерных калектываў. У іх выкананні прагучаць творы выдатных айчынных майстроў, што працавалі пры двары Радзівілаў шмат стагоддзяў таму, а таксама музыка саміх колішніх уладароў Нясвіжа. Сімвалічна, што канцэрты старадаўняй айчыннай музыкі адбудуцца менавіта ў асяроддзі, дзе калісьці тая музыка і нараджалася: у Радзівілаўскім палацы і мясцовай ратушы. Мастком, які яднае розныя эпохі, стане канцэрт, прысвечаны юбілею першай беларускай оперы «Агатка». Яна, дарэчы, створана і пастаўлена ў Нясвіжы 230 гадоў таму. Таксама знакаміты аркестр парадуе сваіх прыхільнікаў спецыяльна падрыхтаванай маладзёжнай праграмай, у якой прагучаць любімыя песні ды эстрадныя мелодыі.
Традыцыйна «Музы Нясвіжа» праводзяцца пры дзейснай падтрымцы Мінскага абласнога і Нясвіжскага раённага выканаўчых камітэтаў.
Таццяна Георгіева.
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.