У гэту нядзелю ва ўсім свеце будуць успамінаць тых, хто загінуў з-за ВІЧ/СНІДу, і адначасова нагадваць аб папярэджванні ВІЧ-інфекцыі, клопаце аб сабе і блізкіх, веданні свайго ВІЧ-статусу, адказным стаўленні да лячэння.
У нашай краіне зарэгістравана звыш 16 тысяч выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Большая частка новых выпадкаў прыпадае на ўзроставую групу пасля 40 гадоў. Спецыялісты адзначаюць, што 40-гадовыя недаацэньваюць рызыку ВІЧ. Праблема сапраўды пачыналася некалі з маладых: 15-20 гадоў таму распаўсюджванне ВІЧ было звязана з наркаспажываннем, інфіцыраваліся, галоўным чынам, тыя, каму да 25. Аднак сёння сітуацыя змянілася. Тым часам большасць людзей дагэтуль не лічыць неабходным рэгулярна здаваць тэст на ВІЧ.
Дзякуючы Інфармацыйнай стратэгіі па ВІЧ/СНІДу рэбрэндынг гэтай тэмы ўжо прынёс свае станоўчыя вынікі ў нашай краіне. Па выніках даследаванняў 2012 года, 42 працэнты публікацый у СМІ змяшчалі некарэктныя і абразлівыя выразы кшталту «чума», «ахвяры СНІДу» і інш. Летась у публікацыях вядучых беларускіх сродкаў масавай інфармацыі такія тэрміны ўжо не былі заўважаны.
Сёлета Экспертны савет Інфармацыйнай стратэгіі па ВІЧ/СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь зноў звяртаецца да журналістаў і грамадскасці з просьбай не называць ВІЧ-пазітыўных людзей ахвярамі, паколькі гэтае слова сімвалізуе слабасць і асуджанасць, што не сумяшчаецца з актыўнай жыццёвай пазіцыяй многіх людзей са станоўчым статусам. Дзякуючы сучасным магчымасцям антырэтравіруснай тэрапіі з ВІЧ можна захоўваць якасць жыцця — пры ўмове вытрымлівання рэкамендацый урача і правілаў бяспечных паводзін.
P.S. Міжнародны дзень памяці памерлых ад СНІДу адзначаецца ў свеце кожную трэцюю нядзелю мая. Упершыню такі дзень адзначылі ў Сан-Францыска ў 1983 годзе. Сімвал падтрымкі людзей, якія жывуць з ВІЧ, — чырвоная стужка, прышпіленая да адзення.
Святлана БАРЫСЕНКА.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.