Вы тут

Пацалунак для Цімура


Ці магчымае кіно без бюджэтнага фінансавання і прадзюсара, які шукае прыбытак?

У Беларусі прэзентавалі калі не ўнікальны, то рэдкі праект — сямейны фільм кінакампаніі «Ілюзіён» «Цімур і каманда» па матывах аповесці Аркадзя Гайдара. Здымаўся фільм не на бюджэтныя або прадзюсарскія сродкі — выкарыстоўваўся грашовы прыз, які атрымала гэтая кінакампанія на міжнародным маскоўскім кінафестывалі «Прамяністы анёл» за папярэдні фільм «Калі ж пойдзе снег?» Калі прызавыя грошы скончыліся, прыйшоў час звяртацца да ўсемагутнага інтэрнэту і збіраць «з міру па нітачцы». Грошы сабралі — фільм зняты. Ці стаў ён такім жа выключным у мастацкім плане?

17-17

Дзеянне карціны разгортваецца ў нашы дні ў беларускай вёсцы Негарэлае, куды на лета да бабуль і дзядуляў прыязджаюць гарадскія дзеці. Хлопчык па імені Цімур, як параіў дзядуля, шукае ў адрыне чытво і знаходзіць цікавую кнігу «Цімур і яго каманда». Натхнёны аповесцю, ён вырашае незаўважна рабіць добрыя справы, гэта значыць, дапамагаць старым, і нават знаходзіць аднадумцаў — сваю «каманду». Тут аказваецца, што тэрыторыяй вёскі зацікавіліся сталічныя бізнесмены з мэтай пабудаваць санаторый. У сувязі з гэтым жыхары рызыкуюць адправіцца ў Дом састарэлых, а іх уласныя хаты будуць знішчаны. Дзеці, вядома, не застануцца ўбаку і возьмуцца вырашаць праблемы дарослых...

Аўтарам ідэі фільма з'яўляецца Дзяніс Бяспалы. Наталля Галуза стала рэжысёрам і, акрамя таго, удзельнічала ў напісанні сцэнарыя, заснаванага на аповесці Аркадзя Гайдара. Зрэшты, ад літаратурнай крыніцы ў фільме толькі каркасны матыў альтруістычнай дапамогі старэйшым, аповесць у чырвонай вокладцы і імя галоўнага героя.

Хочацца адразу зрабіць акцэнт на ўмовах стварэння фільма. Недастаткова сказаць — фільм малабюджэтны. Больш за тое: здымачная група працавала на добраахвотных пачатках. Дзіцячая кінашкола «Сінема», якая існуе пры кінакампаніі «Ілюзіён», і дзіцячая студыя з Украіны «Вясёлка» забяспечылі акцёрскі склад. Праца над фільмам стала толькі пляцоўкай для атрымання вопыту для дзяцей і здымачнай групы.

«Цімур і каманда» — прыклад фільма, калі гісторыя стварэння цікавейшая, чым сам праект: сюжэт карціны аказаўся заснаваным на штампах, труізме і, дарэчы, знаёмых беларускаму кінематографу матывах. Намер выкупіць «запаведную» зямлю пад прыбытковае будаўніцтва і выселіць жыхароў не так даўно прагучаў у фільме «Белыя росы. Вяртанне» (і, акрамя таго, яшчэ ў карцінах усяго свету, якіх, мабыць, мільён). У «Белых росах» гарадскія бізнесмены таксама як і ў «Цімуры...» актыўна супрацоўнічалі са старшынёй сельсавета, персанажам камічным і нікчэмным. У цэнтры фільма «Цуда-востраў, або Палескія рабінзоны» (асучаснены сюжэт паводле аповесці Янкі Маўра), пару месяцаў таму прадстаўленага «Беларусьфільмам», — таксама дзеці, якія ў дзядулевай вёсцы вырашаюць дарослыя праблемы.

Недахоп сцэнарыя ў гэтым праекце — неарыгінальнае выкарыстанне штампаў, ад сюжэтастваральных да мімалётных. Кожны з галоўных герояў (іх чатыры) паралельна з высакароднай дзейнасцю перажывае асабістую драму, абавязкова звязаную з сям'ёй. Бацькі Цімура празмерна занятыя працай і выжываннем у сучасным капіталістычным грамадстве; бацькі Каці (і яе малодшага брата Ягоркі) дзесьці за межамі кадра не могуць знайсці агульную мову і плануюць развесціся; Галя, якая жыве ў вёсцы, — сірата і рызыкуе застацца без хаты ў выніку ажыццяўлення амбіцыйных планаў бізнесменаў. Максім, якога маці з айчымам у выхаваўчых мэтах адправілі замест Італіі ў вёску, павінен будзе расчаравацца ў родным бацьку і прымірыцца з айчымам.

Нездарма стваральнікі фільма робяць акцэнт на тым, што ён не дзіцячы, а менавіта сямейны — дарослы чалавек павінен адчуць маўклівы дакор за падзенне інстытуту сям'і, задумацца і, можа быць, прыняць выклік. Аднак у фільме, які прэтэндуе на рэалістычнасць, некаторыя падзеі і персанажы не выклікаюць даверу. Напрыклад, непераканаўчай падаецца развязка канфлікту паміж бацькамі Каці. Цімур тэлефануе кожнаму з бацькоў сваёй сяброўкі з аднолькавым паведамленнем аб нібыта жахлівай немачы іх дачкі, з-за чаго кожны з іх зрываецца з закуліснага гарадскога месца і неадкладна едзе ў вёску. На пад'ездзе да Негарэлага бацька сустракае сваю жонку, машына якой захрасла на дарозе, ён просіць прабачэння (гледачу не паведамляецца, за што), канфлікт аказваецца вырашаным — падазрона проста і хутка.

Непераканаўчай здаецца дзіцячая афера з крадзяжом інфармацыі з камп'ютара сакратаркі старшыні сельсавета. Акрамя таго, непераканаўчае супрацьстаянне «каманды» Сяргею Колатаву. Бізнесмен (ён з'яўляецца яшчэ і бацькам Максіма) прыехаў у Негарэлае паказваць тэрыторыю для будаўніцтва двум інвестарам. Мудрагелісты план дзяцей напалохаць дзялкоў прывідамі і страшнай інфекцыяй у возеры павінен уздзейнічаць на двух інвестараў, якія «ўсё вырашаюць». Але яны настолькі безаблічныя, што здаюцца амаль лішнімі. Гэты эпізод становіцца супрацьстаяннем у першую чаргу бацьку Макса, персанаж якога павінен раскрыцца ў эпізодзе. Аднак супрацьстаянне гэта здаецца такім жа намінальным, як і два інвестары, якія згубіліся ў кадры. Сяргей Колатаў паспяхова паказвае сваё «я». Ад яго глядач не чакае нічога добрага пасля эпізоду з адкрыццём праўды дзядулем-бабуляй Максіму. Тут унук даведваецца аб даўніх падзеях: яго родны бацька калісьці прагнаў маці Максіма з дзіцем на руках на вуліцу. У адказ на гэтую інфармацыю ў гледача ўзнікае тысяча пытанняў. Сентыментальнае тлумачэнне «маці не расказвала табе, бо хацела, каб ты любіў свайго бацьку» гучыць непераканаўча. Нягледзячы на тое, што з фільма вынікае адназначная ацэнка ўчынку маці (такое высакароднае ўсёдараванне), хочацца сказаць: «Не веру».

У выніку па законах хэпі-энду сямейныя канфлікты аказваюцца вырашанымі: сям'я Каці ўз'ядналася, Галя застаецца жыць у вёсцы, Макс, з аднаго боку, расчароўваецца, а з іншага боку, знаходзіць бацьку ў асобе айчыма. Незавершанай засталася толькі лінія сям'і Цімура. Яго бацькі па-ранейшаму зарабляюць грошы, затое ён атрымаў пацалунак ад Каці.

На прэм'еры фільма ад стваральнікаў прагучала думка аб жаданні аднавіць цеплыню савецкага кіно, «па якім усе мы сумуем». Цеплыня і сардэчнасць льюцца ў фільме цераз край, як і ў многіх замежных несучасных або рускіх сучасных (і наадварот) карцінах, не прэтэндуючых на падабенства з савецкім кіно. Фільм больш нагадвае нам аб савецкім мінулым сваім антуражам. Можна пазнаць знаёмую ўсёй Беларусі (і не толькі) мэблю, узоры на покрывах, песню «Трава ля дома» гурта «Зямляне» і іншае.

Увогуле ж, жаданне бескарысліва здымаць кіно, укладваць у яго чалавекалюбства і сацыяльны падтэкст, праца ў напружаных умовах з нявырашанымі фінансавымі пытаннямі, не проста выклікаюць павагу — захапляюць. Можна спадзявацца, што карціна стане этапам, асновай для будучых прафесійных моцных работ. Факт з'яўлення фільма «Цімур і каманда» важны для нашай вузкай кінематаграфічнай прасторы.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць

Жыллёвы «квадрат» ва ўласнасць

У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.