Апрануцца ў гадзіннік
Нацыянальны мастацкі музей зацягвае ў «лабірынты часу»
Тут 17 мая поўна нечаканасцяў. Нерухомыя скульптуры раптам падораць усмешку, а потым стаіш і чакаеш, каб не прапусціць ледзь улоўны рух, пакуль скульптура зноў не вернецца да нерухомасці. Як ажываюць скульптуры, у Ноч музеяў прадэманструе творчая майстэрня Алега Усава «Джокерс».
Акрамя таго, каб пабачыць дзеянне нерухомых скульптур, нам дадуць магчымасць пачуць гучанне жывапісу, нават зладзіць своеасаблівы дыялог з творцам. Асабліва, калі гэты творца — Хаім Суцін, ураджэнец Смілавіч, які сцвердзіўся як прадстаўнік Парыжскай школы. Цяпер яго імя і творчасць вяртаецца ў кантэкст беларускай культуры. Інтэрактыўная інсталяцыя на аснове прац мастака дапаможа зразумець сутнасць яго вобразаў і перыпетый лёсу, у якім дагэтуль застаюцца невядомыя старонкі.
Наогул гэтай ноччу тут ёсць магчымасць для «Пераасэнсавання класікі» — гэта мультымедыйны праект, які прадставіць 15 твораў са збору Эрмітажа ў Санкт-Пецярбургу. Але не менш за класіку хвалюе сучаснасць. Яна можа прыцягваць нават шляхам шантажу — а хто сказаў, што гэта не прыдатны прыём, каб зацікавіць мастацтвам? «Шантаж атракцыёнаў» — гэта праект трох айчынных мастакоў: Руслана Вашкевіча, Сяргея Грыневіча, Аляксандра Бельскага. Такім чынам, у музеі сплятаюцца розныя эпохі, мастацкія стылі. Ноч тут будзе доўжыцца да 5 гадзін раніцы 18 мая. І некаторыя шчасліўчыкі правядуць яе ў музеі бясплатна: трэба толькі стварыць свой адмысловы гадзіннік як частку касцюма.
«Пояс Вітаўта» як галаграма
У свой «Музей свядомасці» запрашае Нацыянальны гістарычны
Не менш прывабнае падарожжа — па прасторах свядомасці. Варта толькі даць волю плыні свядомасці, і яна вынесе да ўспамінаў, якія жывуць глыбока ў памяці як асобных людзей, так і народаў. Выдатны вечар, каб азнаёміцца з экспазіцыямі «Старажытная Беларусь», «Беларусь XVІ-XVІІІ ст. у партрэтах і геральдыцы», «Мастацтва ў гарадской культуры канца XІX — пачатку XX стагоддзя», а таксама даведацца пра тое, хто такі Іосіф Гашкевіч, і паглядзець на новае жыццё нацыянальных скарбаў. Дарэчы, некаторыя з нашых гістарычных каштоўнасцяў дзіўным чынам могуць з'явіцца перад намі ў выглядзе галаграм (нават такія, што ўявіць складана).
Спартыўных заўзятараў зацікавіць выстава «Алімпійская Беларусь». Дарэчы, наведвальнікі з квіткамі на чэмпіянат свету па хакеі маюць права на зніжку. Ёсць яшчэ адзін варыянт купіць квіток на акцыю танней: зрабіць самім вялікі лагатып Нацыянальнага гістарычнага музея. Напэўна, ахвотныя знойдуцца: акрамя экспазіцый чакаюцца тэатралізаваныя і музычныя выступленні, паказы мод, шоу мыльных бурбалак, а таксама музычна-светлавое.
Старыя добрыя казкі
У Доме-музеі І з'езда РСДРП прапануюць глядзець фільмы
Гэта фактычна падарожжа ў дзяцінства для дарослых, якія калісьці за савецкім часам маглі глядзець экранізацыі казак, створаныя на ўсходнегерманскай кінастыдыі DEFA. А ці не цікава сённяшнім дзеткам паглядзець фільмы «Халоднае сэрца», «Тры арэшкі для Папялушкі», «Бяляначка і Розачка»?..
Узняцца па-над зямлёй
«КупалаLAND» паспрабуе стварыць Дзяржаўны музей Янкі Купалы
У гэтай краіне, якая ўмоўна называецца Зямля Купалы, мусіць быць свая газета — «КупалаNEWS», якую можна ствараць разам. У ёй кожны можа пайсці ўглыб жыцця і скласці свой унікальны радавод. Тут умеюць працаваць рукамі і робяць прыгожыя рэчы: іх нават можна набыць на handmade-кірмашы. Можна навучыцца рабіць лялек і танцаваць. Можна слухаць музыку: гуртоў Re1іkt, Folkmashіna, HANDMADE, Rahіs, ZnaRock, барда Сяргея Башлыкевіча. Тут працуюць тэатры «Адлюстраванні», «Укубе», «Жывое слова». Тут ёсць «Дзіцячы востраў». І жывуць рыцары. І нават дарослыя могуць адчуць сябе дзецьмі, радавацца, атрымаўшы ў падарунак паветраны шарык, а потым назіраючы, як яны ўздымаюцца ў неба: у гонар 70-годдзя музея. «Ноч» тут пачынаецца а 14-й гадзіне 17 мая і доўжыцца да паловы на трэцюю.
Кельты ў горадзе
Сярэднявечны горад у Траецкім прадмесці ад музея Максіма Багдановіча
Сярэднявечча — час, калі гарады маглі наладжваць стасункі адзін з адным, гандляваць. Цяпер можна адчуць, быццам да сучасных беларусаў завіталі прадстаўнікі кельцкіх народаў — ірландцы, шатландцы, валійцы. Свята праходзіць пад дэвізам: «Вясновы карагод: шатландскія рытмы, беларускія рыфмы». Рытмы забяспечаць майстар-класы па кельцкіх танцах. Пра дух Сярэднявечча нагадаюць рыцары. Пра Беларусь гасцям раскажуць нашы гурты «Бабэобі», «Нельга забыць» ды паэт Віктар Лупасін і музыка Цімафей Авілін. Ну, а фантастычную атмасферу створыць светлавое шоу.
Напісаць жаданне пяром Коласа
«Святло ў акне» запаліць Дзяржаўны музей Якуба Коласа
Пры жыцці Якуба Коласа дзверы дома заўсёды былі гасцінна расчынены для ўсіх добрых людзей. А калі на зямлю апускалася ноч і на мінскіх вуліцах панаваў змрок, у акне яго кабінета загаралася святло. Музей народнага паэта — адметная нацыянальная культурная прастора ў горадзе Мінску: мемарыяльная сядзіба і дом паэта захоўваюць яго непаўторную аўру святла і добразычлівасці. У год гасціннасці музей Якуба Коласа запрашае здзейсніць займальнае віртуальнае падарожжа ў краіны Еўропы і Азіі. Своеасаблівым лейтматывам разважанняў над жыццём, зносінамі, творчасцю стане ЧАЙ — адзін з самых дэмакратычных напояў, які аб'ядноўвае практычна ўсе краіны свету і людзей самых розных узростаў. Але самае галоўнае можа падарыць Беларусь: а 21-й гадзіне ахвотным дазволяць напісаць запаветнае жаданне пяром Якуба Коласа! Жаданні спаўняюцца пад музыку папулярных гуртоў і фаер-шоу.
Спатканне на даху
Прапануюць у галерэі Міхаіла Савіцкага
Але спачатку — спатканне з Аляксандрам Ісачовым, выстава твораў якога цяпер праходзіць у галерэі. У ёй 68 работ мастака, які стаў вядомы пасля смерці, а яго выставы выклікалі ажыятаж напрыканцы 80-х — пачатку 90-х гадоў. Але ў гэты вечар вас фактычна запросяць на баль з магчымасцю павучыцца танцаваць, як гэта рабілі калісьці ў ХІХ стагоддзі. А выйсці на вуліцу — і зноў вярнуцца ў стагоддзе ХХІ з яго рок-рытмамі. Спатканне на даху галерэі — прыз для асабліва актыўных наведвальнікаў.
Ноч музеяў у Брэсце і Камянцы: каралева Бона сустрэнецца з Львом Сапегам
Брэстчына далучаецца да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў» пяты раз. Свята пройдзе ў абласным краязнаўчым музеі ў нядзелю 18 мая.
На гэты раз перад гледачамі «ажывуць» партрэты. Музей мае прыстойную галерэю партрэтаў дзеячаў розных эпох. Больш за дзясятак з іх пакажуць прафесійныя і самадзейныя артысты. Сцэнкі з жыцця каралевы Боны Сфорцы, канцлера ВКЛ Льва Сапегі, князя Уладзіміра Васількавіча, іншых палітыкаў, вучоных, асветнікаў, якія пакінулі свой след на нашых дарогах, убачаць наведвальнікі, — сказала загадчыца навукова-асветніцкага аддзела краязнаўчага музея Зінаіда Кульша. Зінаіда Іванаўна дадала, што падчас прадстаўлення будзе гучаць музыка ХІХ стагоддзя ў прафесійным выкананні. На вечар запланаваны тры сеансы: на 17.00, 19.00 і 21.00. А музей Камянецкай вежы падрыхтаваў на «Ноч музеяў» сярэдневяковую вечарыну.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
У апошнія гады колькасць чаргавікоў істотна памяншаецца
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.