Вы тут

Уладзімір Громаў: “Даводзіцца цярпець самога сябе”


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 16.05.14 г.

___________________________________________________________________________

На сцэне ён выконвае ролю Яўгенія Анегіна, а ў жыцці паўтарае яго: капялюш, нядбайна павязаны шалік, яскравая ўсмешка. “Лонданскі дэндзі” з мінулага стагоддзя. Уладзімір Громаў — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, саліст Вялікага тэатра оперы і балета.

Громаў

 

У яго ёсць усё: талент, фактура, харызма, прывабная знешнасць, пачуццё гумару. Пра такіх людзей кажуць: “пацалаваны богам”. Калегі адзначаюць: “У Громава неверагодная працаздольнасць! Падчас рэпетыцый ён выкладваецца, як на сцэне. Яму заўсёды можна даверыцца”. “Уладзіміру вельмі пашанцавала і са знешнасцю, і з вакалам. Шкада толькі, што ён барытон, а не тэнар, бо на сцэне заўсёды пераўвасабляецца ў адмоўных герояў ці персанажаў са складаным характарам. Але ў жыцці ён не такі!” — падзяліўся народны артыст Беларусі Сяргей Франкоўскі.

На самой справе Уладзімір Громаў вельмі самакрытычны і сціплы. Не ўяўляе жыцця без салодкага, называе гэта сваёй маленькай слабасцю. У вольныя ад працы хвіліны бавіць час з сябрамі ці катаецца на веласіпедзе. Аддае перавагу творчасці Булгакава і Рэмарка, атаясамлівае сябе з героямі апошняга.

— Кім вы хацелі стаць у дзяцінстве?

— Дакладна памятаю, што касманаўтам быць не хацеў (усміхаецца). Як кажуць, дзеці бяруць прыклад з бацькоў, а мае бацькі — музыканты. Я з дзяцінства ўяўляў сабе, што буду іграць на гітары. Але ў падлеткавым узросце жаданне трансфармавалася: доўгія валасы, куртка са скуры, гітара, рок-музыка. Гэтыя інтарэсы сышлі на другі план, калі я стаў сур'ёзна займацца вакалам, свядома абраў класічны матэрыял.

— Ці была ў вас мянушка?

— Вядома, як і ва ўсіх дзяцей! Спачатку мяне называлі Грамафон, потым — Патэфон. А ў войску клікалі Прохар, як героя рамана В. Шышкова «Угрум-рака», у якога было прозвішча Громаў (усміхаецца).

— Бацькі-музыканты паўплывалі на рашэнне стаць артыстам?

— Не, яны проста любілі сваю прафесію. Мабыць, гэта пачуццё перадалося і мне. Сёння ад многіх калег можна пачуць: я сваё дзіця ў музыку не аддам! Мне так дзіўна становіцца: як жа трэба не любіць тое, чым займаешся, каб не жадаць гэтага жа свайму дзіцяці?!

— Распавядзіце пра першыя крокі вашай кар'еры.

— Яскравай падзеяй быў справаздачны канцэрт музычнага вучылішча, дзе я спяваў арыю Фігара з оперы «Вяселле Фігара» В. Моцарта. Урэзаліся ў памяць зала і хваляванне, якому вельмі цяжка было даць рады. Прызнаюся шчыра, гады ідуць, а яно не знікае.

— Прыгадайце сваё першае выступленне.

— Выразна яго памятаю! Май, святочны канцэрт у парку, мне сем гадоў. Мы выступалі дуэтам з татам: ігралі на гітарах. Гэта быў і мой першы прафесійны заробак.

— А якой была ваша першая роля?

— Шарплес з оперы «Мадам Батэрфляй», сыграны ў опернай студыі кансерваторыі. Цікава, што на сцэне Вялікага тэатра мне прапанавалі праспяваць гэтую ролю толькі ў мінулым сезоне (усміхаецца).  Калі казаць пра дэбютны выхад на сцэну Вялікага — Фіярэла з оперы «Севільскі цырульнік» — герой, які ў мінулай пастаноўцы з'яўляўся толькі ў самым пачатку першага дзеяння. А ўжо праз месяц я спяваў Маралеса ў спектаклі «Кармэн». Шокам для мяне стала неабходнасць вывучыць партыю на французскай мове —  опера прайшла як у тумане (усміхаецца).

— Сёння вы спяваеце амаль ва ўсіх вядучых спектаклях, але, магчыма, засталася роля, якую пакуль яшчэ не давялося сыграць?

— На дадзены момант у маёй галаве засеў персанаж Макбет. Калісьці ў тэатры пачыналася праца над аднайменнай операй Вердзі. Лічу гэта вяршыняй, да якой мне трэба імкнуцца!

— Што для вас сцэна?

— Кажуць, сцэна — хвароба ці наркотык. Унутры мяне засела гэта “зараза” (усміхаецца). Апладысменты, якіх увесь час чакаеш, даюць стымул да развучвання новых партый.

— Аднойчы вы прызналіся, што ў свой адзіны выхадны вас цягне ў тэатр. Чым можаце гэта аргументаваць?

— Тэатр — мой другі дом! Але я не адразу прыйшоў да гэтай высновы. Калі толькі пачаў працаваць, не разумеўь, чаму людзі, якія не занятыя ў спектаклі, праводзяць тут вялікую колькасць часу. Ішлі гады, і я адчуў, што тэатр унутры мяне пачаў адваёўваць прыватную прастору. Ён нават сніцца (усміхаецца).

— Хто ваш галоўны крытык?

— Мой галоўны крытык сядзіць унутры. Я на 99 працэнтаў незадаволены сабой. Не магу на сябе глядзець з боку, не магу слухаць. Увесь час хочацца нешта змяніць. Ёсць усяго некалькі запісаў, да якіх у мяне няма прэтэнзій — «Арыя містара Iкс» і «Раманс Рошчына».

— Ці верыце вы ў прыкметы?

— Безумоўна, у мяне іх шмат! Вось, напрыклад, калі ноты ўпалі, трэба абавязкова на іх сесці. І менавіта на тое месца, куды яны ўпалі (смяецца). А яшчэ — калі на апошняй рэпетыцыі перад выступленнем або спектаклем усё праходзіць удала, чакай бяды (усміхаецца)!

— Згодныя з выразам, што «поспех не даруюць?»

— Як паказвае практыка, не даруе поспех той чалавек, які ў сілу пэўных абставін не на сваім месцы. Калі чалавек займаецца тым, што яму падабаецца, ён самадастатковы — не узнікне пачуцця зайздрасці.

—    За што вы любіце сваю працу?

— Яна дазваляе быць не толькі самім сабой, але і іншым чалавекам. На сцэне ты пражываеш жыццё героя, спрабуеш яго зразумець. Праца дае магчымасць эксперыментаваць.

—    Якімі дасягненнямі ганарыцеся?

— Я не завастраю ўвагі на ўласных дасягненнях. За столькі гадоў мозг навучыўся не зважаць на асабістыя поспехі. Наша прафесія не дазваляе «спачываць на лаўрах». Заняць месца на п'едэстале і стаяць — не атрымаецца. Мы заўсёды павінны на яго ўзбірацца, выходзячы на сцэну, і даказваць публіцы, што вартыя яе любові!

— Вас ведаюць як у Беларусі, так і за яе межамі. Ніколі не ўзнікала жадання пераехаць за мяжу?

— Для гэтага трэба валодаць большай ступенню авантурызму і неразважлівасці. Прапаноўвалі пераехаць у Расію, але я адмовіўся. Вырашыў, што мне лепш тут.

— Як у вас атрымліваецца сумяшчаць канцэртную дзейнасць і працу ў тэатры?

— З цяжкасцю! Бывае, што прапануюць канцэрт, на які я згаджаюся, але раптам у тэатры прызначаюцца рэпетыцыі — адчуваеш сябе “служкам двух гаспадароў”.

— Вы сыгралі некалькі роляў у кіно. Гэта больш складана, чым на сцэне тэатра?

— Сыграў — гучна сказана. Хутчэй, браў удзел у здымках фільмаў (смяецца). У кіно ёсць агульны план і буйны, а ў тэатры ты заўсёды толькі ў буйным плане. Нават калі стаіш у “дзявятым шэрагу”. Бо абавязкова знойдзецца глядач, які ў дадзены момант назірае за табой. У кіно мы бачым тое, што нам паказваюць, а ў тэатры — што хочам убачыць. Хаця фальш, на маю думку, больш заўважная на экране, чым на сцэне тэатра.

— На што вам часцей за ўсё не хапае часу?

— Часу не хапае на сябе і на пераацэнку каштоўнасцей (усміхаецца). Ведаеце, такое адчуванне, што многае ў жыцці мы пакідаем “на потым”, а гэтае “потым” ніяк не надыходзіць. Мы жывём чужым жыццём: камусьці нешта вінныя, камусьці нешта паабяцалі, спяшаемся некуды... А жыць калі?

— Што для вас шчасце?

— Шчасце — паняцце з “мінулага”. У паўсядзённасці, перажываючы нейкія падзеі, мы часта не адчуваем яго. Звяртаем увагу толькі праз нейкі час. Шчасце — вокамгненныя ўспышкі эмоцый!

— Што для вас — цярпець?

— Цярпець даводзіцца самога сябе! І тое, што ты сабе прыдумаў, чым займаешся. А потым узнікаюць пэўныя нязручнасці, але тваё імя ўжо на афішы — і вось тут трэба прымусіць сябе вывучыць матэрыял, знайсці нешта станоўчае.

—    Ад чаго вы адчуваеце стомленасць?

— Тэатр — механізм, дзе вельмі шмат залежыць і адначасова не залежыць ад цябе. Часам усё ідзе не так, як павінна — ад гэтага я стамляюся.

— Не шкадуеце, што звязалі жыццё з мастацтвам?

— Калі б зараз мне прапанавалі штосьці памяняць, я б не пагадзіўся.

Іна КОРСАК 

Фота Дар’і Буракінай

Выбар рэдакцыі

Культура

Наш трыццаты «Лістапад»

Наш трыццаты «Лістапад»

Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.

Транспарт

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

Як развіваецца авіяцыйная галіна?

«На крылах» — каля 2 мільёнаў пасажыраў.

Сацыяльная падтрымка

У каго і на колькі вырасце пенсія?

У каго і на колькі вырасце пенсія?

Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.