___________________________________________________________________________
У Пухавіцкім раённым краязнаўчым музеі захоўваецца частка хатняй бібліятэкі Алеся Бачылы (1918 — 1983). Перадача кніг адбылася спадчыннікамі паэта ў 2004 годзе.
Каля 1000 выданняў паступіла тады ў Зазерскую сельскую бібліятэку імя А. М. Бачылы (Пухавіцкі раён). А больш як 400 асобнікаў прыняў на захоўванне раённы музей. З іх 220 кніг — з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў. Усе надпісы адрасаваны Алесю Бачылу.
Аснову калекцыі з аўтографамі складаюць выданні паэтычных зборнікаў. Гэта, безумоўна, сведчыць пра стасункі Алеся Бачылы ў першую чаргу з калегамі па паэтычным цэху. Калі ў пісьменніка пачала збірацца гэтая частка бібліятэкі? Відавочна, напрыканцы 1940 — на пачатку 1950-х гг. На кнізе вершаў Аляксея Зарыцкага “Арліная крыніца” чытаем: “Дарагому Алесю Бачылу — добраму таварышу і паэту…” Подпіс датаваны 25 лютага 1948 г. Аляксей Зарыцкі, Васіль Вітка, Аркадзь Русецкі, Анатоль Вялюгін, Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў — кола паэтаў, творчасцю якіх Алесь Мікалаевіч цікавіўся найперш. Як мне падаецца, паходжанне большасці набыткаў — гэта кнігі-падарункі. Цікавым здаецца наступны надпіс Анатоля Вялюгіна на кнізе “Насцеж”: “Дарагому Алесю — вершы за год…” Адзін паэт тым самым трымаў справаздачу перад другім, даводзіў калегу, што ўдалося зрабіць за пэўны адрэзак часу.
Істотна ў бібліятэцы аўтографаў прадстаўлена творчасць народнага паэта Беларусі Максіма Танка. “Танкаўскую” палічку адкрывае шасцітомны збор твораў. Дарэчы, надпісы — на кожным з тамоў. Выдавецкі рэдактар кожнага — Алесь Бачыла. Гэта і падкрэслена ў надпісе на першым томе, выдадзеным “Мастацкай літаратурай” у 1978 г.: “Майму дарагому другу і рэдактару Алесю Мікалаевічу Бачылу — з любоўю і ўдзячнасцю. Максім Танк. Мінск, 3 / II.1980 г.” І наступныя тры тамы падпісаны таксама 3 лютага 1980 г. Чытаем: “Дарагому Алесю Мікалаевічу Бачылу на добры ўспамін аб незабыўных гадах сумленнай работы ў часопісе “Полымя”. Ад усяго сэрца…”; “Алесю Бачылу — з любоўю і найлепшымі пажаданнямі…”; “Майму цудоўнаму другу Алесю на добры ўспамін аб нашых незабыўных сустрэчах на бясконцых шляхах паэзіі…”
У чацвёртым томе — творы, напісаныя М. Танкам у 1964 — 1976 гг. Адкрываецца кніга вершам “Перапіска з зямлёй” (1964): “Я пісаў зямлі многа лістоў / Пяром, якім пішуць лірычныя песні; / Гімны розныя, / маніфесты; / пісаў я смыкамі ўсіх скрыпак, / Якія смяюцца і плачуць; / Пісаў спіцамі дрогкіх калёс, / Якарамі і мачтамі караблёў, / Штыком і / сапёрнай лапатай; / Пісаў кубкамі, з якіх п’юць / За здароўе і вечную памяць, — / Але пакуль што / Адказ атрымаў я / Толькі на ліст мой, / Напісаны плугам. / Вось ён. / Парэжце на скібы яго. /Частуйцеся. / Ешце”.
Розныя творчыя манеры, увага да розных паэтычных, мастацкіх школ, зусім адрозны першапачатковы досвед, розныя паэтычныя зацікаўленні — усё гэта калі і не адштурхоўвала б творцаў адзін ад аднаго, калі б не разводзіла па розныя бакі, то ўжо на крайні выпадак і не збліжала б. Але ж цеплыня надпісаў, мноства дробненькіх пазнак-“крыжыкаў” у змесце кніг — сведчанне і павагі, і ўвагі, і шчырай цікаўнасці.
Пяты том, куды ўвайшлі вершы, паэмы, пераклады 1976 — 1978 гг., Максім Танк падпісвае сябру 25 снежня 1980 года: “Майму цудоўнаму другу і ўдумліваму рэдактару Алесю Бачылу — з навагоднім прывітаннем і найлепшымі пажаданнямі…” На шостым томе — наступны надпіс: “Дарагому Алесю, які спакусіў мяне калісьці надрукаваць гэту прозу ў часопісе “Полымя””. Ад усяго сэрца…” У шосты том акрамя літаратурна-крытычных артыкулаў увайшлі “Лісткі календара” — дзённік М. Танка з часоў яго заходнебеларускага жыцця. Алесь Бачыла і Максім Танк разам працавалі ў рэдакцыі “Полымя”. У 1982 г. у вераснёўскім нумары “Маладосці” Алесь Бачыла надрукуе артыкул пра Максіма Танка — “Жыццё ў паэзіі”. “Сябе як галоўнага рэдактара ён ніколі нічым не вылучаў, — расказвае Алесь Бачыла пра народнага паэта. — Вельмі ўважліва выслухоўваў і прыслухоўваўся да думак таварышаў, даваў кожнаму магчымасць выказацца да канца. Ды і паводзіў сябе проста, хоць ужо к гэтаму часу меў высокія званні і высокі аўтарытэт. Ён не заводзіў асобнага кабінета, рэдка калі сядзеў за сваім рэдактарскім сталом. Звычайна, калі трэба было тэрмінова што-небудзь прачытаць, — садзіўся за доўгі стол без шуфлядаў, прыстаўлены да яго стала, дзе сядзелі і мы, — і чытаў. Рукапісы буйных твораў звычайна браў дадому. Ніколі не хітрыў, калі трэба было гаварыць аўтару ў вочы горкую праўду, не перакладаў усю адказнасць на аддзелы. І ад гэтага яго пісьменніцкі і рэдактарскі аўтарытэт не толькі не зніжаўся, а, наадварот, вырастаў.
Прызнаны паэт, ён вельмі сціплы ў адносінах да ацэнкі сваёй працы. Не дазваляў сабе ніякай палёгкі. У рэдакцыі існавала нават няпісанае правіла, усталяванае зноў жа самім рэдактарам, не адзначаць ацэначнымі артыкуламі яго творчасць. Адзінае, што дазваляў сабе — гэта друкавацца ў сваім часопісе. Свае юбілейныя даты таксама адзначаў своеасабліва: адпаведна колькасці год даваў у нумар гэтакую ж колькасць сваіх новых вершаў”.
Аляксандр Пушкін пісаў: “Всякая строчка писателя становится драгоценной для потомства, нас невольно поражает мысль, что рука, начертавшая эти смиренные цифры, эти незначащие слова, тем же почерком и быть может тем же самым пером написала великие творения — предмет наших изучений и восторгов…» Аўтограф Максіма Танка — і на іншых кнігах, што захоўваюцца ў музейным кнігазборы Алеся Бачылы. З першых “танкаўскіх” аўтографаў — надпіс на кнізе “След бліскавіцы” (1957): “Дарагому другу Алесю Бачылу ад шчырага сэрца — Максім Танк. 21 / X. 57 г. Мінск”. У 1962 г. выходзіць новая кніга вершаў — “Мой хлеб надзённы”. 19 лютага 1962 г. Максім Танк дорыць зборнік свайму сябру з такімі словамі: “Дару табе, дарагі дружа Алесь, гэты невялічкі зборнік сваіх вершаў як верны сродак ад бяссонніцы…” Не магу ўтрымацца, каб не працытаваць аднайменны верш з прыцягальнай , напоўненай магнетызмам светлага жыцця, яркай паэтычнай кнігі — “Мой хлеб надзённы”:
Непакой за цябе, зямля мая,
За твой ураджай, спакойны сон,
За дрэва кожнае ў гаях,
За весніх песень перазвон,
Непакой за цябе, зямля мая, —
Мой хлеб надзённы.
Часам ён горкі ад пылу быў,
Часамі салёны ад слёзаў быў,
Часамі гарачы ад пораху быў,
Але і салодкі ад дружбы быў
Мой хлеб надзённы.
І не кладзіце мне хлеб другі
У кайстру, калі я ў дарогу іду,
На стол, калі бяседу вяду,
На сэрца, калі на ім рукі складу.
Творчае сяброўства, творчая радасць, светлы характар зносін, пажаданне поспехаў адзін аднаму — вось тыя камяні, той фундамент, што мацавалі і мацуюць сапраўдную паэзію, яе развіццё. Аўтографы, лаканічныя сяброўскія надпісы — частка такога сяброўства, такой радасці, такой светласці. У калекцыі кніг з аўтографамі, адрасаванымі А. Бачылу, у Пухавіцкім музеі — паэтычныя зборнікі Аркадзя Куляшова, Аркадзя Русецкага, Адама Русака, Сяргея Грахоўскага, Ніла Гілевіча, Браніслава Спрынчана, Дзмітрыя Кавалёва, Еўдакіі Лось, Васіля Віткі, Анатоля Вярцінскага, Генадзя Бураўкіна, Анатоля Астрэйкі, Кастуся Кірэенкі, Васіля Зуёнка, Рамана Тармолы, Міколы Аўрамчыка, Пятра Прыходзькі, Уладзіміра Корбана… З павагай ставіліся да Алеся Бачылы празаікі, літаратуразнаўцы, крытыкі, мовазнаўцы. Пра гэта сведчаць аўтографы Івана Мележа, Алеся Адамовіча, Рыгора Шкрабы, Фёдара Янкоўскага, Лідзіі Арабей, Аляксея Кулакоўскага, Янкі Брыля, Яна Скрыгана, Вячаслава Адамчыка, Арсеня Ліса…
Хацелася б звярнуць увагу яшчэ на адну акалічнасць. Алесь Бачыла з вялікай павагай ставіўся да творчасці папярэднікаў, шанаваў літаратурныя традыцыі. У кнізе паэта “Крыло неспакою” (1985), якая пабачыла свет ужо пасля смерці Алеся Мікалаевіча, А. Бачыла ўспамінае пра Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Рыгора Шырму. Сярод кніг, падараваных творцу, — і зборнікі маладзейшых калег па літаратурным цэху. На кнізе вершаў “Лірычны вырай” (1965) Янка Сіпакоў пакінуў такія словы: “Алесю Мікалаевічу — дарагому чалавеку ад усяе-ўсяе шчырасці…” А ў кнізе “У поўдзень, да вады” чытаем: “Шаноўнаму Алесю Мікалаевічу Бачылу — вельмі шчыра, з даўняю павагай, шчыра віншуючы з надыходзячым Новым годам. Ад сэрца – Янка Сіпакоў. 26 снежня 1977”. Свае кнігі дарылі яму Міхась Стральцоў, Раіса Баравікова.
У першым зборніку Р. Баравіковай “Рамонкавы бераг” (1974), падараванай Алесю Бачылу, чытаем: “Паважанаму Алесю Мікалаевічу шчыра і з вялікай удзячнасцю за першы водгук на гэтую невялікую першую кніжку. Аўтар. 28 / X – 74 г.”
Выдадзеную ў Маскве сваю кнігу “Мир Купалы” легендарны беларускі крытык Рыгор Бярозкін падараваў аўтару песні “Радзіма мая дарагая” з такімі словамі: “Алесю Бачылу—– добраму паэту і добраму знаўцу паэзіі — з нязменнай сімпатыяй. Р. Бярозкін. 29. XI. 73 г.”.
“Крыло неспакою” — так назваў Алесь Бачыла сваю кнігу артыкулаў, успамінаў, публіцыстычных нататак, якую сам склаў незадоўга да смерці. На крылах неспакою жыў, лётаў у небе беларускай паэзіі Алесь Бачыла. Сведчаць пра тое і аўтографы на кнігах, падараваных яркаму, шчыраму мастаку слова.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Алесь Бачыла, Пімен Панчанка, Рыгор Няхай.
Фота з архіва Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея.
Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.