Вы тут

ДЗЕ ЛЕТУЕ БАТЛЕЙКА?


Пакуль навукоўцы думаюць над тым, які гістарычны артэфакт варта зрабіць новым беларускім брэндам, якому ўнікальнаму майстэрству пасля адраджэння вырабу слуцкіх паясоў даць другое жыццё, нашы творцы разам са сваімі выхаванцамі адраджаюць, працягваюць напаўзабытыя, але ж такія вабныя народныя традыцыі, тое, што сапраўды можа заінтрыгаваць не толькі нас, але і нашых замежных гасцей. Пра батлейку, гэты таемны калядны лялечны тэатр, звычайна згадваюць узімку. Ведаю, што ў музеях ладзяць выстаўкі, калядныя паказы, маладыя мастакі робяць свае сучасныя інтэрпрэтацыі... Але ж куды знікаюць батлеечныя героі па вясне? Дзе летуе батлейка?

20-6

Сёлета вясною Музей старажытнабеларускай культуры Акадэміі навук Беларусі запрасіў да сябе батлейку, што зімавала разам з юнымі майстрамі — вучнямі 7 класа, у гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка, дзе вучацца таленавітыя дзеці з усёй рэспублікі. Сямікласнікі разам з выкладчыцай, слыннай беларускай мастачкай Аленай Піскун зрабілі на занятках лялькі і наладзілі батлеечныя паказы. У музеі шмат унікальных экспанатаў, але вітрыны з лялькамі, якія ў адпаведнасці з усімі традыцыямі вырабілі вучні, глядзяцца адметна. Ад іх зыходзіць асаблівая моцная энергетыка адкрыцця. Бо, вырабляючы ляльку, кожны з юных мастакоў вывучаў даўнейшыя аналагі, дакранаўся да мінулага і адначасова ажыўляў яго для дня сённяшняга і будучыні. Эксперымент удаўся. І на адкрыцці выставы гэта адзначыў дырэктар музея старажытнабеларускай культуры, наш слынны навукоўца Барыс Лазука, пад кіраўніцтвам якога якраз і адраджалі выраб слуцкіх паясоў. Супрацоўнікі музея не ўтрымаліся і, перш чым размясціць лялькі ў вітрынах, разыгралі з імі спектакль.

Алена Піскун, пад кіраўніцтвам якой здзяйсняўся праект, выдатна ведае народныя традыцыі. Яна не толькі вядомы далёка за межамі Беларусі жывапісец. Разам са сваім мужам, мастаком Юрыем Піскуном, распрацоўвала першыя касцюмы для ансамбля «Харошкі». Яна выхавала трох дочак, якія таксама скончылі гімназію-каледж мастацтваў імя І.В. Ахрэмчыка, пасля Беларускую акадэмію мастацтваў. Старэйшая Вольга — выдатны жывапісец, Соф'я — арыгінальны графік, а малодшая Валянціна працуе мастаком у ансамблі «Харошкі».

У кожнага з батлеечных герояў, якіх зрабілі юныя мастакі, свой характар, свой рукатворны, густоўна зроблены касцюм.

Нагадаем, што батлеечныя паказы, якія ладзіліся на Каляды, — гэта не толькі сцэны з Бібліі, але і вясёлыя сцэнкі з вясковага жыцця; гэта той выпадак, калі побыт можна ўспрымаць як філасофію быцця.

За кожным з персанажаў, што застылі ў вітрынах музея, — маленькае адкрыццё, зробленае юным мастаком.

— Для таго, каб зрабіць Пісьменніка, — расказвае Марыя Зленка, — спачатку трэба было ўзяць дзве палкі: адну даўжэйшую — для цела, другую карацейшую — для плячэй. Пасля выбраць адзенне, а дакладней тканіну. Потым прымацаваць з дапамогай скотча скамячаную паперу, наклеіць пап'е-машэ на галаву і цела. Рукі я рабіла з ніткі са скотчам на канцах, куды таксама наляпіла пап'е-машэ. Калі лялька высахла, я ўзяла пэндзлі (вялікі — для цела, тонкі — для твару) і пачала размалёўваць. На твары было шмат дробных дэталяў — вочы, вушы, барада, вусы, бровы, нос і рот. Мне хацелася, каб ён выглядаў мудрым чалавекам. Потым я пашыла па памеры адзенне — карычневую світу, і апранула майго Пісьменніка. На галаве ў яго капялюш, у руках — кніга з пяром. Мне здаецца, што гэта было самае захапляльнае з усіх заданняў.

Кожны з вучняў натхнёна расказваў пра сваіх герояў: Даша Васілеўская — пра Казака, Паліна Палішук — пра Смерць, Данііл Дземідовіч — пра Цыгана, Паліна Герман — пра Яўрэя. Ганна Якубовіч шукала мадэлі адзення для сваёй Салохі ў інтэрнэце. Вераніка Шалухіна апранула Бабу Антоніху ў дакладна адноўлены народны строй. Вера Маланава адкрыла, што Чорцік падобны да ката і меншы за ўсіх герояў «Цара Ірада»...

А мы наракаем, што дзеці, падлеткі сталі палоннікамі віртуальных гульняў! Можа, проста з імі побач няма тых, хто заінтрыгуе сапраўднымі, а не віртуальнымі артэфактамі, дасць магчымасць дакрануцца да жывой гісторыі? Жывая гульня, жывыя зносіны з людзьмі, няхай і праз лялечных герояў, — вось тое, чаго так не хапае сёння і дзецям, і дарослым. Народныя вобразы, у якіх закладзены не толькі архетыпы нашага светаўспрымання, але, мяркую, і архетыпы нашай ментальнасці, могуць дапамагчы вырашыць некаторыя псіхалагічныя праблемы лепш за псіхатэрапеўтаў.

Галіна БАГДАНАВА.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».