З 7 красавіка па 12 мая ў Індыі прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары. Вядома, для еўрапейскіх краін такая працягласць выбараў можа здацца вельмі незвычайнай, але справа ў тым, што ў Індыі больш за 800 млн выбаршчыкаў, а гэта робіць працэдуру галасавання досыць складанай, прымушаючы праводзіць яе ў 9 этапаў. Спрыяе такой працягласці і складанасці і сама сістэма выбарчага галасавання, якую часта называюць экзатычнай. Вынікі выбараў прынеслі некалькі сенсацый.
Першай з іх стала самая высокая яўка з 1984 года: у выбарах прынялі ўдзел 66,38% ад колькасці зарэгістраваных у краіне выбаршчыкаў. Другой сенсацыяй стала самае горшае (у працэнтных суадносінах) паражэнне кіруючай партыі за ўвесь час незалежнасці Індыі: партыя Індыйскі нацыянальны кангрэс (ІНК) атрымала менш за 20% галасоў у ніжняй палаце.
Бхаратыя джаната парці (БДП), што атрымала большасць галасоў на выбарах, з'яўляецца правай партыяй, якую паўсюдна называюць за мяжой «арганізацыяй індуісцкіх нацыяналістаў». Для яе гэта найлепшы вынік за ўсю гісторыю з моманту стварэння ў 1980 годзе, які дазваляе з атрыманымі 282 дэпутацкімі мандатамі ў ніжняй палаце стварыць урад самастойна, без неабходнасці прыцягнення саюзнікаў. Праўда, гэта азначае, што і адказваць за вынікі кіравання другой у свеце па колькасці насельніцтва краінай прыйдзецца таксама поўнасцю самастойна.
Новым прэм'ер-міністрам Індыі стаў Нарэндра Модзі, які быў дагэтуль галоўным міністрам Гуджарата, сёмага па плошчы тэрыторыі і дзясятага па колькасці насельніцтва штата краіны. Але, што больш важна, менавіта ў кіраўніцтве Нарэндра Модзі гэтым штатам і крыецца галоўны сакрэт такой зруйнавальнай для ІНК перамогі БДП на выбарах. Вынікі кіравання Гуджаратам Модзі часта называюць эканамічным цудам, параўноўваючы з тымі вынікамі, што дасягнуты найбольш паспяховымі правінцыямі Кітая ў апошнія гады.
Так, у 2010 годзе Модзі заявіў, што «доля Гуджарата ў прамысловасці Індыі складае 16%, у экспарце — 22%, у вытворчасці фармацэўтычнай прадукцыі — 35%, у вытворчасці нафтахімічнай прадукцыі — 62%».
У заслугу Нарэндра Модзі ставяць і небывалыя па мерках Індыі тэмпы росту сельскагаспадарчай вытворчасці ў штаце: з 2006 па 2010 гады яны склалі 12,8% у год на фоне 2% у цэлым па краіне. Гэтаму росту спрыяе і стварэнне базы даных па прадуктыўнасці глебы. База, створаная ў апошнія гады, дазваляе прадастаўляць рэкамендацыі па ўнясенні ўгнаенняў. Усе вёскі штата падключаны да электрасеткі, што для Індыі з'яўляецца вялікім дасягненнем.
Пры гэтым не будзем забываць пра тое, што большасць выбаршчыкаў Індыі жыве ў сельскай мясцовасці і хацела б тых жа вынікаў у сваіх вёсках, што не магло не адбіцца на выніках галасавання на апошніх выбарах.
Адной з заслуг Модзі стала шырокае прыцягненне ў эканоміку штата замежных інвестараў. Больш за 20% з ліку найбуйнейшых 500 карпарацый свету зрабілі ўкладанні ў Гуджарат. Штат стаў месцам канцэнтрацыі альтэрнатыўнай энергетыкі Індыі. У тым ліку тут размешчана і найбуйнейшая ў краіне сонечная электрастанцыя. Робяцца крокі па фарміраванні электроннага ўрада, якія пазітыўна ацэньваюцца насельніцтвам. Пры гэтым адзначым і тое, што беспрацоўе ў штаце знаходзіцца на самым нізкім узроўні ў Індыі і складае каля 1%. Не дзіўна, што ў выніку гэты штат адзін з тых, дзе найбольш высокі ўзровень жыцця ў краіне.
Калі Нарэндра Модзі, стаўшы прэм'ер-міністрам, зможа распаўсюдзіць такі ўдалы вопыт мадэрнізацыі эканомікі ў Гуджараце на ўсю краіну, рэзка павялічыўшы тэмпы росту індыйскай эканомікі, Індыя зможа набыць новы статус у свеце ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве.
Пры такім сцэнарыі развіцця падзей новыя магчымасці трэба не ўпусціць і беларускім экспарцёрам, вынікі працы якіх у Індыі пакуль цяжка назваць здавальняючымі. Могуць аказацца запатрабаванымі і магчымасці для буйных індустрыяльных прадпрыемстваў Беларусі па стварэнні зборачных вытворчасцяў на індыйскай тэрыторыі. Пры ІНК Індыя была вядомая як краіна з досыць закрытай эканомікай для прыходу замежных інвестараў.
Гэта дрэнныя навіны для ІНК, самай старой і самай вядомай за мяжой палітычнай партыі Індыі. Са станоўчых для ІНК момантаў эксперты ў першую чаргу адзначаюць, што ў верхняй палаце ў ІНК засталося дастаткова дэпутацкіх месцаў, каб накладаць вета на непажаданыя для партыі законапраекты канкурэнтаў. Таксама немалаважна і тое, што ў рэгіянальных парламентах у ІНК па-ранейшаму захоўваецца больш дэпутацкіх месцаў, чым у Бхаратыя джаната.
Акрамя таго, у гісторыі Індыі гэта здараецца ўжо чацвёрты раз, калі ІНК губляе свой статус кіруючай партыі. Ва ўсе папярэднія разы ў канкурэнтаў не атрымлівалася надоўга захаваць набытую на выбарах папулярнасць, дазваляючы ІНК сабрацца з сіламі, мабілізавацца і вярнуцца да ўлады.
Сяргей КІЗІМА,
доктар палітычных навук
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.