У сусветным рэйтынгу «World Mother's Іndex 2014», які штогод складае па выніках маштабнага даследавання дабрачынная арганізацыя Save the Cіldren, наша краіна аказалася на 26‑м месцы, гэтак жа, як і Вялікабрытанія. Беларусь па сукупнасці спрыяльных умоў для мацярынства ўступіла, напрыклад, Эстоніі, Чэхіі і Літве, затое абышла Японію (32‑і радок рэйтынгу), Польшчу (29‑ы), Ізраіль (28‑ы), а таксама ўсе краіны СНД (Расія ў агульным заліку — на 62‑м месцы, Казахстан — на 63‑м, Арменія — на 95‑м, Узбекістан — на 111‑м, а Украіна, якая нядаўна выйшла са складу СНД, — на 72‑м).
Лідарамі ў спісе найлепшых для мацярынства краін сталі Фінляндыя (трымае пальму першынства другі год запар), Нарвегія, Швецыя, Ісландыя і Нідэрланды, а замыкаюць рэйтынг Нігер, Конга і Самалі. На інтэрактыўнай карце свету, складзенай па выніках даследавання, відаць, што найбольш спрыяльнымі для маці і дзяцей аказаліся краіны Паўночнай Еўропы, а горш за ўсё сітуацыя склалася ў шэрагу краін Афрыкі. Усяго ж эксперты міжнароднай супольнасці, якая займаецца абаронай правоў дзяцей па ўсім свеце, прааналізавалі звесткі па 178 краінах.
Сярод асноўных крытэрыяў, паводле якіх складаўся рэйтынг, улічваліся звесткі, атрыманыя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, напрыклад, паказчыкі смяротнасці парадзіх і дзяцей у раннім узросце, узровень даходаў маці і іх палітычны статус (суадносіны колькасці жанчын і мужчын у заканадаўчых органах улады), а таксама даступнасць для іх адукацыі. Напрыклад, ЗША, якія яшчэ 15 гадоў таму ўваходзілі ў топ‑5, сёлета займаюць толькі 31‑ю пазіцыю са 178. Амерыканскія жанчыны, як адзначаецца ў справаздачы, сутыкаюцца з не меншымі рызыкамі мацярынскай смяротнасці, што і жыхаркі Ірана ці Румыніі. А вось Беларусь прасунулася наперад: летась у рэйтынгу наша краіна была 24‑й, але і колькасць краін, дзе праводзілася даследаванне, была меншай — 165.
Вікторыя ЗАХАРАВА.
Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей.
«Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым».
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?