За што купіў, як той казаў… «Хуткая» дзядзьку аднаго на вуліцы падабрала, без памяці быў — ледзьве адратавалі. Спыталі, як прозвішча? Ён, хоць і слабым галаском, але ж адказаў, як ёсць, паводле пашпарта:
—Нятрэба…
Доктарка, мусіць, гумарысткай была:
—Ну вам, можа, і сапраўды не трэба… Калі жыць не хочаце… А вось нам без вашага прозвішча — ну ніяк: лекі ж трэба «спісаць», справаздачу зрабіць…
Акурат як нам, надрукаваўшы конкурсны здымак, потым выкласці ўсе прапановы подпісаў, пажадана па парадку. Такім чынам:
Жыццё — яно нібыта кніга
(Ці ўсё ж зусім наадварот?),
І ў ім павінна быць інтрыга
І нечаканы паварот.
Дык хто ж каму тут спіну мые?
З чаго аповед распачаць?
Ну, а паколькі не нямы я,
Складана будзе прамаўчаць, —
напісаў так спадар Анатоль Гарачоў з вёскі Даўнары Іўеўскага раёна. І, вядома ж, не толькі пра сябе: пытанне, хто і каму (канкрэтна) «спіну мые», даймала многіх. Многія, як звычайна, і адказы знайшлі. Ну, па-першае:
Трохі смешна выглядае:
Бабця — унука абмывае…
А яму, трэба сказаць,
Без малога 25:
Жонка можа спіну мыць,
Як на шыю пасадзіць.
Лічыць так спадарыня Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна. І пры гэтым сама ж сумняваецца, бо, хутчэй за ўсё, у маладога чалавека не тая шыя, каб некага на ёй трымаць:
Песціць хлопца бабка Насця…
Во камусьці будзе «шчасце»:
Апроч лыжкі, анічога
Не трымаў у ручках Гога!
Не будзем узгадваць крылатае: «Ён жа Гоша, ён жа Жора»… Не той выпадак. І мужчына, падобна, не той. Спадар Мікалай Старых з Гомеля ведае, чаму:
Так заведзена ў людзей:
Трэ любіць сваіх дзяцей.
Ды замоцная любоў
«Лепіць» мамчыных сынкоў.
Якраз ён, той сынок, трэба разумець, на здымку? Але з кім — з мамкай? Ці…
Я пра гэтага хлапчыну
Думаў небагата:
Калі тата мые спіну,
Значыць, нежанаты, —
піша спадар Гарачоў. Вы не паверыце, але, паводле сужэнцаў Астроўскіх з Мінска, з тым жа поспехам ён можа быць і… незамужнім:
Мамка ходзіць за табой,
Дзеўцы мыліць шыю…
А сама сябе вадой
Хіба не абмыеш?!
Што ж не лезеш у раку?
Добрае надвор'е!
…Выйдзеш замуж — мужыку
Будзе костка ў горле!
Цалкам магчыма. Вось і пазбаўляюцца…
Але ж мы цяпер не пра косткі і разводы. Стары анекдот (на новы лад): хлопец тэлефануе дзяўчыне. Пытае: «А што ты робіш?». Яна ў адказ: «Шыю мыю». Ён патыліцу пачухаў і думае: «Вартая дзеўка! Гэта ж трэба — усё ўмее: і шые, і мые. Добрая будзе жонка! Трэба жаніцца…»
Хто ведае, можа, якраз гэтай думкай (трэба… варта…) і кіраваўся маладзейшы з герояў здымка (глянулі яшчэ раз — на верхні? — Аўт.), калі… браў шлюб са старэйшай.
Так-так, асобныя з чытачоў прынялі жанчыну не за бабулю, не за матулю, нават не за татулю, а менавіта за жонку. Спадарыня Любоў Чыгрынава з вёскі Забалацце Вілейскага раёна так і піша:
Гэта ж трэба — заўтра свята,
А вады няма ў хатах!
Дзе ж памыцца бедаку?..
Жонка Ліда з мужам Федзем
Падаліся на раку.
Тут вельмі дарэчы будуць радкі спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў:
Шчасце, што ля вёскі
Ёсць такая лужа…
Дзе ж абмыеш косткі,
Калі прыйдзе сцюжа?
…Усім, хто чуе,
я нараю:
Пабудуйце лазню з краю!
І тады…
Ну згадзіцеся, будзе рацыя ў радках спадара Сцяпана Нефідовіча з вёскі Любань Лунінецкага раёна:
У калгасе робіць Якаў,
Аб курортах марыць,
А заробак — кот наплакаў,
Вось табе й Канары…
Жонка Якава без спрэчкі
Павяла яго да рэчкі:
— Хай не мора тут, вядома, —
Ды найлепей мыцца дома!
А калі яшчэ і напару — з каханым ці каханай… Паводле спадара Гарачова:
Алу сёння рана ўсперла:
Свайму Максу плечы церла…
Жонка Колі Баскава
Аж зубамі ляскала!
Трэба разумець, ад зайздрасці: муж малады…
Зрэшты, мы адхіліліся. А яно ж трэба сказаць, што на здымку чытачы ўбачылі не толькі бабулю з унукам, матулю (татулю) з сынам (з дачкою), жонку з мужам, але і шмат каго яшчэ. Паводле спадарынь Галіны Пятроўскай са Смаргоншчыны і Любові Чыгрынавай з Вілейшчыны) — жаніха:
Не глядзіце на мяне,
Што я бруднаваты,
Цераніце па спіне —
Тут жа дамся ў сваты!
«Спявае» так Галіна Уладзіміраўна. Узгадвае песню і Любоў Міхайлаўна:
Янка злавіў быў Аленчын ручнік,
Кінуў суседу на спіну.
Думаў, што дзядзька стары
як мужык,
Не зацікавіць дзяўчыну…
Калі сусед пры вялікіх грашах,
Можа ўсё разваліцца па швах.
Хто папярэджаны, той, вядома ж, узброены, а хто не?
Спадарыня Марыя Грышчанка з Дзяржынска ўзгадвае: «Некалі ў нас на чыгунцы працаваў адзін мужчына. Васілём яго звалі. Добры быў слесар… Дык вось. Палез ён неяк пад вагон калодкі ставіць. Работа цяжкая, брудная, на дварэ спёка — пот, можна сказаць, градам… Васіль выціраў яго — з твару, з шыі, з грудзей, з галавы — то рукой, то брудным рукавом… Нарэшце ўсё зрабіў: з‑пад вагона вынырвае, як той чорт з табакеркі… А тут якраз кабета ідзе — уся такая прывабная, прыбраная… Ад страху аж перахрысцілася, потым кажа: «…А я і не ведала, што ў нас на чыгунцы негры працуюць!».
Адсюль, з гэтага ўспаміну, відаць, і радкі:
Ад мазуту-бруду цесць
Зяця адмывае —
Страшнавата, што таго
Жонка не пазнае.
Але ж, можа, яе вочы бачылі, што куплялі? Паводле спадарыні Пятроўскай:
Трактарыста пакахаць —
«Позна легчы, рана ўстаць»,
Тону мыла закупіць
І штодня ў рэчцы мыць.
Скажаце, што зімой гэта негуманна? Спадарыня Раіса Васільева з Гомеля гэтаксама кажа:
Праводзіць жонка загартоўку
(Такой не бачылі нідзе):
Сама прыбралася ў ватоўку,
Мужык жа — голы… І ў вадзе.
Трэба разумець, нядобра гэта? На думку спадарыні Клаўдзіі Дубовік з Вілейкі — як паглядзець:
Ранак. Мыюцца мужчыны…
Ёсць на тое тры прычыны:
З дому выгналі жанчыны,
Мо трыццаты раз за год
Адказаў водаправод,
Альбо мыцца ў цішы —
Асалода іх душы?
Каторы з варыянтаў праўдзівы — ёсць пытанне. А вось выйсця часам няма, як прызнае спадарыня Марыя Грышчанка, бо сантэхніка можа быць якаснай, імпартнай, а вось сантэхнікі — толькі айчыннымі:
ЖЭС даводзіць нам даўно:
Трубы саржавелі.
Месяц дайце на рамонт,
Можа, мы й паспеем?..
Вось дык штука!
Дзе ж цяпер
Нам знайсці вадзіцы?
Хоць не лета на дварэ —
Трэба ў рэчцы мыцца.
Што праўда, тое праўда: і пра трубы, і пра іх замену, і пра адсутнасць вады (гарачай) — цёплая тады выручае:
Шмат хто,
Хоць і пакрысе
Бруд у возера нясе, —
заўважаюць сужэнцы Астроўскія, а спадар Віктар Трайкоўскі з Мінска ў такім мыцці нават перавагу бачыць:
Мыйся, сынку мой, «дапятна»,
Тут — пакуль яшчэ бясплатна…
У грошы, згадзіцеся, многае ўпіраецца. На думку спадара Гарачова —
Калі быў у нас калгас, —
Лазня працавала.
І на піва, і на квас
Грошыкаў хапала.
А цяпер ёсць СВК,
Ды не лепей люду:
Толькі родная рака
Адмывае з бруду.
Вось і атрымліваецца, што некалі, як зазначае спадар Нефідовіч, можна было піць ваду з канавы, а цяпер — страшна нават з Прыпяці, бо забруджаны рэкі… І таму так да месца тут заклік сужэнцаў Астроўскіх:
Каб чыстай вадзіцы
Маглі мы напіцца,
Не трэба ў рэчках
З шампунямі мыцца!
А зрэшты… Ёсць думка (у спадара А. Мірановіча з Бабруйска), што ў аб'ектыў нашага фотакарэспандэнта трапіла ну зусім не тое, што ўсе падумалі:
Нехта скажа, што ў рацэ
Хлопец абмываецца?
Не, тут ролік для БТ
Трэці дзень здымаецца:
Той рэкламы ўжо замала,
Бо цяпер і мыла — «Мара»!
Добрая, згадзіцеся, назва ў сродкаў для мыцця: хоць-нехаць купіш, каб дома была, каб жыць з марай (хоць такой, калі іншых няма). А дарэчы: Джон Ракфелер марыў зарабіць сто тысяч долараў і дажыць да 100 гадоў. Зарабіў — 318 мільярдаў і памёр у 97.
Адкуль, па-першае, вельмі важная выснова: не ўсе мары збываюцца, нават у Ракфелера. І адсюль жа — па-другое: хай прыкладна гэтак жа (як у Ракфелера) не збудуцца мары вашы.
Нам жа засталося падвесці вынікі. У прыватнасці, нагадаць, што на мінулым конкурсным здымку была маладзіца, якая з каляскай тэпала побач з ротай салдат… Ды аб'явіць, што найлепшыя радкі пра яе, пра іх (на думку вялікага чытацкага журы) напісалі спадары Кусянкова з Рагачоўшчыны, Чыгрынава з Вілейшчыны, Грышчанка з Дзяржынска, Гаўрыш з Чавусаў, Нефідовіч з Лунінечыны, сужэнцы Астроўскія з Мінска, Гарачоў з Іўеўшчыны.
Вось з гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае — рэдакцыйнае: пяць дарэформенных балаў за радкі:
Вельмі многія з жанчын
Марылі аб цудзе:
Муж — салдат,
Дык, можа, сын
Генералам будзе?
Толькі, як здавён бывала,
Мары не збываюцца,
Бо ў пана генерала
Свае дзеці маюцца.
А ў дадатак да гэтай адзнакі — заўсёдны прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на трэці квартал.
Хочаце, каб газета прыходзіла і да вас? Тады выпісвайце альбо ўважліва глядзіце на новы конкурсны здымак, прыдумляйце подпісы (можна некалькі, але не больш, чым па восем радкоў) і дасылайце ў рэдакцыю. Вам пашанцуе!
Валянціна Доўнар.
Фота Анатоля Клешчука.
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.