Вы тут

Сырніца


Сырны фэст у Слаўгарадзе, даўнейшым Прапойску, на сёння ўжо і не адзіны сырны фэст у Беларусі – лішняя нагода паразважаць пра страчаныя традыцыі нашага сыраробства. Вось, напрыклад, самі назвы нашых сырных фэстаў: чаму яны такія недасціпныя, нятрапныя, павярхоўныя, неўкаранёныя ў нашай моўнай і культурнай традыцыі? Была б мая воля, я б назваў сырная свята, напрыклад, “Сырніца”. Кароткае слова, але ёмістае, шматзначнае. У прыватнасці, гэта назва традыцыйнага прадукту, некалі вельмі распаўсюджанага ў беларускіх сялянаў.

18

Дзень пры дні ў драўляную бочку накладалі чарговую порцыю мяккага тварагу, толькі адліваючы сыроватку і моцна солячы кожны новы пласт, ды крыху ўтрамбоўваючы. Паступова бочка запаўнялася, сыр з цягам часу цвярдзеў, але не скісаў і яго звычайна ўжывалі як дадатак да хлеба пад час жніва. Такі сыр, самы прымітыўны нават у параўнанні з прэсаваным клінковым, адпаведна і быў некалі самым танным і даступным з нашых сыроў. Калі яго залівалі для лепшага захоўвання таплёным маслам, ён называўся „сырніца” ці „масленіца” — елі гэтую страву звычайна разагрэтай.

Таксама “Сырніца” была альтэрнатыўнай назвай Масленіца, Масленкі – апошняга тыдня перад Вялікім Постам. Але асабліва цікавае значэнне слова, звязанае са шляхецкім побытам і кніжнай культурай, на Беларусі забылася амаль зусім. Так у шляхецкіх фальварках называліся спецыяльныя пабудовы для прасушвання і захоўвання свойскіх сыроў. Невялічкія кубічныя “дамкі” на 4-х слупах, няшчыльна абшытыя дошкамі, якія дазвалялі свабодна цыркуляваць паветру і надавалі выдатныя магчымасці для прасушвання сыру (а часта і іншых гаспадарчых запасаў, асабліва зёлак).

… Старая сырнiца, ў зруб складзеная рэдкi

З брусоў скрыжованых, падобная да клеткi.

У ёй свяцiлi копы сыраў яснай беллю,

А навакол на ветры сохлi звязкi зелля:

Валошак, чабару, рамонку i шалфею —

Лячэбныя Вайшчанкi на зiму трафеi.

Уверсе меў будынак сажнi тры з паловай,

А ўнiзе на калодзе ўспёрты быў дубовай,

Як буслава гняздо. Той слуп ужо крышыўся,

Падгнiў ад старасцi i значна нахiлiўся,

 

Аддаючы даніну павагі гэтаму сціпламу сімвалу страчанай вясковай цывілізацыі, Адам Міцкевіч апеў старую сырніцу як “сакрэтную зброю” патрыётаў у 9-й кнізе “Пана Тадэвуша”:

Вось Возны з Войскiм к сырнiцы падходзяць ззаду,

А кожны захапiў, як пiку, жэрдку з саду…

Прыйшоўшы, тычкi ўпёрлi ў слупа верх пахiлы

I пхнуць будынак знiзу, колькi маюць сiлы…

Слуп трэснуў, крышыцца... Вось сырнiца ў палёце,

Вось б’е цяжарам дрэва i сыроў па роце

I ранiць, забiвае войска й камандзiраў.

Так злеглi ў кучу: дрэва, трупы, груды сыраў.

Аблiты мозгам i крывёй, трохкутнiк рвецца,

I ўжо Крапiла ў iм гудзiць, i Брытва ўецца,

Сцябае Розга, падбягае шляхта звонку,

Жакеi гоняць еграў, б’юць наперагонкi.

Дарэчы, сырніцу, якая выкарыстоўвалася ў здымках фільма “Пан Тадэвуш”, можна і сёньня ўбачыць у адным з польскіх музэяў пад голым небам. Але мяне здзіўляе, чаму гэтых традыцыйных калісьці для Беларусі сырніцаў няма нідзе ў нашых этнаграфічных музэях — у Дудутках, Строчыцах, нават у Міцкевічавым Завоссі. І чаму старое годнае слова – Сырніца – знікла зусім, не ўжываецца нават як сімвалічны знак, ну хаця б у назвах сырных фэстаў…

Кухмістр Верашчака

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Якую небяспеку тоіць тэфлон?

Шматмільярдны бізнес ні перад чым не спыняецца, у тым ліку не шкадуе здароўя людзей. 

Спорт

Самая галоўная ўзнагарода ў жыцці Яўгена Залатога

Самая галоўная ўзнагарода ў жыцці Яўгена Залатога

«Нават калі б не было медаля, з Парыжа я б ехаў самым шчаслівым».

Кіно

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Яўген Арэндарэвіч: «Не ўсё ў кіно вызначаецца грашыма і эканамічнай выгадай»

Хто і як павінен вызначаць дух беларускага кіно?