Каб крочыць па жыцці да новых здзяйсненняў, трэба мець стымулы. У першага ў краіне пераможцы конкурсу мужчынскай прыгажосці «Містар Беларусь» Кірыла Дыцэвіча такіх стымулаў шмат.
Уласную перамогу Кірыл не ўспрымае быццам нешта неверагоднае, а расцэньвае як чарговую прыступку ў сваім жыцці. На конкурсе ён быў пад нумарам 1 і ў выніку стаў першым:
— Гэта было супадзеннем. У нас было тры фіналісты, і кожны варты перамогі. Я нават не памятаю, як мяне віншавалі — настолькі быў шакіраваны. Калі называлі мой нумар перад фіналам, то была думка: «Вось і хопіць, для цябе конкурс скончаны». А аказалася — перамог, што, безумоўна, парадавала.
Успамінаючы, як наспела рашэнне далучыцца да праекта, хлопец прызнаецца: «Да конкурсу з самага пачатку ставіўся скептычна: разуменне, што гэта конкурс прыгажосці і яго ўдзельнікі — мужчыны, крыху бянтэжыла. Але, як аказалася, я памыляўся, бо там на кожнага канкурсанта глядзелі перш за ўсё як на асобу. Прыгажосць — толькі адно звяно, значэнне мелі і пачуццё гумару, харызма, уменне падтрымліваць стасункі з іншымі людзьмі, наяўнасць мэты ў жыцці».
Калі з'явілася аб'ява пра кастынг на конкурс «Містар Беларусь», маме Кірыла патэлефанавала яго цётка і параіла пляменніку паспрабаваць сябе, тым больш што ён студэнт тэатральнай ВНУ. Пасля размовы з бацькамі Кірыл вярнуўся ў Мінск і пайшоў на заняткі. А там... Мастацкі кіраўнік курса таксама кажа: маўляў, варта пайсці на конкурс. Тады наш герой з таварышам падаўся на кастынг. На наступны дзень яму патэлефанавалі — прайшоў!
— Мае выкладчыкі ў акадэміі, бывала, казалі: «Калі выбіраеш прафесію артыста, яе трэба любіць. Калі акцёр выходзіць на сцэну, то павінен атрымліваць ад гэтага задавальненне». У фінале конкурсу я на сабе адчуў тое, пра што яны нам расказвалі. Быў неверагодны прыліў энергіі...
Як акцёр, ён спасціг навуку «працы на камеру», бо ў яго прафесіі важна, як знайсці выйгрышны ракурс, позу. Плюс зносіны з новымі людзьмі. Дарэчы, калі ў расповедах пра спаборніцтвы такога кшталту сярод дзяўчат можна пачуць гісторыі пра наўмыснае псаванне сукенак і падсыпанне шкла ў абутак, то хлопцы паводзілі сябе па-мужчынску.
— Я сябраваў на конкурсе з усімі. Канкурэнцыя адчувалася, але ніхто нікому не чыніў перашкод — наадварот, ставіліся адзін да аднаго з павагай. Наведвалі кампаніяй клубы, святкавалі. У пэўнай меры мы зблізіліся за гэты час. Потым тыя, хто не трапіў у фінал, засмуціліся. У некаторых выпадках гэта паўплывала і на нашы адносіны. Не ведаю, як бы я паводзіў сябе на іх месцы, але думаю, што пастараўся б успрыняць сітуацыю цвяроза: усякі конкурс заўсёды адных робіць пераможцамі, а іншых пакідае ў пройгрышы. Не варта здавацца, лепш прааналізаваць сітуацыю, зрабіць высновы і рухацца далей, — разважае Кірыл.
Перамога змяніла стаўленне да хлопца не толькі сярод канкурсантаў, але і з боку некаторых прыяцеляў. Цяпер усё больш з'яўляецца людзей, якія тэлефануюць і цікавяцца яго поспехамі, хаця раней успаміналі рэдка. А некаторыя жартуюць: маўляў, «слухай, містар», не строй тут з сябе, а то магу і па твары заехаць». Іронію Кірыл вітае, аднак не падзяляе пазіцыі, быццам прыгажосць для мужчыны такая ўжо і важная.
— Трэба ўмець усё рабіць. Я, напрыклад, магу прыгатаваць боршч, мяса, салянку (ад бацькоў пераняў добры вопыт). У кватэры здольны зрабіць рамонт: ці то раствор замясіць, ці плітку пакласці.
Цікавая і павучальная гісторыя, як хлопец зарабіў свае першыя грошы. Ён прыйшоў на працу да бацькі, і той даў яму задачу не з лёгкіх: ачысціць калідор ад пліткі на сценах. Цэлы дзень з перапынкам на абед Кірыл выконваў заданне, і бацька да яго ні разу не падышоў. Хаця да іншых хлопцаў ставіўся больш паблажліва. Крыўдна было, але ўрок наш герой засвоіў: каб нешта мець, трэба працаваць. Дарэчы, заробак пятнаццацігадовы юнак патраціў на падарункі бацькам, а сабе купіў штаны, бо якраз збіраліся з сябрамі паехаць на канцэрт у Брэст.
Бацька з маці ўсе рашэнні па жыцці сыну дазвалялі прымаць самастойна. І прыход у Акадэмію мастацтваў быў яго выбарам. Некалькі гадоў таму Кірыл быў студэнтам БДУІР, вывучаў мікраэлектроніку. Потым трапіў у асяродак студэнтаў, якія займаліся мастацкай самадзейнасцю, спяваў, танцаваў, здымаў відэа. Здарылася так, што аднойчы ў іх універсітэцкую актавую залу завітаў Уладзімір Мішчанчук (заслужаны артыст БССР, акцёр, дэкан акцёрскага факультэта Акадэміі мастацтваў. — Аўт.), які шукаў памяшканне для пастаноўкі дыпломнага спектакля, і заўважыў нашага героя.
— Акцёрства — мара для кожнага з нас. Бо глядзіш фільмы і думаеш, як класна было б у іх зняцца. Аднак я ніколі не думаў аб акцёрстве як аб прафесіі. Пасля таго, як Уладзімір Мішчанчук сказаў, што мне варта паступаць у тэатральны, я апынуўся перад выбарам: давучыцца і атрымаць дыплом альбо ўсё кінуць. Па жыцці варта нечым ахвяраваць і рызыкаваць, таму я і вырашыў: паспрабую…
Як прызнаўся Кірыл, перастроіцца было складана. Затое сёння ён упэўнены, што знайшоў справу свайго жыцця і менавіта ў ёй збіраецца пакараць вяршыні. Наконт перспектыўнасці акцёрства разважае проста: «Тут як атрымаецца. Трэба ведаць сабе цану, мець унутраны стрыжань і шмат працаваць».
Паспрабавалі разам змадэліраваць сітуацыю: якім быў бы сцэнарый жыцця хлопца, калі б давялося вярнуцца дадому і застацца ў Бярозе. Кірыл мяркуе, што арганізаваў бы штосьці звязанае з аўтамабілямі альбо з адзеннем. Яму заўсёды падабаліся добрыя рэчы. Па яго меркаванні, мужчына павінен быць апрануты стыльна і прыгожа. А вось жаданне паганяць на вялікай хуткасці за рулём яму не ўласцівае…
Пакуль жа галоўнай мэтай нашага героя з'яўляецца спасціжэнне сакрэтаў прафесіі. За два тыдні ўдзелу ў конкурсе «Містар Беларусь» назапасіліся вучэбныя запазычанасці ды і сесія пачалася. Аднак Кірыла гэта не пужае, бо варта сесці, распланаваць справы і ўсё атрымаецца.
Нядаўна ён зняўся ў серыяле «Старэйшая дачка», дзе іграе героя-каханка. А ў рэальнасці часу на раманы яму не хапае.
— Асабістае жыццё патрабуе вольнага часу, бо і патэлефанаваць трэба, і сустрэцца, прыдумаць нешта рамантычнае. Трэба было думаць пра гэта крыху раней. Тым больш што з узростам бачыш, як дзяўчаты цікавяцца табой, ацэньваючы твае перспектывы. Хочацца, каб мяне проста любілі… Сёння расклад у жыцці такі, што трэба выбіраць. Пакуль вучоба для мяне на першым месцы.
Складана будаваць прагнозы адносна будучыні «Містара Беларусі», аднак Кірыл запэўнівае, што ведае, у чым сапраўднае шчасце:
— Для мяне найбольшае шчасце ў тым, што я маю сям'ю. Пакуль ёсць мае родныя, іх трэба любіць і паважаць, рабіць для іх усё магчымае. Напрыклад, калі я наведваю стрыечнага брата, бачу, які ён шчаслівы ад таго, што ў яго ёсць жонка і падрастаюць дзве дачкі. Упэўнены, што грошы і іншыя прывілеі такога адчування не дадуць.
Алена ДРАПКО.
Фота Надзеі Бужан і з асабістага архіва
героя.
У цэнтры аказваюць паслугі па рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў усіх груп.
Пачынаць інвеставаць можна хоць з рубля, хоць з двух: так вы хоць бы зразумееце, як усё гэта працуе.