Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, затрыманы асноўныя фігуранты, канфіскавана яшчэ 15 кілаграмаў «парашкоў» на мільёны долараў.
Супрацоўнікам упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама ўдалося выйсці на асноўных фігурантаў, якія арганізавалі глыбока заканспіраваную сетку па гандлі «спайсаў» у беларускай сталіцы. Па выніках маштабнай для краіны міліцэйскай спецаперацыі затрымана пяцёра мінчан ва ўзросце ад 24 да 33 гадоў.
Нагадаем, што ўсё пачалося некалькі месяцаў таму, калі быў затрыманы 37-гадовы менеджар адной з фермерскіх гаспадарак Мінскай вобласці, які, на думку аператыўнікаў, з'яўляўся адным з ключавых пастаўшчыкоў у беларускую сталіцу псіхатропных рэчываў. У «сховішчы», якое размяшчалася пад мостам на развязцы праспектаў Дзяржынскага і Жукава, было выяўлена каля 13 кілаграмаў парашку, з якога, па папярэдніх падліках, магло быць выраблена каля 2 тон курыльных «міксаў» і каля 2 мільёнаў так званых «марак».
Праца праваахоўнікаў працягвалася. Як растлумачыў начальнік УНіСГЛ ГУУС Канстанцін Ляшкевіч, у аператыўнікаў была інфармацыя аб тым, што напярэдадні і падчас правядзення ў Мінску чэмпіянату свету па хакеі плануецца пастаўка ў горад з Расійскай Федэрацыі буйной партыі парашкоў для вытворчасці курыльных сумесяў і сумна вядомых «марак». Рэалізоўваць смяротны тавар дылеры планавалі праз інтэрнэт, выкарыстоўваючы пры гэтым «тайніковы метад» і дробных распаўсюджвальнікаў.
Гэтай інфармацыяй заняліся неадкладна. У выніку на працягу некалькіх дзён было затрымана пяць мінчан, з іх двое — асноўныя арганізатары наркабізнесу (у інтэрнэце пазіцыявалі сябе пад нікамі «Віця» і «Жора»). Апошніх падазраюць не толькі ў «камерцыйных» сувязях з даволі вядомым «фермерам», але і ў стварэнні на тэрыторыі Мінска шырокай сеткі па распаўсюджванні «спайсу» і яго вытворных («маркі», «хуткасць» і г.д.).
Пры аглядзе боксаў у гаражных кааператывах у пасёлку Лясны (Мінскі раён) і па вуліцы Алёшына ў Мінску, якія арандавалі затрыманыя, аператыўнікамі было канфіскавана 14 кілаграмаў «парашку» і 2 кілаграмы гатовых курыльных «міксаў». Як адзначаюць спецыялісты, калі б групоўка змагла ператварыць усю партыю — а гэта больш за 15 кілаграмаў адных толькі «парашкоў» — у гатовы «тавар», то агульная колькасць разавых доз перавысіла б паўтара мільёна штук! Кошт жа канфіскаванага ў цэнах «чорнага» рынку склаў больш за пяць з паловай мільёнаў долараў.
І гэта не кажучы пра дзясяткі, сотні і нават тысячы маладых жыццяў, якія маглі б забраць гэтыя «маркі». На жаль, прыклады таму ўжо ёсць, і яны не адзінкавыя...
Што змяняецца для аматараў сродкаў персанальнай мабільнасці?
Пенсіі працоўным — без абмежаванняў, дадатковая падтрымка — сем’ям.
Традыцыя Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі.