Першага чэрвеня ў флігелі ў Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе, што ў беларускай сталіцы, адкрыецца выстава пад назвай «Куфэрак: стагоддзе прыгажосці», якая арганізавана музеем гісторыі горада Мінска сумесна са студыяй рэканструкцыі гістарычнага танца «Версаль».
У экспазіцыі прадстаўлены рэканструкцыі паўсядзённых, прагулачных, бальных і вячэрніх строяў, якія маглі насіць жыхары гарадоў тэрыторыі сучаснай Беларусі на працягу ўсяго XІX стагоддзя — ад ампіру да мадэрну. Гэта касцюмы, якія шыліся для баляў і танцавальных вечароў, для паўсядзённага шпацыру, для тэматычных пікнікоў і выступленняў.
Эскізы выконваліся на падставе арыгінальных мадэляў адзення XІX стагоддзя: крыніцамі інфармацыі служылі творы мастацтва і модныя часопісы той эпохі. Мадэлі вырабляліся пераважана з натуральных тканін, з улікам крою тых часоў.
Калі прыгледзецца і даць волю ўяўленню, то можна заўважыць, што кожны ўбор мае сваю жывую гісторыю: у розных строях адлюстраваны характар іх уладальнікаў і мадэльераў. Гледзячы на ўсю гэту прыгажосць, можна і самому перанесціся ў эпоху баляў і рамантычных адносін, бо над усімі вобразамі працавалі людзі, сапраўды захопленыя культурай XІX стагоддзя і гісторыяй касцюма.
У чэрвені запланаваны шэраг мерапрыемстваў у межах праекта «Куфэрак». Кожную суботу гэтага месяца ў 15.00 будзе праводзіцца тэматычная праграма — лекцыі па гісторыі касцюма або побыту XІX стагоддзя, майстар-класы па танцах або творчыя вячоркі. Па серадах і суботах будуць праводзіцца экскурсіі ад арганізатараў выставы.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
На цырымоніі інаўгурацыі Прэзідэнта ў Палацы Незалежнасці прысутнічалі 1100 чалавек.
Уражанні тых, хто назіраў за ўрачыстасцю у рэгіёнах.
«Пакуль у нас такі моцны лідар, усё ў нас будзе добра!».